Сельгастэхніка: новая паступае ў гаспадаркі, старая рыхтуецца да выхаду ў поле

Сельское хозяйство

Прырода заўсёды была багатай на выдумку і сюрпрызы надвор’я. Вось і сёлетняя вясна, калі меркаваць па цёплых і пагодлівых дзяньках, пачалася незвычайна рана.

І калі такое надвор’е захаваецца надалей, то неўпрыкмет надыйдзе і час выходзіць у поле. Зрэшты, асобныя работы па падрыхтоўцы глебы можна выконваць і зараз – уносіць мінеральныя тукі і арганіку, закрываць вільгаць. Наколькі гатова да вясенніх палявых работ тэхніка ў гаспадарках раёна?

Аб гэтым расказвае начальнік аддзела інтэнсіфікацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Раман Іванавіч Усс.

– Падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі ў раёне зараз выйшла на фінішную прамую. У першую чаргу імкнемся адрамантаваць і падрыхтаваць да работы трактары, дыскатары, глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку, якім першым трэба будзе выйсці ў поле. Сёння можна сцвярджаць, што на 100 працэнтаў гатовыя ўсе наяўныя ў раёне камбініраваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, на 90% – бораны, культыватары і плугі, набліжаюцца да завяршэння работы па рамонту машын для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, горш сітуацыя з трактарамі, пасяўнымі агрэгатамі і кукурузнымі сеялкамі.

Ёсць таму сваё тлумачэнне. Сёлета скарацілася фінансавая падтрымка са сродкаў абласнога бюджэту, а значыць узраслі і расходы на рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, якія нясуць сельгаспрадпрыемствы. Напрыклад, калі ў мінулым годзе на пачатак сакавіка на рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі было зрасходавана 902 тысячы рублёў (у тым ліку са сродкаў абласнога бюджэту – 590 тыс. руб.), то ў гэтым годзе ўсяго на рамонт сельгастэхнікі патрачана 428 тысяч рублёў, з іх з абласнога бюджэту – 361 тыс. рублёў. Недахоп жа ўласных грашовых сродкаў вядзе да цяжкасцей у разліках з рамонтнымі арганізацыямі. Так, пакуль што 5 адзінак кукурузных сеялак знаходзяцца ў рамонце ў ААТ «Мазыраграпрамтэхніка», а трактарныя рухавікі рамантуюцца на Гомельскім маторарамонтным заводзе. Зараз тэрмінова вышукваюцца сродкі на разлікі з названымі рамонтнымі прадпрыемствамі.

Як заўсёды, са станоўчага боку адзначу арганізацыю работ па падрыхтоўцы і рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі ў КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава», пахвалю і ААТ «Хойніцкі Аграсервіс». Астатнім жа гаспадаркам неабходна паскорыць ход работ, у асаблівай ступені гэта датычыць КСУП «Аравічы».
Таксама адзначу дапамогу з боку дзяржавы ў забеспячэнні гаспадарак сучаснай і высокаэфектыўнай тэхнікай. Новыя трактары «Беларус 892.2» паступілі ў КСУП «Аравічы» (3 адзінкі, з 2 франтальнымі пагрузчыкамі КУН), ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» (3 трактары і 2 пагрузчыкі КУН), адзін такі трактар атрымала КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава». Гэтая ж гаспадарка атрымала 2 малыя трактары МТЗ 82.1 з двума кормараздатчыкамі, столькі ж трактараў МТЗ 82.1 з кормараздатчыкамі атрымалі сельгаспрадпрыемствы «Аравічы» і «Судкова», 1 трактар і 1 кормараздатчык паступіў у ААТ «Хойніцкі Аграсервіс».

У красавіку сельгаспрадпрыемствы «Судкова» і «Аравічы» атрымаюць па аднаму новаму кормаўборачнаму камбайну КВК-800.

Акрамя таго, плануецца, што да 1 красавіка КСУП «Судкова» атрымае 2 новых трактары МТЗ-3522 з дыскатарамі «Дыскапак-6». Па аднаму такому ж трактару і дыскатару атрымаюць КСУПы «Эксперыментальная база «Стралічава» і «Аравічы», а таксама ААТ «Хойніцкі Аграсервіс».

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА. Фота Вікторыі МАРОЗ.

На тэму дня:

Анатолій Казіміравіч Галеня, газаэлектразваршчык КСУП «Судкова»
У гаспадарцы А.К. Галеня газаэлектразваршчыкам працуе зусім нядаўна – амаль чатыры месяцы. Але ж за гэты кароткі тэрмін паспеў увайсці ў курс спраў. Адзначае, што дадзеная работа створана быццам для яго, яшчэ са школьных гадоў Анатолій Казіміравіч нядрэнна разбіраўся ў тэхніцы, зварваў розныя дэталі. А зараз і гаспадарцы такія добрыя рукі вельмі патрэбны. За што не возьмецца – ўсё давядзе да ладу. Прычым, зробіць гэта якасна. І галоўны інжынер КСУП «Судкова» П.С. Краўчанка задаволены такім добрасумленным работнікам.

Канстанцін Уладзіміравіч Цішкавец, механізатар КСУП «Судкова»
Прафесійнага вопыта ў К.У. Цішкевіча хоць адбаўляй. Практычна 30 гадоў ён працуе механізатарам, з іх 22 – у КСУП «Судкова», а раней быў задзейнічаны трактарыстам у КСУП «Імя І.П. Мележа». Дарэчы, і месца жыхарства змяніў з аграгарадка Глінішча на Судкова. Пакуль не шкадуе, і тут яму падабаецца. Зноў жа, калектыў згуртаваны, ніхто і ніколі не адмовіць дапамагчы. «Зразумела, бывае цяжка падчас работы, а дзе зараз лёгка?», – дадае Канстанцін Уладзіміравіч. «А хацелі б мець пасведчанне не толькі на трактар, але і на аўтамабіль?», – пытаю я. «Быў бы не супраць, але ж спачатку хацеў, каб яго падарылі мне», – усміхаецца К.У. Цішкавец.

Павел Юліянавіч Аніскавец, механізатар КСУП «Судкова»
Любіў на трактары ў дзяцінстве пакатацца Павел Юліянавіч. Толькі не думаў, што звяжа з гэтай тэхнікай сваё жыццё. Пасля ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» П.Ю. Аніскавец перайшоў працаваць у сельгаспрадпрыемства «Судкова». Прызнаецца, што холад і мароз не камфортныя для яго ўмовы надвор’я. Лічыць сябе пакаёвым сібіраком, бо цеплалюбівы мужчына. Да месца работы дабіраецца П.Ю. Аніскавец веласіпедам ці пешшу – зараз жыве ў Казялужжы. «А якая ў мяне дачка Паліна малайчынка, на сценах дома вісяць многа яе грамат за выдатную вучобу, за спартыўныя заслугі. Ганаруся ёю», – у размове адзначае Павел Юліянавіч.

Віктар НАЗАРАНКА. Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *