У ВАС ПРЫГОЖА? ТАДЫ МЫ ІДЗЁМ ДА ВАС!

Добраўпарадкаванне

Адрас руплівай гаспадыні, майстрыхі на ўсе рукі Зінаіды Мікалаеўны Дрожжа падказала яе сяброўка Ніна Рыгораўна Карась. Вуліца К. Маркса, 18/24 – менавіта сюды мы спяшаліся пасля яе тэлефоннага званка, каб упісаць новае імя ў спіс стваральнікаў рукатворнай прыгажосці.



Зінаіда Мікалаеўна – сціплая жанчына, адкрытая ў зносінах, з дзяцінства неабыякавая да кветак. Любоў да раслін і наогул да прыроды, прыгажосці зямлі ёй прывілі бацькі. Яшчэ ў юнацтве кветкаводства стала яе хобі і зараз, у сталасці, з’яўляецца заняткам для душы.



Недзе 25 гадоў таму назад тут, у двары шматкватэрнага дома, на месцы, дзе сёння радуюць вока маляўнічыя расліны, была смеццязвалка. З.М. Дрожжа не магла са спакойнай душой глядзець на гэтае здзекванне над зямлёй і вырашыла любымі сіламі навесці парадак. Яе ініцыятыву падтрымаў муж Уладзімір Кандрацьевіч, разам пачалі


добраўпарадкаванне. Дзякуючы іх намаганням, з’явіліся стройныя дрэўцы, шыкоўны кветкавы дыван, дэкаратыўныя расліны – капуста і фасоля. Вішня, алыча, маліна, агрэст, абрыкосы, сліва, а таксама кветкі некалькіх сартоў – чарнабрыўцы, астры, настурцыі, геаргіны, хрызантэмы, гваздзікі, цыніі, партулакі – усіх «насельнікаў» цуда-астраўка нават не пералічыць. Створаны райскі куточак уражвае, вабіць, зачароўвае. Тут адчуваеш сябе быццам па-за межамі гарадскога жыцця, на ўлонні прыроды, дзе лёгка дыхаецца.
Яшчэ адзін адрас прыгажосці – вул. Чырвонаармейская, 22/2 райцэнтра. Прылягаючая тэрыторыя да дома сям’і Чэкан – Дзмітрыя Рыгоравіча, вадзіцеля ДЭУ-155, і Галіны Іванаўны, сакратара Хойніцкага суда, таксама можа служыць прыкладам узорнага добраўпарадкавання (на здымку ўнізе). Позірк прахожых вабяць размаляваныя веснічкі і вароты, аформленыя з густам клумбы. Гэтая прыдамавая тэрыторыя – пацвярджэнне таму, што не заўсёды патрэбны нейкія незвычайныя дызайнерскія рашэнні, дастаткова стварыць каля свайго жылля акуратнасць і чысціню.




Наталля ЧЭКАН.
 
 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *