Райкам прафсаюза работнікаў адукацыі перамог у абласным конкурсе

Прафсаюзнае жыццё

 

На пасяджэнні прэзідыума Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначана Хойніцкая раённая арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Дыплом І ступені ў абласным конкурсе за лепшую работу райкамаў прафсаюза па стварэнню ўмоў для творчай працы, умацаванню здароўя і адпачынку работнікаў галіны па выніках 2017 года ўручаны старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі Т.М. Сямёнавай.
Як адзначыла Таццяна Мікалаеўна, гэта ўзнагарода – вынік плённай работы ўсіх членау галіновага прафсаюза, актыўных і неабыякавых да сваёй работы, свайго жыцця. Агульнымі намаганнямі за мінулы год яны дабіліся добрых паказчыкаў, па якіх і праводзілася ацэнка работы прафсаюзных камітэтаў у галіне адукацыі.
Дарэчы, абласны конкурс праводзіцца штогод. Да гэтага нашаму райкаму прафсаюза работнікаў адукацыі ўдавалася заняць трэцяе месца ў 2014 годзе.
Пры падвядзенні вынікаў работы раённых камітэтаў ацэньваліся колькасць і якасць праводзімых мерапрыемстваў па прапагандзе здаровага ладу жыцця і культурна-масавая работа. Турыстычныя злёты, спартакіяды, агляды мастацкай самадзейнасці «Новыя імёны», іншыя культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, што праходзяць у раёне, – аддзел адукацыі паспяхова ўдзельнічае ва ўсіх, часта становіцца пераможцам.
Так, напрыклад, у мінулым годзе каманда аддзела адукацыі заняла першае месца ў раённым турзлёце, была першай у намінацыі «Конкурс песні» на абласным турзлёце. Ужо ў бягучым годзе сталі лепшымі ў раённым лёгкаатлетычным кросе. Райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і адміністрацыі ўстаноў адукацыі заахвочваюць пераможцаў і актыўных удзельнікаў спаборніцтваў.
На вынік абласнога конкурсу таксама паўплывала і граматнае вырашэнне пытанняў матэрыяльнага стымулявання працы і меры сацыяльнай абароны работнікаў адукацыі.
«У прафсаюзным камітэце работнікаў адукацыі састаіць 1195 чалавек, 76 з іх – гэта непрацуючыя ветэраны педагагічнай працы, – паведаміла Т.М. Сямёнава. – З усімі працуючымі членамі прафкама заключаны кантракты, усе – і педагагічны, і тэхнічны персанал – атрымліваюць дадатковы дзень да працоўнага водпуску. Работнікам, якія выязджаюць на аздараўленне за кошт уласных сродкаў, выдзяляецца матэрыяльная дапамога ў памеры да 3 базавых велічынь.
Кантракты заключаюцца па жаданню работніка на год, два, тры, пяць. Большасць кантрактаў заключана на тры гады. Ільготы і гарантыі, якія належаць работнікам, усе забяспечваюцца».
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі лічыць, што работнікі працуюць з большай аддачай, калі бачаць, што наймальнік лічыцца з іх інтарэсамі. Таму ў мінулым годзе праводзілася актыўная работа па аднаўленню зместу пагаднення паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Хойніцкай раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, калектыўных дагавароў.
Падцвярджэннем старанняў у працы прафсаюзнага работніка і актывіста з’яўляюцца ўзнагароды. У 2016-2017 навучальным годзе работнікам адукацыі ўручана 146 узнагарод рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню, 37 з іх – ад прафсаюза.
Вялікая ўвага надаецца турыстычна-экскурсійнай дзейнасці. У мінулым годзе члены прафкама наведалі Кіеў, Чарнігаў, Мір, Нясвіж. Ва ўзаемадзеянні з «Беларустурыстам» наведалі Жыткавічы, Тураў, Столін. У планах на год бягучы – паездка ў Жыровічы і Чарнігаў, які так спадабаўся ў мінулую паездку.
Вельмі радуе, што моладзь, якая штогод папаўняе рады нашых педагогаў, таксама актыўна ўліваецца ў прафсаюзнае жыццё, удзельнічае ў мерапрыемствах і становіцца ініцыятарам іх правядзення.
«Сярод задач на гэты год, – адзначыла Таццяна Мікалаеўна, – не здаваць атрыманых пазіцый. Работа будзе працягвацца, абавязкова прымем удзел у рэспубліканскіх прафсаюзных акцыях «Мы разам» і «Прафсаюзы – дзецям», будзем імкнуцца атрымаць прызавое месца ў «Новых імёнах».

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *