Людзі – наша галоўнае багацце


У пачатку гэтага года 25-гадовы юбілей адзначыць рэспубліканская ветэранская арганізацыя, якая ў БССР была створана 27 сакавіка 1987 года.


Першым старшынёй Усесаюзнай арганізацыі ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў стаў ураджэнец Гомельшчыны, Герой Сацыялістычнай Працы, былы першы старшыня ЦК КПБ Кірыл Трафімавіч Мазураў. А заснавальная канферэнцыя абласной ветэранскай арганізацыі адбылася 14 сакавіка таго ж года і ўзначаліў абласны савет ветэранаў таксама чалавек заслужаны і аўтарытэтны – Герой Савецкага Саюза Рыгор Кірылавіч Дзенісенка.


У нашым раёне пачынальнікамі ветэранскага руху сталі Павел Іванавіч Царанок, Віктар Фёдаравіч Рэзчык, Аляксандр Максімавіч Зелянкоўскі і Міхаіл Савельевіч Скрыпчанка. Сёння раённы савет ветэранскай арганізацыі ўзначальвае Віктар Сцяпанавіч Васькевіч.


Як і ў маладыя гады, ветэраны вайны і працы Хойнікшчыны вызначаюцца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, на іх рахунку нямала добрых спраў па патрыятычнаму выхаванню моладзі, захаванню гістарычнай памяці нашага народа, яго слаўных баявых і працоўных традыцый.


Гэтым матэрыялам мы адкрываем цыкл публікацый, прысвечаных надыходзячаму юбілею. У іх мы раскажам аб актывістах ветэранскага руху, людзях, якія многае зрабілі для яго развіцця і папулярызацыі, іх сённяшніх справах і клопатах.



Міхаіл Іванавіч Блішч доўгі час узначальваў працоўны калектыў Хойніцкага леспрамгаса. Пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства стала адным з лепшых у вобласці, і ўжо ў той час ён ніколі не забываў аб ветэранах вытворчасці, людзях, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Пагэтаму адносіны кіраўніцтва леспрамгаса да сваіх пенсіянераў заўсёды былі прыкладам для іншых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. А калі і сам М.І. Блішч па ўзросту выйшаў на пенсію, ветэранская пярвічка леспрамгаса аднадушна абрала яго сваім старшынёй. Акрамя таго, Міхаіл Іванавіч з’яўляецца і намеснікам старшыні раённай ветэранскай арганізацыі, так што работы ў гэтага чалавека хапае заўсёды – і ў будні, і ў святы. Шчырыя, душэўныя і трапяткія адносіны да людзей працы ён пранёс праз усё жыццё. Вось і пры апошняй нашай размове аб будучым юбілеі ветэранскага руху Міхаіл Іванавіч прапанаваў напісаць не пра сябе, а пра тых, хто ствараў і прымнажаў працоўную славу Хойніцкага леспрамгаса.


Напрыклад – Ганна Сямёнаўна Сацура, якая на гэтым прадпрыемстве адпрацавала больш за 45 гадоў. У далёкім 1963 годзе маладой дзяўчынай прыйшла яна ў леспрамгас, і з таго самага дня не было ў яе працоўнай кніжцы запісаў аб рабоце на іншых прадпрыемствах, так да самога выхаду на пенсію і працавала здабытчыцай смалы-жывіцы. А потым яшчэ і рабочай на прамысловай базе леспрамгаса па просьбе кіраўніцтва была да 2008 года – амаль усё жыццё гэтай жанчыны звязана са стаўшым родным прадпрыемствам. А яшчэ дакладней, з лесам, які Ганна Сямёнаўна любіць, шануе і паважае як неад’емную і, напэўна, галоўную частку нашай роднай прыроды


Не злічыць, колькі кіламетраў адмерала яна пехатой па лясных масівах, збіраючы па кропельках тыя самыя сасновыя слёзы. Работа гэтая вельмі працаёмістая, але пры плане ў 5 тон, за сезон нарыхтоўвала Ганна Сямёнаўна па 25, а то і 30 тон – нават цяжка візуальна ўявіць сабе такую колькасць духмянай і такой каштоўнай сыравіны.


Разам з М.І. Блішчом пабывалі мы і ў Мікалая Фёдаравіча Кохана – яшчэ аднаго ветэрана лесаперапрацоўчай сферы. За сваю бездакорную і самаадданую працу быў узнагароджаны ветэран двума ордэнамі Працоўнай Славы (другой і трэцяй ступеняў), медалём «За працоўную адзнаку», у 1980 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, атрымаў званне «Ганаровы майстар лесу».


Мікалай Фёдаравіч працаваў машыністам пагрузчыка, а гэта – адна з галоўных, ключавых фігур у лесанарыхтоўцы. У тыя гады аб’ёмы былі непараўнальнымі з сённяшнімі: калі зараз прадпрыемства за месяц нарыхтоўвае па 1,5-2 тысячы кубаметраў драўніны, то ў дааварыйныя, дачарнобыльскія гады месячныя аб’ёмы лесанарыхтовак даходзілі да 10 тысяч кубоў. Людзі працавалі на дзялянках у літаральным сэнсе ад цямна і да цямна.


М.Ф. Кохан заўсёды вызначаўся не толькі высокай працавітасцю, але і дасканалым веданнем тэхнікі, самымі беражлівымі адносінамі да яе. Таму яго пагрузчык практычна не прастойваў па прычыне паломак і аварый з-за няўмелага карыстання. Што ж, па працы, як кажуць, і гонар быў! І сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост гэтыя людзі служаць прыкладам у многім.


Напрыклад, вельмі ўразіла незвычайная чысціня на падворках гэтых людзей – нават самы ўедлівы і прыдзірлівы армейскі прапаршчык не змог бы знайсці ні запалкі, ні паперкі на дварах, што ў Г.С. Сацура, што ў М.Ф. Кохана – вучыцеся, моладзь! Вынікі нашай паездкі коратка, але дакладна падвёў Міхаіл Іванавіч Блішч: – Я заўсёды лічыў раней, і лічу зараз, што галоўнае багацце нашай краіны – яе людзі: добрыя, сціплыя, працавітыя. З такім народам мы любыя нягоды здолеем перамагчы, таму і веру я непахісна ў светлае будучае роднай Беларусі.


Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *