У святле жыцця палеская зямля чарнобылем-травой не зарасце…


Традыцыйна ў Хойніках 26 красавіка праходзіць ускладанне кветак да помніка Смутку выселеным вёскам. Гэта ў радыенуклідаў існуе перыяд распаду, а ў памяці людской яго няма, бо неўміручая памяць.

У дзень 23-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, выступаючы перад жыхарамі раёна, у жыцці-быцці якіх прапісаўся небяспечны “экалагічны фактар”, старшыня райвыканкома А.В. Бічан падкрэсліў, што нягледзячы на горкі смак мінулага Хойнікшчына захавала не толькі свой адміністрацыйны, але і гаспадарчы статус. Цяпер яна пераходзіць ад рэабілітацыі забруджаных земляў да іх узнаўлення.

Як ніколі сёлета прыгожы ў чысціні сваёй наш горад. У маладзенькай ажурнай зеляніне лістоты іграюць промні цёплага веснавога сонейка. Яны высвечваюць прыгожыя спакойныя твары яго жыхароў. У шчасці ім надалей жыць, дзяцей здаровымі расціць пажадаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Г.В. Дашкевіч.

Балючымі былі ўспаміны ўрача-тэрапеўта Хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы Ф.А. Астапюка, якому давялося займацца эвакуацыяй людзей з небяспечнай зоны ў першыя дні пасля аварыі. Выклікалі слёзы ў прысутных на мітынгу такія ж балючыя вершаваныя радкі, якія чыталі вучні СШ № 3 г. Хойнікі пра сляды чорнага чарнобыльскага ветру – атручаныя ў лясах вочы суніц, дзікіх звяроў, што смялей дамашніх, выселеныя хаты, што разбітымі вокнамі слёзна глядзяць…

Падзяляе наш боль дэлегацыя з Італіі – краіны, якая адной з першых працягнула руку дапамогі беларусам у бядзе. Разам з хайнічанамі ў мінуце маўчання схілілі госці  галовы ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай катастрофы і ўсклалі вянкі і кветкі да помніка Смутку.

Напярэдадні, 25 красавіка, прайшла таксама традыцыйная маладзёжная акцыя “Памяць”, арганізатарамі якой выступілі аддзел па справах моладзі райвыканкома і РК БРСМ. Моладзь ад будынка “Меліяратара” з запаленымі свечкамі прайшла да помніка Смутку. У гэтым годзе больш чым 100 чалавек прынялі ўдзел у акцыі, сярод іх былі і госці з Італіі і Расіі.

Каля помніка Смутку, прыгожую падсветку якога і гукавое афармленне ўдала забяспечылі работнікі аддзела культуры райвыканкома,  адбыўся мітынг. Выступаючыя выказалі спадзяванні на тое, што ў будучым трагедыя, падобная чарнобыльскай, не паўторыцца ніколі. Музычны нумар падрыхтавалі настаўніца СШ № 3 г. Хойнікі А. Сарнаўская са сваімі вучаніцамі.

Па склаўшайся традыцыі ўдзельнікі акцыі пакінулі свечкі каля помніка, каб сваім святлом яны абуджалі ў сэрцах людзей памяць аб трагедыі, якая  змяніла жыццё палескага краю.


Ірына ВАСІЛЬЕВА і Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *