З жаданнем дапамагаць


ГОМЕЛЬСКУЮ ВОБЛАСЦЬ НАВЕДАЛІ КІРАЎНІКІ ДЫПЛАМАТЫЧНЫХ МІСІЙ КРАІН ЕЎРАСАЮЗА І РОЗНЫХ МІЖНАРОДНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ. У РАМКАХ ДВУХДЗЁННАГА ВІЗІТУ ЗАМЕЖНЫЯ ГОСЦІ ПАБЫВАЛІ Ў АБЛАСНЫМ ЦЭНТРЫ, НАШЫМ РАЁНЕ, А ТАКСАМА БРАГІНЕ І ЛОЕВЕ.



У час знаходжання ў Хойніках кіраўнікі дыпмісій з Германіі, Вялікабрытаніі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швецыі і  Славакіі сустрэліся са старшынёй райвыканкама А.І. Цітком. Удзел у гэтым візіце таксама прынялі Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі і кіраўнік офіса Пасольства Швейцарыі.
За круглым сталом Аляксандр Іванавіч пракаменціраваў падрыхтаваную прэзентацыю аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна пасля аварыі на ЧАЭС, мадэрнізацыі прамысловасці.   Вялася  размова аб зацікаўленасці еўрапейскага боку ва ўстойлівым развіцці чарнобыльскіх рэгіёнаў, паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва.
Майра Мора,  якая     ўзначальвае Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, акцэнтавала ўвагу на магчымасці сумеснага ажыццяўлення новых праектаў у розных сферах жыццядзейнасці. ЕС гатовы гэтаму садзейнічаць, у тым ліку падтрымліваць матэрыяльна.



Кіраўнік раёна ў сваю чаргу адзначыў, што мы заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва і актыўна настроены развіваць розныя мясцовыя праектныя ініцыятывы.
Госці цікавіліся аздараўленнем нашых дзяцей у краінах бліжняга і далёкага замежжа, медабслугоўваннем насельніцтва. Яны адзначалі чысціню і прыгажосць нашых населеных пунктаў.
Прадстаўнікі дэлегацыі прагуляліся па гарадскому парку. Ім было расказана, што ўся гэта прыгажосць стала магчыма дзякуючы дзяржаўным сродкам, выдзеленым на правядзенне ў Хойніках рэспубліканскага Дня беларускай пісьменнасці ў 2010 годзе.
Каля былой панскай сядзібы іх гасцінна сустракалі нашы знакамітыя гістарычныя асобы Караль і Людвіка Прозары ў касцюмах сваёй эпохі  (іх ролі выканалі Аляксандр Бутэнка і Марына Краўчанка). Яны не адпусцілі візіцёраў з пустымі рукамі – уручылі на памяць арыгінальныя абярэгі ручной работы.
Пасля дэлегацыя накіравалася ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Кіраўнікі дыпмісій пабывалі ў выселеных вёсках Бабчын, Краснаселле, Баршчоўка і на метэастанцыі «Масаны». Дыпламаты былі ў непасрэднай блізкасці (12 кіламетраў) ад месца аварыі. Самыя адважныя падняліся на пажарную вышку з пяціпаверховы дом, каб паглядзець скрозь туман на горад Прыпяць і чарнобыльскі саркафаг. Паездка па зоне адчужэння пакінула разнастайныя ўражанні з адценнем перажывання, шкадавання аб здарыўшымся дваццаць сем гадоў назад.



Праграма візіту таксама ўключала наведванне навуковай часці запаведніка, музея і эксперыментальнай конефермы. З дзейнасцю запаведніка знаёмілі намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, якая суправаджала гасцей у паездцы па раёну, і дырэктар ПДРЭЗ П.М. Кудан.
З Хойніцкага раёна кіраўнікі дыпламатычных місій накіраваліся ў Брагінскі. Там яны пабывалі ў краязнаўчым музеі і ўсклалі вянкі да помніка Валерыю Ігнаценку, які праявіў гераізм пры тушэнні пажару ў час катастрофы на ЧАЭС.
На наступны дзень у Гомельскім палаца-паркавым ансамблі адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Гомельскага аблвыканкама. А завяршыўся візіт паездкай на Лоеўшчыну. Там прайшла цырымонія афіцыйнай перадачы беларускай памежнай службе абсталявання, набытага за сродкі Еўрасаюза – 2 рачных патрульных катэраў, 5 аўтамабіляў высокай праходнасці  кампаніі Land Rover і 11 цеплавізараў на агульную суму 842 тысячы еўра. Уручэнне адбылося ў рамках сумеснага супрацоўніцтва  Беларусі і Еўрасаюза па праекту «СУРКАП», накіраваным на ўмацаванне патэнцыялу беларуска-ўкраінскай мяжы.



Дарэчы, з 2001 года Еўрапейскі саюз выдаткаваў больш за 75 мільёнаў еўра на праекты дапамогі мытнай і памежнай службам Беларусі.
Спадарыня Майра Мора апошні раз была на Палессі з візітам шэсць гадоў назад. Параўноўваючы ўбачанае тады і цяпер, адзначала, як значна змяніліся гэтыя мясціны ў лепшы бок. А самае галоўнае, што яе сапраўды ўражвае, – пазітыўны настрой людзей, якія тут жывуць. Палешукі, насуперак перашкодам, упэўнена крочаць уперад, дасягаючы поспехаў. Там, дзе ёсць аптымізм, – будзе добры вынік, а Еўрасаюз гэтаму будзе па-ранейшаму садзейнічаць.



Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *