Заўсёды будуць прыкладам для нас

Общество

Выхаванне падрастаючага пакалення – справа няпростая, карпатлівая і шматгранная.

У ім удзельнічаюць і сям’я, і школа, і грамадства, у якім расце малады чалавек альбо дзяўчына. І ўсё ж галоўная роля ў гэтым працэсе, напэўна, належыць бацькам. Менавіта яны асабістым прыкладам канчаткова фарміруюць светапогляд сваіх дзяцей, іх характар, адносіны да навакольнага свету.

Яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, паслухаўшы расказ жыхара нашага горада Юрыя Маркавіча Гапоненкі аб сям’і, у якой ён нарадзіўся і вырас. Нагодай для яго візіту ў рэдакцыю нашай газеты стала 100-годдзе з дня нараджэння маці – Эміліі Мікалаеўны. Калі б гэтая сціплая і простая жанчына была жывая і сёння, то свой векавы юбілей яна б адзначыла 20 лістапада. Сёння ж яе блізкія і родныя проста, але кранальна ўшануюць памяць аб ёй, яшчэ раз збяруцца разам, успомняць добрым словам і яе, і бацьку Марка Адамавіча, якога таксама ўжо няма сярод нас, а 100-годдзе з дня яго нараджэння дзеці, унукі і праўнукі ўшаноўвалі 2 гады таму.

Вось якім атрымаўся гэты расказ.
– Нашы бацькі нарадзіліся на Забалацці. Разам хадзілі ў польскую пачатковую школу. І маці, і бацька былі з шматдзетных сем’яў: у сям’і маці было 8 дзяцей, а ў сям’і бацькі – 10. Ад самых ранніх гадоў ім давялося зведаць усе цяжкасці сялянскага дзяцінства, а потым пачалася і іх працоўная біяграфія.
Эмілія Мікалаеўна расла без бацькі, які рана і заўчасна памёр. Прыпісаўшы сабе два гады, рана пайшла на работу, працавала на Хойніцкім шпалазаводзе. Марк Адамавіч у той час ужо быў брыгадзірам мясцовага калгаса «Першамайскі». Каханне, якое ўзнікла паміж маладымі людзьмі, завяршылася вяселлем у 1939 годзе. У той час актыўна засялялася новая вёска Будаўнік, там шчодра наразалі сялянскія надзелы, і маладая пара таксама вырашыла паставіць там свой дом. Перад самой вайной у сям’і нарадзіўся першынец – сын Эдуард. Да таго часу бацька паспеў закончыць курсы заатэхнікаў у Рудакоўскім вучылішчы механізацыі і папрацаваць на пасадзе заатэхніка.
А потым выбухнула Вялікая Айчынная вайна. Чацвярым братам маці давялося прыняць самы непасрэдны ўдзел у яе падзеях. Па-рознаму склаўся іх лёс. Старэйшы брат Бенедзікт напярэдадні вайны быў рэпрэсаваны, на фронт трапіў у складзе штрафной роты. У 1944 годзе прапаў без вестак, а пасля вайны, у 1953 годзе, ён сам і яго сям’я былі пасмяротна рэабілітаваны. Яшчэ адзін брат – Алесь – працаваў у НКУС і ў першыя дні вайны быў прызваны ў войскі НКУС, якія абаранялі Маскву. У першым жа боі загінуў.
Брат Уладзімір быў інвалідам, жыў у Мінску. Удзельнічаў у рабоце Мінскага падполля, якое падтрымлівала сувязь з партызанскім атрадам, якім камандаваў П.М. Машэраў. Пасля вызвалення Мінска ўвайшоў у склад гэтага атрада. Калі скончылася вайна, працаваў у Доме ўрада, таксама разам з Машэравым.
Пашчасціла яшчэ аднаму брату – Віктару, ён прайшоў усю вайну, скончыў яе ў Берліне ў складзе І Беларускага фронта, мае ўрадавыя ўзнагароды.

Нельга не успомніць і сястру маці – Юлію. Да вайны яна разам з мужам, былі членамі партыі, па загаду ўрада займаліся арганізацыяй калгасаў у Валожынскім раёне. У першы дзень вайны мужа прызвалі ў дзеючую армію, а Юлія засталася там, на Валожыншчыне. Была растраляна паліцаямі.

Бацьку па стану здароўя не ўзялі ў дзеючую армію, ды і на прафесію заатэхніка тады дзейнічала «браня», колькі ні прасіў – усё дарэмна. Прыйшлі немцы, адразу разагналі калгасы, зямля стала нічыйнай. У каго было насенне – сеялі проса, жыта, пшаніцу, трымалі хатнюю жыўнасць – тым і карміліся.

Напачатку акупацыі жыхарам Будаўніка, здавалася б, пашанцавала: ні немцы з дзеючай арміі (вермахту) іх не чапалі, ні іх саюзнікі – мадзяры і славакі. Туга станавілася ў час карных экспедыцый супраць партызан: карнікі літасці не ведалі. Але партызаны своечасова папярэджвалі мірных жыхароў аб прыходзе фашыстаў-карнікаў. Вось тады даводзілася па-сапраўднаму цяжка: з селішча забіралі ўсё, што ўяўляла каштоўнасць – жывёлу, адзенне, запасы прадуктаў і хаваліся ў Воўчым лесе, на Мутвіцкіх і Шарых балотах. Туды немцы, мадзяры і славакі, баючыся партызан, не суваліся. Але выжываць на балотах таксама было няпроста – даймалі холад і голад. Выручала часовае жыллё – капалі зямлянкі, будавалі шалашы. А вось кастры паліць было небяспечна – заўважыўшы дым, немцы адкрывалі мінамётны агонь па таму месцу.

Шоў час, вайна кацілася на Захад, тэрыторыя СССР паступова ачышчалася ад ворага, дайшла хваля вызвалення і да нашай Беларусі. Першым нашымі войскамі быў фарсіраваны Днепр у раёне Лоева, потым на чарзе былі гарпасёлак Камарын і наша Хойнікшчына. Але напярэдадні вызвалення партызаны зноў папярэдзілі аб небяспецы: уцякайце, мадзяры ідуць паліць Будаўнік!

Згарэў і новы дом сям’і Гапоненкаў, пастаўлены перад самой вайной. На папялішчы сям’ю, якая вярнулася з лесу, сустрэлі толькі сляпы кот і храмое жарабя, якое за некалькі дзён да гэтага сям’і пакінулі славакі, што перайшлі на бок партызан.

Пасля вызвалення Хойнік бацьку нарэшце прызвалі ў дзеючую армію. Свой першы і, як потым высветлілася, апошні бой ён, як і многія землякі-хайнічане, мабілізаваныя разам з ім, прынялі пад Калінкавічамі. Гэта быў важны стратэгічны чыгуначны вузел і фашысты ніяк не хацелі яго пакідаць. Баі былі вельмі жорсткімі, з абодвух бакоў было многа забітых і параненых. Не пашчасціла і Марку Адамавічу – ён быў цяжка паранены ў ногу, а раненне ўскладнялася і тым, што пачаўся туберкулёз косці. Цэлы год ён потым лячыўся па шпіталях і медсанбатах. А пасля таго, як рана зажыла, яго накіравалі на Каспій нарыхтоўваць рыбу для дзеючай арміі. І толькі ў кастрычніку 1945 года М.А. Гапоненка вярнуўся дадому.

Дарэчы, за той бой пад Калінкавічамі Марк Адамавіч быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». Але заблыталіся, загубіліся ўзнагародныя дакументы, і толькі ў сярэдзіне 70-х гадоў знайшла яго заслужаная ўзнагарода.

Эмілія Мікалаеўна з двума дзецьмі (у 1942 годзе ў сям’і нарадзіўся другі сын – Аляксандр) у гэты час жыла ў Хойніках, у доме сваёй маці.

Давялося бацьку самому ставіць яшчэ адзін дом у Хойніках, па вуліцы Першамайскай. Працаваў ён у той час спачатку начальнікам пажарнай, а потым і агульнай аховы аб’яднання «Заготзерно». Потым перайшоў на гандлёвую базу райспажыўсаюза, там жа нейкі час работала і наша маці. Пасля вайны ў нашай сям’і нарадзілася яшчэ шасцёра дзяцей – усяго ў нас разам са мной (я – самы малодшы) было 8 дзяцей. Кожнаму нашы бацькі забяспечылі вышэйшую і сярэднюю адукацыю, кожны стаў паўнавартасным і сумленным членам нашага грамадства. Ёсць сёння сярод нас людзі самых розных спецыяльнасцей: настаўніца матэматыкі, мадэльер-закройшчык, элек-трамантажнік, пажарныя-выратавальнікі, былі, але, на жаль ужо памёрлі нашы браты, якія працавалі майстрам па будаўніцтву дарог і інжынерам-хімікам. Наша сям’я можа ганарыцца і тым, што ў ёй ёсць два падпалкоўнікі ўнутранай службы, палкоўнік унутранай службы, таксама ўжо ёсць і ўнукі, якія даслужыліся да такіх жа высокіх званняў.

Колькі сіл, колькі здароўя і працы гэта каштавала нашаму бацьку і нашай маці! Але як бы цяжка і як бы складана не даводзілася нашым любімым бацькам, для нас яны ніколі і нічога не шкадавалі. Выдатна памятаю, як кожны новы вучэбны год кожны з нас пачынаў у новенькім касцюмчыку. Гэта было як закон.
У нашай сям’і, у першай на вуліцы, з’явіліся тэлевізар, потым – халадзільнік, газавая пліта і ўсё гэта было для нас, для дзяцей. Трымалі немалую гаспадарку: дзве каровы, казу, свіней, качак, курэй, трусоў. Прачыналіся на досвітку, а то і зацемна, працавалі да позняга вечару, але ўсе мы заўсёды былі забяспечаны ўсім неабходным. У магазін харчовых прадуктаў хадзілі хіба што за хлебам, усё астатняе – малако і малочныя прадукты, мяса і яйкі ў нас былі свае.

Дарэчы і ўвечары нашы бацькі не сядзелі ў хаце, склаўшы рукі: Марк Адамавіч сам шыў на продаж і на заказ выдатныя хромавыя боты, а Эмілія Мікалаеўна прала кудзелю, а потым на самапрадцы і ткацкім станку вырабляла рушнікі, сталовую бялізну, абрусы і посцілкі з самымі яркімі ўзорамі і маляўнічымі фарбамі. Яшчэ наша маці вельмі любіла кветкі – кожны год уздоўж дома цягнуліся алеі руж і гладыёлусаў, пастаянна радавалі вока хрызантэмы, нарцысы, півоні, вяргіні.

Трэба сказаць, што і нас, дзяцей, прывучалі працаваць на агульны дабрабыт сям’і ад самога маленства: разгружалі чыгуначныя вагоны, збівалі драўляныя скрынкі на тарным складзе гандлёвай базы, дапамагалі адпампоўваць з бензавозаў аўтамабільнае паліва, у многім дапамагалі па хатняй гаспадарцы.

Як шкада, што няма сёння з намі нашых бацькоў! Сёння яны б, напэўна, ганарыліся сваім вялікім і багатым радаводам, у якім налічваецца 8 дзяцей, 6 нявестак, 2 зяці, 18 унукаў, 28 праўнукаў і 2 прапраўнукі. А пачатак усяму гэтаму вялікаму сямейству некалі далі яны – нашы мама і тата. Людзі, якімі мы заўсёды ганарыліся і ганарымся, якія былі і будуць для нас, іх дзяцей, самым лепшым і самым добрым прыкладам. Дарэчы, так лічым не толькі мы, іх дзеці, але і пляменніца – дачка яе малодшай сястры – Галіна. Яна заўсёды лічыла нашу маму сваёй другой маці і лічыць сябе паўнавартасным членам нашай вялікай і дружнай сям’і.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *