Бортніцтва: забытае рамяство высокага медазбору

Год малой радзімы

Працягваем знаёміць чытачоў з набыткамі мясцовай спадчыны, узоры якой беражліва захоўваюцца і дэманструюцца ў раённым краязнаўчым музеі.

Бадай, многім з нас вядомая прафесія прамысловага альпініста – чалавека, які выконвае работу на вышыні. Гэта практыка склалася не ў эпоху небаскробаў, а сотні гадоў назад. Адным з прызначэнняў старадаўняга верхалаза было бортніцтва – медазбор у вуллях дзікіх пчол, якія майстрылі свае домікі высока на дрэвах. А потым і самі людзі сталі будаваць для пчолак нешта падобнае.

Асноўнымі прыстасаваннямі бортніка-альпініста былі так званыя «лязіва» і «кадол». Першае – канструкцыя з вяроўкі і дошчачкі, другое – кола, пракручваючы якое, бортнік падымаўся ўверх. Такія экземпляры можна на свае вочы пабачыць у зале этнаграфіі раённага краязнаўчага музея. Маюць яны мясцовае паходжанне, трапілі ў музейную калекцыю з былой вёскі Малішаў (зараз – тэрыторыя Хойнік). Гэтымі прыладамі на хойніцкай зямлі карысталіся бортнікі і ў ХХ стагоддзі. Перш-наперш, гэта вяроўка, якой бортнік раз за разам абхапляў ствол дрэва, абапіраючыся нагамі ў папярэдне зробленыя засечкі. Дабраўшыся да патрэбнай вышыні, ён сядаў на дошчачку, прывязаную да вяроўкі. Замест яе таксама выкарыстоўвалі шырокі скураны рэмень. Чалавек працягваў цягнуць вяроўку, якая пракрусвалася па коле – так хутчэй і зручней.

Цікава, што раней людзі здабывалі мёд з дзікіх вулляў, якія знаходзіліся на вышыні. Затым бортнікі пачалі і самі вырабляць такія дуплы на дрэвах і засяляць іх пчоламі. Але неўзабаве не стала хапаць і натуральных дуплоў. Таму бортнікі ў жывым дрэве выдзёўбвалі для пчол зручную борць – рукатворны вулей у пустой драўлянай калодзе. Прадугледжвалі і бяспеку сваіх падапечных ад натуральных ворагаў, у першую чаргу ад мядзведзя, уладкоўваючы для драпежніка спецыяльныя перашкоды і нават пасткі.

Займальны факт: у запаведніку каторы год займаюцца эксперыментальным пчалярствам, атрымліваюць немалую колькасць натуральнага і экалагічна чыстага мёду. З такой нагоды у час свайго візіту на эксперыментальную пчалярскую пасеку «Бабчын» Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнка падарыў запаведніку яшчэ адзін вулей. Ён быў выкананы ў форме той самай борці.

«Вышэй борць – саладзей мёд!» – так казалі раней бортнікі, падымаючы пчалінае жыллё на вышыню ад 6 да 15 метраў. Для гэтага і існавалі спецыяльныя прыстасаванні.
Штогод вясной пчаляры праводзілі агляд, чыстку і падрыхтоўку борці да новага засялення. Дзікія раі засялялі частку аснашчаных штучных дуплоў, рабілі соты і пачыналі збіраць мёд. Перавагамі такой сістэмы было тое, што соты абнаўляліся кожны год, дуплы менш гнілі, а пчолы радзей хварэлі і не зводзіліся. Калі колькасць «дзічкі» (пчаліных сем’яў у натуральных дуплах) паўсюдна рэзка скарацілася, пчаляры былі вымушаны асцярожней ставіцца да запасаў бортных пчол і пакідаць лепшым з іх дастатковую для зімоўкі колькасць мёду.

З цягам часу пчаляры адышлі ад практыкі развядзення пчол на вышыні дрэў, а сталі замацоўваць вуллі на зямлі. Так завяршылася даўняя і шматгадовая традыцыя высокага бортніцтва.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *