Ёсць зладжаная работа – няма праблем


Няма ў людзей ранейшага недаверу, няўпэўненасці ў зацікаўленасці дэпутацкага корпусу пры вырашэнні іх праблемных пытанняў. Гэта адразу адчувалася па настрою зараней сабраўшыхся жыхароў у Карчоўскай сельскай бібліятэцы-клубе на сустрэчу з выязной інфармацыйна-прапагандысцкай групай раённага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар. Сельскае насельніцтва ўжо не на словах, а на ўласным вопыце ведала, чаму да іх едуць, што аб усім можна будзе пагаварыць, спытаць. Прычым не проста пагаварыць, а чакаць канкрэтнай дапамогі, разумення.



Перш-наперш за ўсё добрае людзі дзякавалі. Ад чыстага сэрца нахвальвалі яны работу, праяўляемы клопат аб іх  загадчыцы мясцовага магазіна райпо А.А. Калыхан, участковага міліцыянера С.П. Талюка і медработніка Ю.М. Сілаковай.



А раз асноўныя службы па забеспячэнню жыццядзейнасці працуюць зладжана, то і праблем вялікіх няма на тэрыторыі такіх населеных пунктаў. Гэта і канстатавала  старшыня райсавета Г.В. Бондар.
Галіна Віктараўна расказала, з якімі паказчыкамі год мінулы закончыў раён, якія задачы на сёлетні пастаўлены, пра ўмовы крэдытавання пры будаўніцтве жылля, важнасць эканоміі рэсурсаў.



Дарэчы, вымушаны насуперак свайму жаданню эканоміць ваду жыхары пасёлка Акцябр, бо калонкі не працуюць. А выйсце камунальная служба адно бачыць – вясной падводзіць ваду ў дамы, пасля чаго выставіць кошт яго жыхарам. Каб удзешавіць работы, людзі самі могуць выкапаць траншэю для пракладвання труб ад вулічнага водаправоду, самі могуць і закупіць трубы. Такое рашэнне выклікала згоду і падтрымку ў людзей.



Паведамлялася, што калонкі ў Карчовым перамярзаюць. Г.В. Бондар адзначыла, што іх работа залежыць ад колькасці разбору вады. Жыхарам трэба вызначыць, дзе часцей будуць браць ваду, і ўцяпліць тыя калонкі. Словам, быць гаспадарамі не толькі ў сваіх дамах, але і за парогам.
Як высветлілася, больш месяца не завозілі ў мясцовы магазін сала. Гэтая заяўка вырашана была райпо на наступны ж дзень.



Большая частка размовы будавалася вакол тэмы найкаштоўнейшага багацця – зямлі-карміцелькі нашай. Як трэба берагчы яе, даглядаць і апрацоўваць, гаварыла Г.В. Бондар. Карэнныя жыхары цалкам падтрымалі яе. Дарэчы, пенсіянерка Ю.А. Чарнецкая ўспомніла, як некалі за баразну судзіліся, да міліметра вымяралі. «А цяпер што? Даюць – не бяруць. Во дажыліся!» – бедавала яна. Пажылыя папрасілі прыняць меры да тых маладых суседзяў, якія нічога не вырошчваюць на сваіх падворках, даводзяць іх да запусцення, кветкі ні адной не вырасцяць. Але пры гэтым на землях сельгаспрадпрыемства не адмаўляюцца бульбу пасадзіць. Канешне, там без іх і пасадзяць і ўбяруць, толькі ўраджай аддадуць. Г.В. Бондар адзначыла, што з сёлетняга года такога беспарадку ў палях севазвороту нашага раёна не будзе.  А за бур’ян гаспадарам прыватных агародаў землеўпарадкавальная служба будзе выпісваць штраф да 10 базавых велічынь.
Праспявалі для сабраўшыхся ўдзельнікі народнага ансамбля «Песні над Палессем» пад кіраўніцтвам В.М. Церашкова.


 


 Ірына ВАСІЛЬЕВА.         



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *