Пад дэвізам «Заўсёды гатовы»

Образование

Правядзенне піянерскага свята, прысвечанага Дню піянерскага сяброўства, стала ў нашым раёне добрай традыцыяй. На ўрачыстую лінейку на гарадскім стадыёне сабраліся піянерскія дружыны Хойнікшчыны, якія з гонарам носяць імёны славутых людзей – Марата Казея, Зіны Партновай, Паўліка Марозава, Юрыя Гагарына…

Узняць флаг Рэспублікі Беларусь было даручана вучням СШ № 2, пераможцам раённага агляду-конкурсу піянерскіх агітбрыгад “Запалі касцёр дабра”.

З віншавальнымі словамі да рабят звярнуліся старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Т.М. Сямёнава і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Л.А. Гаркуша. Яны адзначылі, што слова “піянер” – прыгожае і гордае слова, піянерамі з даўніх часоў называлі самых настойлівых рабят, якія ўпарта імкнуцца да пастаўленай мэты.

Новае пакаленне заўсёды гатова да спраў на карысць Радзіме. Піянеры нашага раёна прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Палатно Перамогі”, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 104 ветэраны вайны пакінулі на гэтым палатне свае пажаданні падрастаючаму пакаленню. Лепшым піянерам даецца права павязаць чырвоныя гальштукі тым, хто ўнёс сваю часцінку ў гэта палатно: ветэранам Вялікай Айчыннай вайны М.С. Скрыпчанку і М.С. Камешу. Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё у барацьбе за спакой і шчасце на Зямлі.

Многа добрых і карысных спраў на рахунку піянераў раёна. Дырэктар ЦТДіЮ А.В. Дыгун узнагародзіла лепшых з лепшых граматамі і дыпломамі. 

Святочнае мерапрыемства завяршылася ўскладаннем кветак да помніка У.І. Леніну, цікавымі конкурсамі і спартыўнымі мерапрыемствамі, у якіх юныя піянеры вельмі ахвотна паўдзельнічалі.



Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *