На асабісты і агульны дабрабыт


23 лютага Хойнікшчыну наведаў міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Уладзіміравіч Азярэц.


 


Візіт праходзіў у рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва. Спачатку міністр і суправаджаючыя яго асобы наведалі торфабрыкетны завод «Хойніцкі», а потым адбылася сустрэча з працоўным калектывам прадпрыемства.



Адкрываючы яе, генеральны дырэктар РВУП «Гомельаблгаз» А.І. Фейгін падзякаваў торфаздабытчыкам за працу, адзначыў, што ўпершыню летась за час з 2006 года калектыў выйшаў на рэнтабельную працу. І хаця паказчык пакуль не зусім высокі, аднак гэта многае значыць. Зараз ні ў якім разе нельга дапусціць падзенне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі. Патрэбна працягваць рэканструкцыю, гэта датычыць кацельні, вобразна кажучы, сэрца завода, і сушыльнага аддзялення. Падняць планку па экспарту прадукцыі.
Генеральны дырэктар ДВА па паліву і газіфікацыі «Белпалівагаз» Л.І. Рудзінскі адзначыў стабільную работу калектыва завода, падкрэсліў, што па выніках мінулага года  прадпрыемствамі  галіны выканана Рэспуб­­­ліканская праграма «Торф» – гэта добрая надзея на будучыя працоўныя вынікі.



Мэты і задачы, агучаныя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе, з’яўляюцца стратэгічнымі для ўсіх працаўнікоў энергетычнай  галіны, зазначыў міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь А.У. Азярэц. У 2011 годзе выкананы ўсе 8 даведзеных прагнозных паказчыкаў. Што датычыць канкрэтна хойніцкага торфабрыкетнага завода, то радуе, што ёсць прарыў. Аднак сярэднямесячная заработная плата  работнікаў – 1 мільён 356 рублёў – невысокая. Гэта мала, каб выйсці на дакрызісны ўзровень. Рэканструкцыя, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці – генеральная лінія развіцця прадпрыемства. Патрэбна разнастаіць спектр аказваемых паслуг – вырашэнне гэтага залежыць не толькі ад кіраўніка, але і ад эканамічнай службы – усё трэба правільна пралічыць, працаваць напружана. Варта прадугледзець рост заработнай платы рабочых шляхам павышэння працэнтаў па кантракту тым, хто працуе добрасумленна.



А.У. Азярэц азнаёміў прысутных са станам спраў у вялікай энергетыцы краіны, адзначыў, што атамная станцыя, якая ўзводзіцца ў Беларусі, бяспечная ва ўсіх адносінах, дае штуршок для пераходу энергетычнай галіны на новыя тэхналогіі.



Старшыня райвыканкама А.І. Ціток зрабіў акцэнт на тое, што торфабрыкетны завод «Хойніцкі» – прадпрыемства, якое  фарміруе даходную частку  раённага бюджэту, уносіць уклад у рэальны сектар эканомікі. Канешне, сённяшняя зарплата на прадпрыемстве – гэта не ўзровень. Але ж зарплата так проста не выдаецца, вырашэнне праблемы ў нашых руках – як папрацуем, так і заробім. Жыццё кожнай сям’і працаўнікоў завода патрабуе іх работы. Заданні трэба выконваць і перавыконваць, калі патрабуецца, папрацаваць у выхадны або ўвесь светлавы дзень – гэта  на  асабісты і агульны дабрабыт.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *