Увязаць ідэалогію з вытворчасцю


26 чэрвеня адбылася чарговая 22-я сесія раённага Савета дэпутатаў. Удзел у ёй прыняў і выступіў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.С. Аверын.



Асноўнае пытанне парадку дня – «Аб стане і мерах па ўдасканальванню ідэалагічнай работы ў Хойніцкім раёне». Даклад намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай, якая агучыла мноства форм і метадаў ідэалагічнай работы ва ўсіх суб’ектах гаспадарання раёна, сенатар В.С. Аверын ахарактарызаваў як цікавы і насычаны.
Вітаюцца, напрыклад, такія грашовыя стымулы, як на заводзе ЖБВ, дзе работнікі, чые дзеці вучацца ў школе на 8-9 балаў,  атрымліваюць выплату ў памеры 3 базавых велічынь. Ёсць арганізацыі ў раёне, дзе ў Калектыўныя дагаворы ўнесены пункт аб выплаце пэўнай сумы тым работнікам, якія на працягу года не ходзяць на бальнічны. У сельгаспрадпрыемствах раёна прымяняецца як стымул добрай работы натураплата, у ААТ «Хойнікірамбуд» і іншых арганізацыях аказваюць сваім работнікам бясплатныя транспартныя паслугі.



Віктар Сяргеевіч завастрыў увагу на цякучасці маладых кадраў з вёсак – праблеме ўсіх тэрыторый, забруджаных радыенуклідамі. Яе нельга выпускаць з-пад увагі. Пры гэтым пад кантролем важна трымаць умовы жыцця і быту, працы, сацпакет для моладзі, каб не пакідала яна пасля тэрміну адпрацоўкі сельскія населеныя пункты, а замацоўвалася там на пастаянна, стварала сем’і.



Старшыня райвыканкама А.І. Ціток параіў увязаць у адно цэлае ідэалогію з вытворчасцю. Людзям важна растлумачваць, як падняць ім самім дабрабыт праз вытворчасць. Гэта аснова і задача ідэалагічнай вертыкалі. Больш выпусцім прадукцыі, акажам паслуг (работ) – больш атрымаем выручкі, а значыць – больш будзе зарплата. Для дасягнення пастаўленай мэты павінна быць наладжана цеснае ўзаемадзеянне старшынь прафкамаў з ідэолагамі. Надуманая ідэалагічная работа нікому не патрэбна, важна толькі жывая работа з людзьмі, якую можна пацвердзіць. Але на раённы конкурс на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы з 70 толькі 12 прадпрыемстваў, арганізацый прадаставілі матэрыялы. Вывад зразумелы.



Над вывучэннем асноўнага пытання працавала рабочая група дэпутатаў райсавета дэпутатаў у колькасці 15 чалавек, наведана было 40 працоўных калектываў.  Падводзячы вынікі, яе старшыня дэпутат па Паселіцкай выбарчай акрузе Г.В. Окунева адзначыла, што паўсюдна ёсць адказныя за ідэалагічную работу. Часцей гэта людзі, якія даручаныя абавязкі сумяшчаюць з абавязкамі на асноўнай пасадзе. Даплата за гэта ім не паўсюдна вызначана.



У час размовы з людзьмі высветлілася, што не ва ўсіх калектывах валодаюць сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй на сваім прадпрыемстве, у арганізацыі. Не паўсюдна афармляюцца пратаколы правядзення працоўных сходаў, не абнаўляецца інфармацыя на стэндах, Дошках гонару, не ўсе ведаюць змест Калектыўнага дагавору.  У КСУП «Аравічы» працуе каля 40 маладых работнікаў, а маладзёжная арганізацыя не створана. У прыклад па вядзенню ідэалагічнай работы пастаўлены ПДРЭЗ, ДЭУ-45, завод гідраапаратуры, лясгас. Добрыя ўмовы працы і быту створаны для работнікаў у РЭС, на дрэваапрацоўчым камбінаце, чыгуначнай станцыі «Хойнікі» і інш.   



Каб ліквідаваць дапушчаныя прабелы ў рабоце, у рашэнні райсавета дэпутатаў прапісана:
— кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна да 1 верасня прадугледзець меры матэрыяльнага стымулявання работнікаў, на якіх ускладзены абавязкі па арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўным калектыве;
— аддзелу ідэалагічнай работы райвыканкама да 1 верасня прывесці кадры ідэалагічнай вертыкалі раёна ў адпаведнасць з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20.02.2004 №11 «Аб удасканальванні кадравага забеспячэння ідэалагічнай работы ў Рэспубліцы Беларусь»; сумесна з райсельгасхарчам правесці работу па фарміраванню рэзерва кадраў на пасады намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце; да 1 верасня ў  штатны расклад гаспадарак з колькасцю 150 і больш чалавек уключыць пасады намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, запоўніць існуючыя вакансіі.



З паведамленнем аб рабоце ў сваёй выбарчай акрузе выступіў дэпутат райсавета па Маладзёжнай выбарчай акрузе № 14 Ю.Г. Васілевіч.
Таксама на сесіі прыняты рашэнні па прадастаўленню ў арэнду фермерскай гаспадарцы «Рыбгас «Дворышча» тэрмінам на 5 гадоў воднага аб’екта плошчай 6,9 га, які размешчаны паблізу вёскі Дворышча; «Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю»; «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку спісання маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці Хойніцкага раёна»; «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку продажу заселеных жылых памяшканняў сельскагаспадарчых арганізацый, якія знаходзяцца ва ўласнасці Хойніцкага раёна, пражываючым у іх грамадзянам»; аб забіранні з арэнды  КДУП «Хойніцкае ПМС» вадасховішча «Велікаборскае» плошчай 270 га, выдзеленага ў мэтах вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства шляхам прамысловага рыбаводства і арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства; аб бязвыплатнай перадачы маёмасці ў камунальную ўласнасць Гомельскай вобласці ўнутрыгаспадарчых меліярацыйных сістэм, якія знаходзяцца ў гаспадарчым вядзенні сельгаспрадпрыемстваў раёна; «Аб прызнанні страціўшым сілу рашэння Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў ад 29 чэрвеня 2010 года № 16», згодна з якім рашэнні раённага Савета дэпутатаў, зарэгістраваныя ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь, не будуць у далейшым абавязкова публікавацца ў раённай газеце.
Апошнім было прынята рашэнне «Аб прызнанні паўнамоцтваў дэпутатаў Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў».



                                         Ірына ЛУКАШЭНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *