Праца — рэцэпт даўгалецця


Як добра, што часта ўдаецца сустрэць чалавека, безжурботнага, гатовага кожны дзень штосьці рабіць, каб палепшыць сваё жыццё і жыццё блізкіх. Ад такіх сустрэч на душы становіцца надзвычай радасна.

М.К. Зелянкоўская (на здымку) жыве ў прыватным доме па вуліцы Калініна,19, райцэнтра. Печка, кошка, у кутку іконка – нічога незвычайнага. Акрамя аднаго – гаспадыня дома з’яўляецца доўгажыхаркай.

– Нарадзілася я на Каляды ў 1919 годзе, – гаворыць Марыя Канстанцінаўна. – Так што па пашпарту мне 90, па-сапраўднаму, напэўна, больш будзе.

Да майго прыходу яна паспела ўжо ўправіцца па гаспадарцы – зварыла боршч, натапіла печку, памыла ў доме падлогу. І падворак у пажылой жанчыны падобны на ўзорны батанічны сад. Асабліва гэта відаць летам, калі многія прахожыя звяртаюць увагу на  кветкі, якія радуюць вока сваёй разнастайнасцю і прыгажосцю. Але асабліва любіць Марыя Канстанцінаўна астры, гэтыя зорныя расліны даглядае з асаблівай стараннасцю, восенню падвязвае.

Прачынаецца яна з усходам сонца, спаць кладзецца, калі на вуліцы сцямнее. Гэта значыць, гаворачы навуковай мовай, жыве ў ладзе і згодзе з біялагічнымі рытмамі. Але не толькі ў гэтым сакрэт яе даўгалецця і ўражваючай (нават для маладога чалавека) працаздольнасці.

– Больш трэба рухацца, больш працаваць, – гаворыць Марыя Канстанцінаўна. – Стагнаць і хварэць мне не было калі. Дочкі Валя і Жэня часам злуюцца на маю неўтаймаванасць. Кажуць: “Мама, ты б адпачыла”. А я адказваю: “Навошта ж, дачушкі, я буду адпачываць, калі ў мяне работа ёсць. Яна заўсёды знаходзіцца”.

Цяжкія і адначасова шчаслівыя гады выпалі на долю доўгажыхаркі. Са сваім мужам, Афанасіем Гардзеевічам, ажаніліся ў 1937 годзе. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён пайшоў на фронт. Маладая жанчына з двума дзецьмі на руках перанесла ўсе жахі акупацыйнага перыяду. Стаяла нават на краю смерці: мясцовы паліцай Ярмольчык, заўважыўшы, што ў дом маці заходзілі партызаны, далажыў свайму нямецкаму начальству. Марыю схапілі фашысты і павезлі з Лісцвіна ў Хойнікі на расстрэл. Тое, што засталася жывой, і да гэтага часу здаецца ёй цудам: удалося ўцячы з пуні, калі вартаўнік, таксама з паліцэйскіх, адышоў з паста. Марыя Канстанцінаўна ўпэўнена, што зрабіў ён гэта наўмысна, не хацеў браць грэх на душу…

Пашанцавала Марыі і тады, калі жывым  вярнуўся ў 1946 годзе з вайны муж: пасля пераможных залпаў савецкай артылерыі ён яшчэ некаторы час нёс службу ў войсках Наркамата ўнутраных спраў.

Пасля вайны Афанасій Гардзеевіч працаваў старшынёй калгаса “Рассвет”, а Марыя Канстанцінаўна з’яўлялася загадчыцай жывёлагадоўчай фермы. Пабудавалі свой дом у Пудакове, дзе і жылі да катастрофы на ЧАЭС. Вёска гэтая размяшчалася на тэрыторыі былога калгаса “Бальшавік”. У гаспадарцы муж працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады, а жонка – паляводам.

– Вельмі цікавым і насычаным было тады жыццё маіх землякоў, – успамінае Марыя Канстанцінаўна. – Чаго толькі ні вырошчвалі на грамадскім палетку паляводы: памідоры, агуркі, вінаград, кавуны, розныя ягады. А якія багатыя былі сады! Кіраваў брыгадай агароднікаў вельмі здольны садавод Адам Гуц. Мы працавалі дружна і адпачывалі з настроем. А якой прыгожай была наша вёска Пудакоў! Самыя лепшыя гады маёй сям’і прайшлі тут: вырасцілі трох дзяцей, усім далі пуцёўку ў жыццё. Ды вось толькі мой сынок памёр…

Муж і жонка Зелянкоўскія, на якіх бы ўчастках сельскагаспадарчай вытворчасці  ні працавалі, заўсёды з душой выконвалі даручаную справу. Людзі з вялікай павагай адносіліся да іх. Афанасій Гардзеевіч, уладальнік баявых узнагарод, у мірны час Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”,  атрымліваў яго ў Маскве на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі. Удзельніцай ВДНГ у 1965 годзе была і Марыя Канстанцінаўна.

…Яна і цяпер у думках там, у родным Пудакове. Калі на Радаўніцу наведвае магілу мужа, абавязкова заязджае на сваё былое селішча. Нічога таго, што было раней, няма там: ні дома, ні сада. Засталася толькі цэнтральная вуліца. Але ўсё ж спадзяецца, што жыццё адродзіцца на апаленай чарнобыльскім атамам зямлі.

Зрэшты, ніякой маркоты і расчаравання ад цяперашняй рэчаіснасці М.К. Зелянкоўская не адчувае. Па яе меркаванню, кожны перыяд часу добры па-свойму. Зараз, напрыклад, можна смела займацца прадпрымальніцтвам, і ніхто за гэта не пакарае. Пажылыя людзі акружаны клопатам дзяржавы, своечасова прыносіць на дом паштальён пенсію, у магазінах тавараў на любы густ.

Сядзець на лавачцы, збіраючы плёткі, не па ёй. І ўвогуле, Марыя Канстанцінаўна не любіць гультаёў, хто займаецца хныканнем, а сам палец аб палец не ўдарыць, каб палепшыць сваё жыццё. Асабліва не пераносіць тых, хто злоўжывае гарэлкай. Гэта ж трэба, абураецца, каб столькі было сірот пры жывых бацьках, якія спакойна п’юць, а сваіх дзяцей перадалі на выхаванне дзяржавы, у самы цяжкі пасляваенны час не назіралася гэтая з’ява.

…Калі мы чытаем аб  старажылах, то абавязкова даведваемся, што ёсць у іх нейкі сакрэт доўгажыхарства. Або з маленства дыету захоўваюць, або дыхаюць горным паветрам… Галоўны ж сакрэт Марыі Канстанцінаўны, напэўна, праца. Прыкладнасць і акуратнасць у ёй яна захавала і ў свае 90 гадоў.

Гавораць, што жыццё чалавека падобнае на службовую камандзіроўку. Яна кароткая і адказная. Існаваць, спусціўшы рукавы, бавіць дні, як у водпуску, М.К. Зелянкоўская сабе не дазваляе. Яна праводзіць свой “рабочы час” у пастаяннай працы. І дай Бог, каб яе “камандзіроўка” працягвалася як мага больш!



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *