Шчодрыя «Дары ад «Зары»

Гандаль і абслугоўванне Экономика

З 9 гадзін раніцы і да 21 гадзіны вечара працуе магазін «Дары ад «Зары». У мікрараёне «Юбілейны» нашага горада гэта адна з ажыўленых і буйных гандлёвых кропак. Багаты, разнастайны, а самае галоўнае – заўсёды свежы асартымент мясных і малочных вырабаў, яблык – гэта тое, што заўсёды вабіць яго пакупнікоў.

– Штодня да нас прыходзіць машына з калгаса-камбіната «Зара», – гаворыць в.а. загадчыка магазіна, прадавец Аксана Генадзьеўна Маслюкова. – Кожны дзень мы рэалізуем больш за 100 кілаграмаў свініны, больш 50 кг курынага мяса і раздзеланай кураціны. Выдатна ідуць у нас найсмачнейшыя яблыкі з Міханавіцкага сада КСУП «Саўгас-камбінат «Зара», іх мы таксама кожны дзень прадаем па 70 кілаграмаў і болей.

Нэлі Сяргееўна Сакун і Аксана Генадзьеўна Маслюкова

У магазіне сёння працуюць 10 чалавек. Працуюць дружна, зладжана, па ўсяму адчуваецца добразычлівая таварыская атмасфера ў калектыве. Дзяўчаты сваю работу любяць, ды і як не любіць, калі яны з’яўляюцца паўнапраўнымі членамі вялікай сям’і саўгаса-камбіната «Зара» і на іх таксама распаўсюджваюцца і матэрыяльныя выгоды, і харчовы паёк.

Валянціна Леанідаўна Ульянава і Інга Васільеўна Жаўняк

Набылі папулярнасць і часта праводзяцца ў магазіне рознага роду сезонныя або іншыя акцыі па зніжэнню цэн на тую альбо іншую групу тавараў. У сярэднім пад час такіх акцый цэны падаюць на 10-30 %.
Пастаянна абнаўляецца асартымент, а навінкі заўсёды карыстаюцца попытам. Апошнія такія новаўвядзенні, якія імгненна заваявалі ўстойлівы попыт, – гэта «рулька па-дамашняму» (замарынаваны свіны кумпяк), а таксама ўжо гатовы халадзец.
– Абавязкова адзначце наша малачко, тлустасцю ад 3,5 да 4 працэнтаў, – уступае ў размову прадавец Нэлі Сяргееуна Сакун, – самыя свежыя яйкі, свіныя субпрадукты… Ды і ўсё, што мы прадаём, на паліцах не затрымліваецца.
На заканчэнне – яшчэ адна лічба. Калі за верасень мінулага года таварааборот магазіна склаў 173191,61 руб., то ў верасні 2018 г. ён вырас да 203467,95 рублёў. Адчувальная прыбаўка, ці не праўда?

Віктар НАЗАРАНКА. Фото Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *