Святло, вада і ветлівыя адносіны

Власть

Кола пытанняў, якія былі абмеркаваны ў час правядзення сустрэч з працоўным калектывам РАУС і насельніцтвам у Цэнтры культуры г. Хойнікі, асабістага прыёму грамадзян старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, значнае.

Так, у час сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы райсавета дэпутатаў з супрацоўнікамі райаддзела ўнутраных спраў Г.В. Бондар азнаёміла прысутных з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна, функцыямі і паўнамоцтвамі райсавета дэпутатаў. Акцэнтавала ўвагу на рэалізацыі норм Дэкрэта «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», заклікала супрацоўнікаў РАУС, якія як ніхто іншы шчыльна ўзаемадзейнічаюць з насельніцтвам, актыўней растлумачваць грамадзянам неабходнасць працаўладкавацца, а таксама даваць інфармацыю, куды можна звярнуцца за садзейнічаннем у працаўладкаванні.

Галоўны ўрач ЦРБ А.І. Федзянько праінфармаваў аб дэмаграфічнай сітуацыі, прычынах смяротнасці, а таксама расказаў аб масштабнай рэканструкцыі, якая чакае хірургічны і тэрапеўтычны корпусы (пакуль што рыхтуецца праект).

Начальнік РАНС В.В. Сацура нагадаў аб неабходнасці самім выконваць правілы пажарнай бяспекі, не выходзіць на лёд і даводзіць гэтую інфармацыю да грамадзян.

Сярод паступіўшых пытанняў: паляпшэнне якасці вады ў н.п. Судкова. Як патлумачыў прадстаўнік камунальнай службы, некалькі дапамагае ў гэтым прамыўка водаправодных сетак. Аднак больш сэнсу ў будаўніцтве станцыі абезжалезвання (да 2025 года дзейнічае праграма «Чыстая вада», у межах якой і плануецца будаўніцтва такой станцыі ў нашым раёне).
Таксама абмеркавана ўзаемадзеянне РАУС і ЦРБ у шэрагу пытанняў.

Падчас прыёмаў да старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар звярталіся грамадзяне са скаргамі на адсутнасць асвятлення па вул. Берагавога (адпаведнай службе КЖУП «Хойніцкі камунальнік» даручана аператыўна вырашыць пытанне), на недастаткова гарачую, а тое і ўвогуле адсутнасць гарачай вады па вул. К. Маркса, 10 (камунальшчыкі пачалі ўстанаўліваць помпы, праблема будзе знята).

У Цэнтры культуры г. Хойнікі прайшла прыём-сустрэча дэпутацкага корпусу і членаў пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанню занятасці насельніцтва з жыхарамі. Усе мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні, атрымаць кансультацыю наконт работы пастаянна дзеючай камісіі, рэалізацыі норм Дэкрэта «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».

«Прыходзьце ў прыёмны дзень», – такое даволі няветлівае пажаданне пачула хайнічанка ў адным з кабінетаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, куды звярнулася, каб атрымаць даведку аб налічанай пенсіі. «Аднак жа ніякага распарадку дня, якіх-небудзь прыёмных часоў не ўказана. Ды і ўвогуле, якія могуць быць прыёмныя дні ў службе, якая ажыццяўляе сацыяльную абарону грамадзян?», – не разумее жанчына.

Таксама на сустрэчы растлумачаны алгарытм выключэння са спіскаў грамадзян працаздольнага ўзросту, якія не занятыя ў эканомікі: куды і да якога часу неабходна звяртацца, якія дакументы патрэбна прадаставіць. Дарэчы, уся гэтая інфармацыя размешчана на сайце райвыканкама (патрэбна «прайсці» па адпаведнаму банеру).

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *