Калі прафесія супадае з захапленнем

Людзі і лёсы Экономика

Колькі сябе памятае Роза Мікалаеўна Шкут (на здымку), столькі і падабалася ёй шыццё. Гэтае сваё дзіцячае захапленне не толькі захавалася, але і ў далейшым стала яе прафесійным прызваннем.
Нарадзілася жанчына ў далёкай Ферганскай вобласці Рэспублікі Узбекістан. Там скончыла дзесяцігодку, а набываць веды і навыкі прафесіі швачкі накіравалася ў Санкт-Пецярбург. Там дзяўчыне пашчасціла не толькі атрымаць любімую прафесію, але і сустрэць свой будучы лёс. У тыя ж самыя дні і месяцы, у тым жа самым горадзе вучыўся ў Паўночнай сталіцы Расіі ўраджэнец нашай вёскі Малішаў Мікалай Шкут. Маладыя людзі выпадкова пазнаёміліся, і паміж імі ўзніклі ўзаемныя, чыстыя і светлыя пачуцці. Вяселле згулялі ў 1987 годзе. Муж Мікалай Уладзіміравіч нарадзіўся ў вялікай шматдзетнай сям’і, у якой акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей.
Працаваць Роза Мікалаеўна пайшла на фабрыку мастацкіх вырабаў і ў мінулым годзе ўжо адзначыла свой «срэбны» юбілей (25 год) работы на гэтым прадпрыемстве. За гэты час жанчына стала майстрам сваёй справы. Як расказала сама Роза Мікалаеўна, ёй вельмі падабаецца работа: і тое, што даводзіцца рабіць, і ўвесь калектыў, і адносіны ў ім.
Былі на фабрыцы і складаныя часы, калі не хапала заказаў, падалі заробкі. Але верылі ў будучае, і сёння аб гэтым можна толькі ўспамінаць. Напрыклад, зараз фабрыка працуе над выпускам зімовага спецабмундзіравання для работнікаў лясгасаў. Шыюць камплекты адзення рознага крою, курткі, вятроўкі, мехавыя і паўшарсцяныя шапкі, таксама выпускаюць пасцельную бялізну з бязі і льну, прыхваткі для кухні. Растуць і паляпшаюцца эканамічныя паказчыкі прадпрыемства, шырыцца геаграфія яго прамысловых партнёраў.
Але не толькі «хлебам адзіным» жывы чалавек. Па-за вытворчасцю, дома Розу Мікалаеўну чакае сям’я. Хаця і разам усе збіраюцца нячаста – дзве ўжо дарослыя дачкі жывуць у Гомелі. Старэйшая Кацярына ўжо замужам, радуюць бабулю і дзядулю двое ўнукаў: Стас гэтай восенню рыхтуецца пайсці ў школу, а двухгадовая Віка ва ўсю шчабеча на сваёй дзіцячай мове.
Малодшая дачка Аляксандра зараз завочна вучыцца ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў у Мінску. Яна парадавала сям’ю нямалай колькасцю спартыўных перамог на татамі. Вось і зараз займаецца дзюдо ў Гомелі ў нашага праслаўленага земляка С.П. Кухарэнкі.
І ўвесь вольны час Роза Мікалаеўна па-ранейшаму аддае свайму захапленню шыццём. Часта бывае ў бібліятэцы, у спецыяльных часопісах знаходзіць новыя і арыгінальныя мадэлі адзення для сябе і сваіх блізкіх, унукаў. Садзейнічае гэтаму і «ўсёведаючы» Інтэрнет, які жанчына паспяхова асвоіла.
А яшчэ любіць Роза Мікалаеўна займацца кулінарыяй. Асабліва прыгожымі, арыгінальнымі і смачнымі атрымліваюцца ў яе тарты – на радасць усёй сям’і, асабліва яе малодшым прадстаўнікам. Вось і муж Мікалай Уладзіміравіч на яе мінулагодні юбілей падарыў жонцы кухонны ўніверсальны камбайн. Так што гатаваць зараз ёй стала куды прасцей і цікавей.
Адным словам, цікавым, плённым і насычаным жыццём жыве сёння Роза Мікалаеўна Шкут – сапраўдная жанчына-маці, бабуля, сапраўдны Майстар сваёй справы.

Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *