Удасканалілі – і перамаглі

Образование

Удасканалілі – і перамаглі


Сайт Хойніцкага прафесійнага ліцэя стаў лепшым у вобласці.


Прыліпаючы» да манітораў, мы з галавой акунаемся ў інфармацыйнае мора, адкуль вылаўліваем «залатых рыбак» – усякія карыснасці і выбітнасці. Калі раней для пошуку пэўных сведак ці фактаў патрэбна было праштудзіраваць не адну кнігу, то цяпер дастаткова націснуць некалькі клавіш. Інтэрнетаўская зручнасць вельмі вабіць молодзь, якая без шкадавання траціць вольны час на «вандраванні» па разнастайных сайтах.
Зараз, у стрэсавы перыяд уступнай кампаніі, «топавымі» з’яўляюцца электронныя рэсурсы навучальных устаноў. Абітурыенты скурпу-лёзна вывучаюць зместавае «начынне» сайтаў, унікаючы ва ўсе тонкасці: ад мінулагодніх прахадных балаў і сёлетняга прыёму да гісторыі і матэрыяльна-тэхнічнай базы мяркуемага месца вучобы. А пільная ўвага, вядома, узмацняе патрабаванні.



Каб задаволіць наведвальнікаў, неабходна пастаянна ісці па шляху ўдасканалення. Тым больш, што раскрутку сайта можна выкарыстоўваць як карысны піар-ход. Гэта ўсведамляе кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, надаючы электронным рэсурсам падначаленых устаноў належную ўвагу. А галоўнае – кантралюючы, не забываюць і пра стымуляванне.



Традыцыйным стаў абласны конкурс інтэрнет-сайтаў аддзелаў адукацыі райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў г. Гомеля і ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці. Чарговы віртуальны тэндэр адбыўся ў мінулым месяцы. У ім прынялі ўдзел 10 раённых аддзелаў адукацыі, усяго – 94 установы, у тым ліку: 54 – агульнай сярэдняй адукацыі, 23 – прафесійна-тэхнічнай, 4 – сярэдняй спецыяльнай, 9 – устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і 4 установы дашкольнай адукацыі. Невыпадкова пералічваю ўсіх удзельнікаў, хачу падкрэсліць актыўнасць і, адпаведна, вялікую канкурэнцыю.



Хойніцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй на адпаведным мінулагоднім спаборніцтве паспрабаваў смак перамогі, заняўшы другое месца. А сёлета ўдалося нацешыцца ёй у поўнай меры – сайт нашага ліцэя hgpl.by заняў першае месца сярод электронных рэсурсаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.  Унушальнае дасягненне – гонар усяго калектыву ўстановы і яго навучэнцаў.  Але самая вялікая порцыя прыемных пачуццяў, безумоўна, у стваральніка інфармацыйнага рэсурсу – інжынера-праграміста Аляксандра Шпаруна. Тое, што гэта мэтанакіраваны малады чалавек і падкрэсліваць, напэўна, не трэба – вынікі гавораць самі за сябе. Ён штодзённа «адшліфоўвае» сваё тварэнне, напаўняючы яго новымі ідэямі і крэатыўнымі знаходкамі. У апошні час на сайце з’явілася шмат новых раздзелаў, зваротная сувязь, экран падачы дакументаў для абітурыентаў і нават 3D-галерэя. Адметна, што кардынальна змяніўся дызайн сайта.


Наталля Чэкан.



Дырэктар ліцэя В.М. Аніскавец:
 «Мы працуем з моладдзю, значыць павінны разам з ёй ісці ў нагу з часам. Сайт hgpl.by ужо стаў нашай своеасаблівай візітнай карткай. Навіны, цікавыя здымкі, карысныя інфармацыйныя скарбонкі для бацькоў, выкладчыкаў, абітурыентаў  і студэнтаў… Упэўнены, на  hgpl.by кожны можа знайсці для сябе нешта цікавае і карыснае – таму заходзьце і пераканаецеся ў гэтым самі.  Гэтая перамога каштоўная для нас. Цудоўна, што ў нашым ліцэі ёсць такія здольныя і ініцыятыўныя прадстаўнікі працуючай моладзі, як Аляксандр Шпарун. Цяпер толькі застаецца трымацца на плыву».


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *