Павярнуцца тварам да роднай зямлі

Добраўпарадкаванне

Чарговая сустрэча з насельніцтвам пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, з удзелам прадстаўнікоў служб, якія ажыццяўляюць жыццезабеспячэнне насельніцтва, адбылася ў вёсцы Дворышча.



Галіна Віктараўна расказала аб сацыяльна-эканамічным развіцці Хойнікшчыны, напомніла, што ў раёне, вобласці і рэспубліцы ў лістападзе сёлета праводзіцца месячнік па навядзенню парадку на зямлі, яго мерапрыемствы датычаць усіх населеных пунктаў. У нашым раёне ў рамках месячніка праведзены ўжо тры суботнікі. Мэта іх адна – увайсці ў зіму горад і вёскі раёна павінны чыстымі, каб будучай вясной праз снег не прабівалася смецце і мінулагодняя лістота. Аднак хвалюе інертнасць вяскоўцаў, што добра відаць  і ў Дворышчы: на добраўпарадкаванні тэрыторый населенага пункта, вясковых могілак, дарог тут працавалі прадстаўнікі арганізацый горада. У той жа час у госці да сваіх бацькоў прыязджалі дзеці з іншых гарадоў Беларусі, людзі, па ўсім бачна, не бедныя, аб чым сведчаць шыкоўныя аўтамашыны, ды толькі ніхто не праявіў ініцыятыву паўдзельнічаць у агульнай справе па добраўпарадкаванню, у прывядзенні ў парадак бацькоўскіх падворкаў.



– Дзяды і бацькі вучылі нас зусім іншым адносінам да зямлі-карміцелькі, – заўважыла Г.В. Бондар, – надышоў час тварам павярнуцца да яе.
Вёска Дворышча адраджаецца, гэта відаць, як гаворыцца, няўзброеным вокам. Аднак работы прадстаіць выканаць яшчэ шмат. І асноўная задача – прыцягненне зямлі ў севазварот. Дзеля гэтага зносяцца прыватныя пустуючыя дамы. Калі ж ёсць каму з родзічаў, то патрэбна ўстанавіць агароджу, навесці парадак на двары, не дапускаць зарастання.



– Дом павінен быць з вокнамі, а зямля каля яго прызначаецца пад сельгаскультуры, – зазначыла Галіна Віктараўна і дадала, звяртаючыся да жыхароў, – кожнаму жадаючаму можа быць  выдзелена  зямля – вырошчвайце сельгаскультуры, працуйце на свой дабрабыт, да таго ж,  чым багацейшае сельскае насельніцтва, тым багацей усе мы.
З пытанняў, якія паступілі да ўдзельнікаў сустрэчы – дэпутатаў, прадстаўнікоў служб жыццезабеспячэння – вынікае, што вяскоўцы ахвотна трымаюць асабістую падсобную гаспадарку. Яны прасілі вызначыць межы выпасу прыватнага статка, пажадалі, каб на гэтых участках праводзілася перазалужэнне, не ўсе вяскоўцы забяспечаны сенам для кармлення  ўласнай жывёлы. Старшыня КСУП «Судкова» М.І. Садчанка  запэўніў, што ёсць магчымасць выдзялення сена ў гатовым выглядзе на платнай аснове.



Выказвалі вяскоўцы прэтэнзіі наконт арганізацыі водазабеспячэння і асвятлення вуліц у начны час, незадавальненне медабслугоўваннем у цэнтральнай раённай бальніцы – было б мэтазгодна вызначыць пэўны час для праходжання людзьмі аглядаў на прадмет выдачы даведак на права ваджэння аўтамабіля. Жыхары, якія маюць непаўналетніх дзяцей, уздымалі пытанне іх занятасці па-за школай, прапанавалі арганізаваць пры мясцовым клубе, дзе, дарэчы, сустрэча праходзіла, гурткі па інтарэсах. Усе абазначаныя пытанні ўзяты на кантроль, вяскоўцы могуць спадзявацца на іх паспяховае вырашэнне.



Ад усёй душы дзякавалі дварышчанцы вадзіцелю аўталаўкі Ігару Ільічу Дрожжа, які культурна і ветліва абслугоўвае іх, своечасова выконвае ўсе заяўкі жыхароў.
На заканчэнне сустрэчы добры настрой падарылі самадзейныя артысты народнага ансамбля «Песні над Палессем» на чале са сваім кіраўніком В.М. Церашковым.


 


Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *