Разам зробім больш

2019 - Год малой радзімы Власть

Другі год запар у нашай краіне праходзіць пад знакам Года малой радзімы.

Гэта накладае дадатковую адказнасць за раскрыццё такой важнай тэмы ў творчым неабыякавым калектыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які з верасня 2018 года ўзначальвае Наталля Уладзіміраўна Ешчанка.

– Першае пытанне, Наталля Уладзіміраўна, менавіта пра задачы, пастаўленыя ў пачатку года?

– Сапраўды, як і летась, планы на бягучы год намечаны грунтоўныя і маштабныя. Але, акрамя рэалізацыі іх, нам патрэбна садзейнічаць усебаковаму развіццю нашай мясцовай культуры, раскрываць усё лепшае, чым ганарацца на Хойнікшчыне. Гэту работу мы паспяхова распачалі ў 2018 годзе, зараз жа імкнёмся яе прадоўжыць. Галоўная мэта – падтрымліваць станоўчы і ўнікальны імідж нашай Хойнікшчыны, падкрэсліваць самыя яркія рысы Беларусі.

– Гучыць інтрыгуюча. Якая работа зараз праводзіцца ў рамках заяўленай тэматыкі?

– Наша дзейнасць у гэтым напрамку і не спынялася. Мы працягваем рэалізоўваць планы, пачатыя летась. Так, у красавіку святкуем 205-годдзе нашага славутага земляка, ураджэнца в. Стралічава, навукоўца і дыпламата Іосіфа Антонавіча Гашкевіча. Гэта ініцыятыва праяўлена з боку суполкі настаўнікаў гісторыі нашага раёна, наш аддзел яе з задавальненнем падтрымаў. У раённым краязнаўчым музеі са снежня арганізавана тэматычная вітрына ў гонар такой славутай асобы, разглядаецца пытанне аб увекавечанні яго імя. Літаральна на наступным тыдні адзначаем шэрагам тэматычных мерапрыемстваў дзень нараджэння выдатнага пісьменніка, песняра нашага Палесся Івана Паўлавіча Мележа. Словам, не спыняемся, а толькі нарошчваем рытм работы ў Год малой радзімы.

20 лютага ў цэнтральнай раённай бібліятэцы пройдзе сустрэча з пісьменнікам Дзмітрыем Вінаградавым і прэзентацыя яго кнігі «Живые прошлого страницы». Усіх запрашаем.

– Звычайна паняцце «малая радзіма» непарыўна звязана з такімі чалавечымі якасцямі, як патрыятызм, неабыякавасць да родных мясцін. А якім чынам гэта павінна праяўляцца?

– У Год малой радзімы мы заклікаем усіх землякоў (няважна, жывуць яны на Хойнікшчыне зараз ці не) праявіць увагу да сваіх мясцін. Дастаткова зрабіць нешта на карысць свайго дома, двара, вуліцы. Аб’яднаўшы нашы намаганні, мы можам зрабіць родны край яшчэ прыгажэйшым, непаўторнейшым. Проста зрабіце крок насустрач. Разам мы можам больш.

Гутарыла Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *