Першамай адзначылі ў спартыўных баталіях


1 Мая – адно са знакавых свят вясны. Жыхары раёна пад кіраўніцтвам прафсаюзных арганізацый адзначылі яго не толькі ўдалай працай, але і масавымі мерапрыемствамі. У 12.00 на цэнтральным стадыёне г. Хойнікі сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў. На ўрачыстым адкрыцці выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна. Яна адзначыла, што Першае Мая – гэта сімвал павагі і гордасці  чалавека працы, светлых надзей. Яна падзякавала ўсім, хто садзейнічае развіццю і росквіту роднай Беларусі, пажадала ўсім шчасця, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Са святам Першамая павіншавала прысутных старшыня райкома прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Ж.М. Чарняўская.

А затым на бегавых дарожках стадыёна, валейбольнай пляцоўцы, на шахматна-шашачных дошках пачаліся спаборніцтвы каманд працоўных калектываў. У вясеннім лёгкаатлетычным кросе ў праграме раённай круглагадовай спартакіяды прынялі ўдзел 17 арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

У мужчынскіх забегах усіх узроставых катэгорый лепшымі сталі прадстаўнікі ПУП “Палескія сыры”: ад 18 да 29 год – Цімафей Гарбар, у катэгорыі ад 30 – 39 год – Аляксандр Садчанка, ад 40 год і старэй – Уладзімір Сяргеенка. Сярод жанчын ва ўзросце  ад 18 да 29 год перамагла Марыя Карэльская з ПМК, ад 30 да 39 год – Любоў Пархоменка з ЦРБ, у катэгорыі ад 40 год і старэй – Аксана Кальцова (ЦРБ).

Лепшыя спартсмены атрымалі прызы ад рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия”, а Любоў Пархоменка, якая пераадолела дыстанцыю ў 1000 метраў за  4 мінуты 21 секунду, была заахвочана прызам ад раённай газеты – падпіскай на “ЛС” на трэці квартал.

Сярод валейбалістаў не было роўных камандзе ТДА “Пірам Сервіс”, на другім месцы – прадстаўнікі першай гарадской сярэдняй школы, на трэцім – ДПТВ-183.

У спаборніцтвах па армрэстлінгу перамог Сяргей Шыдлоўскі з ПДРЭЗ, самым моцным шахматыстам паказаў сябе пенсіянер Міхаіл Машэўскі, шашыстам – Васілій Рэдзькін з ДПТВ-183.

На танцавальнай пляцоўцы ў дзіцячай эстафеце спаборнічалі самыя маленькія.

У час масавага гуляння працаваў выязны гандаль, вясёлымі песнямі радавалі слухачоў самадзейныя артысты і мастацкі кіраўнік ГЦКіС Л.У. Краўчанка.


Уладзімір СЯМЕНАЎ,
Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *