Помніць сэрца, не забудзе ніколі…

2018 - Год малой радзімы 75 - под мирным небом

Галоўнай падзеяй святочных мерапрыемстваў стаў урачысты мітынг памяці, які сабраў прадстаўнікоў раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, школьнікаў і ветэранаў каля Брацкай магілы.

Са словамі павагі і падзякі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і жыхароў раёна звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар.

– Мы аддаём даніну памяці ўсім, хто выратаваў нашу Радзіму ад фашызму і падарыў нам будучыню, – адзначыла Галіна Віктараўна. – 24 лістапада 1943 года навечна ўпісана ў гераічныя старонкі гісторыі Хойнікшчыны. Мы схіляем галовы перад памяццю тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду Айчыны. Іх прыклад прыдае нам сілы ў ажыццяўленні прафесійных поспехаў, новых ідэй і пачынанняў на карысць людзей і роднай Беларусі.

Ва ўнісон прагучалі і словы намесніка начальніка Гомельскай пагранічнай групы С.Я. Свянцецкага, які выказаў словы ўдзячнасці тым, хто вызваляў раён ад фашысцкай навалы, дзень за днём набліжаючы перамогу. Ад імя маладога пакалення выступіла вучаніца СШ № 1 Крысціна Дыдышка.

«Бессмяротны полк»… З партрэтаў глядзелі на тых, хто сабраўся каля помніка, салдаты, абаронцы Радзімы, нашы дзяды і прадзеды, якія заўчасна пайшлі з жыцця, абараняючы сваіх дзяцей, свае сем’і, сваю зямлю, сваю краіну…

У знак павагі да ўсіх тых беларусаў, якія не вярнуліся з вайны, на шэрыя пліты мемарыяла кладуцца кветкі і вянкі, гучыць метраном, што адлічвае хвіліну маўчання. Яго гук рэхам разносіцца ў наваколлі і аддаецца ў сэрцы кожнага хайнічаніна.

Святкаванне прадоўжылася ў Цэнтры культуры г. Хойнікі. Паказальныя выступленні кінолагаў са службовымі сабакамі, нагляднае дэманстраванне баявой зброі, фотасесіі, выстаўкі і канцэрт ваеннага аркестра Гомельскай пагранічнай групы – усе гэтыя незабыўныя, цікавыя падзеі чакалі гасцей па завяршэнні мітынгу. Дарэчы, пра канцэрт. Салісты аркестру парадавалі, падарылі пазітыўныя эмоцыі і добры настрой хайнічанам. Разнапланавыя выступленні ўключалі ў сябе вядомыя мелодыі з кінафільмаў, творы беларускіх аўтараў, варыяцыі на тэму народных песень, класіку і сучасныя хіты. Адным словам – «запалілі».

За пасляваенныя дзесяцігоддзі адбыліся значныя змены ў жыцці беларускага народа. Выраслі новыя пакаленні. Мінулае адыходзіць у гісторыю, вастрыня падзей сціраецца ў часе, ідзе пераацэнка каштоўнасцяў. Але подзвіг беларускага народа, усіх савецкіх грамадзян у барацьбе за незалежнасць нашай Радзімы не будзе забыты ніколі.

Дзякуй за мір!

Традыцыйна напярэдадні Дня вызвалення Хойнікшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый наведалі з віншаваннямі і падарункамі ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Так, дырэктар ТЦСАН Г.М. Скачко і прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане завіталі з падарункамі да В.С. Мамаева, госці з РК БРСМ – да А.З. Латфуліна, а прадстаўнікі РА РГА «Белая Русь» сардэчна павіншавалі І.І. Шкурко і В.С. Гардзеенка.

Выстаўка

У краязнаўчым музеі прайшла аднадзённая выстаўка зброі з фондаў Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Хайнічане змаглі пазнаёміцца з тонкасцямі баявой зброі розных перыядаў і гераічнымі асобамі Гомельскай вобласці, убачыць майстар-клас па зборцы і разборцы зброі, сфатаграфавацца з музейнымі экспанатамі.

У гонар юбілея вялікай  гістарычнай падзеі

У гімназіі г. Хойнікі ў рамках святочных мерапрыемстваў «З вызваленнем, Хойнiкшчына!» прайшоў раённы фестываль навукова-даследчых работ навучэнцаў «Спазнай сваю малую радзіму».

Удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых у баях з фашызмам. У ходзе фестывалю рабяты прэзентавалі свае праекты, якія закранулі самыя разнастайныя сферы жыцця – ад экалогіі да гастранамічных традыцый нашага краю. Да аднаго выступлення вучаніцы гімназіі Дар’і Пінчук дапамагала рыхтавацца і выступаць матуля – Валянціна. За гэта жанчына была асобна адзначана з боку журы. Усе даследчыя работы былі настолькі карыснымі і цікавымі, што журы ўзяла дадатковы час для падвядзення вынікаў.

Падарунак гораду ад моладзі

На адкрытай пляцоўцы каля Цэнтра культуры г. Хойнікі прайшоў маладзёжны флэшмоб «75 мірных гадоў». Вучні сярэдняй школы № 3 ад імя ўсёй моладзі раёна зрабілі падарунак роднаму гораду і выстраіліся ў форме вялікіх лічбаў 75. У руках ва ўдзельнікаў флэшмобу былі аркушы белай паперы, якія яны сінхронна паднялі ўверх. Гэта дазволіла стварыць аб’ёмны малюнак. У такой крэатыўнай форме моладзь аддзячыла ветэранаў за мірнае і свабоднае жыццё.

Няхай пакаленні памятаюць!

На базе Судкоўскай сярэдняй школы прайшло раённае метадычнае аб’яднанне намеснікаў дырэктароў па выхаваўчай рабоце і вечар-памяці «Няхай пакаленні памятаюць!». Удзел у сустрэчы прынялі сваякі загінуўшых, зніклых без вестак і тых, хто вярнуўся са страшнай вайны, лідары БРСМ, БРПА, пошукавай групы «Следапыты» і ганаровыя госці.

Сустрэча пачалася з мітынгу і ўскладання кветак да помніка воіна-вызваліцеля аг. Судкова. А.А. Чаховіч і С.А. Пабядзінскі падзяліліся ўспамінамі аб ваенным дзяцінстве, як вызваляўся раён, пра сваіх сваякоў, якія не вярнуліся з вайны. М.І. Сачанка распавёў пра гераічную спадчыну аграгарадка Храпкаў: «Дзякуючы пошукавай групе «Следапыты» сабраны матэрыялы пра 123 салдаты, якія не вярнуліся… Гэтую працу трэба працягваць. Важна сабраць разнастайны матэрыял пра кожнага салдата, каб ні адзін не застаўся безназоўным».

У імя Радзімы і доўгу

У раённым конкурсе чытальнікаў прынялі ўдзел 40 канкурсантаў. Мерапрыемства праводзілася з мэтай прапаганды мастацкімі сродкамі гераічнай гісторыі і воінскай славы Айчыны, выхавання павагі яе абаронцаў.

Конкурс праходзіў у трох узроставых катэгорыях: 1-4 класы, 5-8 класы і 9-11 класы. Гучалі вершы і ўрыўкі твораў ваеннай тэматыкі рускіх і беларускіх аўтараў, рабяты імкнуліся як мага выразней выканаць паэтычны твор і як мага дакладней перадаць усю яго сутнасць.

У першай узроставай катэгорыі (1-4 класы), перамогу святкавала Надзежда Савянок (Глінішчанская СШ), у другой катэгорыі, (5-8 класы), першае месца падзялілі Кацярына Паўлава (Стралічаўская СШ) і Аляксандра Іванюценка (Велікаборская СШ), у трэцяй групе, (9-11 класы), лепшай стала Ілона Атрошчанка (гімназія г. Хойнікі).

Матэрыялы падрыхтавалі Вольга Белаш, Вікторыя МАРОЗ, Алена Смусянок і Алеся Ячычэнка.

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *