Спартыўныя падарункі святам

Спорт

На спартакіядзе Рэспублікі Беларусь па барацьбе дзюдо сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ алімпійскага рэзерву, якая прайшла ў бабруйскім спорткомплексе “Спартак”, сярэбраным прызёрам гэтых спаборніцтваў стаў хайнічанін Артур Фяськоў з СШ № 3. У камандным жа заліку, які вёўся сярод 44 удзельнічаўшых у турніры калектываў СДЮШАР, нашы землякі ўвайшлі ў першую дзесятку.

Затое не было ім роўных у юнацкім першынстве вобласці па барацьбе самба, паядынкі якога прайшлі ў гомельскім Цэнтры алімпійскага рэзерву 5-6 мая і ў якім выхаванцы хойніцкіх трэнераў Алега Лук’яненкі і Уладзіміра Бордака ўпэўнена занялі першае агульнакаманднае месца. Найбольш важкі ўклад у калектыўную перамогу ўнеслі пераможцы па сваіх вагавых катэгорыях Андрэй Арцюх (дзяржаўная гімназія г. Хойнікі) і Андрэй Леснікаў (СШ № 1). Абодва яны ўвайшлі ў склад зборнай каманды Гомельскай вобласці, якая прыме ўдзел у Рэспубліканскай спартакіядзе вучнёўскай моладзі.

Дыпломы за другое месца заваявалі Аляксандр Заеў, Багдан Анісенка (абодва з гімназіі) і Дзмітрый Мядзведзеў (СШ № 1), трэці вынік паказалі Артур Фяськоў (СШ № 3) і Аляксандр Графа (гімназія).

Паспяхова выступіла наша каманда і ў адкрытым першынстве Лоеўскага раёна па барацьбе дзюдо, у якім акрамя гаспадароў татамі і хайнічан прынялі ўдзел юныя спартсмены з Рэчыцы, Мазыра і Новай Гуты (Гомельскі раён). У актыве хайнічан 4 першыя месцы, 6 – другіх і 5 – трэціх. Адзначым, што чыста “хойніцкім” атрымаўся фінал у вагавой катэгорыі да 30 кілаграмаў у хлопчыкаў 1999 г. нараджэння, у якім Аляксандр Астрэйка з СШ № 3 перамог свайго цёзку Аляксандра Мастабая (гімназія). Таксама пераможцамі турніру па сваіх вагавых катэгорыях сталі Павел Шырчанка (гімназія), Васілій Сінгаеў (СШ № 3) і Анастасія Грачыхіна (СШ № 1).

Пахвалы заслугоўвае і выступленне Дашы Грыгаровіч. Нягледзячы на тое, што яе саперніцы былі на 2-3 гады старэй, вучаніца СШ № 3 заняла высокае трэцяе месца  ў вагавой катэгорыі да 36 кілаграмаў. Дарэчы, другое месца ў гэтай катэгорыі заняла яшчэ адна хайнічанка – Ксенія Будзько (СШ № 1).


Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *