Поспех гарантуюць дысцыпліна і адказнасць

Сельское хозяйство

 Восень – адзін з самых адказных і напружаных перыядаў у рабоце земляробаў. Менавіта ў гэтыя вераснёўскія дні закладваюцца асновы ўраджаю збожжавых года будучага і пажынаюцца плады ўраджаю іншых сельгаскультур года бягучага. Акрамя таго, першаступеннае значэнне для забеспячэння сытнай зімоўкі грамадскага пагалоўя жывёлы таксама мае заключная фаза сезона нарыхтоўкі кармоў. Як бачым, першы месяц восені надзвычай насычаны самымі адказнымі і важнымі клопатамі для працаўнікоў сельскай гаспадаркі.



У такіх умовах поспеху на ўсіх напрамках работы можна дасягнуць толькі пры прадуманым і рацыянальным выкарыстанні ўсіх сіл і магчымасцей, якія сёння ёсць у гаспадарак раёна. А іх патэнцыял на дадзены момант немалы –  усе сельгаспрадпрыемствы забяспечаны сучаснай і магутнай тэхнікай, палівам, кваліфікаванымі механізатарскімі кадрамі, спецыялістамі сярэдняга і вышэйшага звенняў.



Таму так важна вызначыцца са штодзённымі прыярытэтамі ў размеркаванні людзей, паліва і тэхнікі, стратэгіяй і тактыкай работ у цэлым.
Асаблівае значэнне ў гэтых умовах мае разумнае выкарыстанне магчымасцей, якія нам пакуль што шчодра дарыць цёплае і сухое надвор’е. Важна не дапусціць прастояў тэхнікі ў пагодлівыя дні па прычыне паломак альбо адсутнасці механізатараў. Сёння ўсё павінна быць падпарадкавана адной мэце – якаснай падрыхтоўцы глебы, такой жа якаснай, з захаваннем усіх патрабаванняў тэхналогіі, сяўбе, уборцы без страт ураджаю сельскагаспадарчых культур. Таму і выходзіць на першы план працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, кантроль за якасцю і тэрмінамі выканання работ.



Адно з галоўных патрабаванняў дня – занятасць тэхнікі на ўсіх палявых работах на працягу ўсяго светлавога дня. На жаль, іншым разам бывае і так, што камбайны і трактары з пасяўнымі агрэгатамі ўжо ў 17, а то і ў 16 гадзін дня накіроўваюцца на мехдвор. Такога быць не павінна, як не павінен быць пушчаным на самацёк кантроль расходу паліва. Кожны механізатар павінен ведаць эканамічна абгрунтаваныя нормы запраўкі і расходвання аўтамабільнага і дызельнага паліва на кожным канкрэтным участку і напрамку работ. Гэтак жа дакладна ўсе занятыя на асенне-палявых работах павінны ведаць умовы працоўнага спаборніцтва на іх, нормы выпрацоўкі і ўмовы прэміравання.
У многім ажыццяўляць кантроль за якасцю восеньскіх палявых работ даводзіцца галоўным аграномам гаспадарак. Менавіта аграном павінен сёння стаць сапраўдным гаспадаром поля, і менавіта ён павінен вызначаць, якую тэхналогію падрыхтоўкі глебы неабходна выкарыстоўваць на кожным канкрэтным участку – традыцыйную, з ворывам і культывацыяй альбо мінімальную апрацоўку глебы дыскатарам, ён таксама павінен кантраляваць і якасць выкананых кожным механізатарам работ.



Нездарма практычна па ўсіх напрамках восеньскіх работ наперадзе ідуць сельгаспрадпрыемствы «Судкова», «Аравічы» і імя Мележа, у якіх знойдзены разумны баланс выкарыстання сіл і магчымасцей, наладжаны і падтрымліваецца неабходны стан дысцыпліны і адказнасці.



У цэлым жа па раёну па стану на 20 верасня пасеяна 3749   гектараў азімых збожжавых культур (36 % да плана), на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 22,07 цэнтнера кармавых адзінак. Убрана 2727 гектараў кукурузы, з іх 2233 – на сілас, пачалася ўборка кукурузы на зерне, поўным ходам вядуцца ўборка бульбы і цукровых буракоў.



А. ВАРАБЕЙ, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *