Важна быць пачутымі


Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама  на  чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай правяла сустрэчу з жыхарамі аграгарадка Вялікі Бор. Традыцыйна ў выездзе прынялі ўдзел адказныя асобы КЖУП «Хойніцкі камунальнік», РАУС, райспажыўтаварыства, ТЦСАН, аддзела адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і ЦРБ.



Адна з самых актуальных сённяшніх праблем – сяброўства з зялёным зміем. Тэме негатыўных наступстваў злоўжывання спіртным і была прысвечана сустрэча. Жанна Мікалаеўна выступіла перад прысутнымі  з інфармацыйным паведамленнем, заснаваным на канкрэтных лічбах і фактах па нашаму раёну, якія, шчыра кажучы, шакіравалі.
Многія вострыя моманты датычылі непасрэдна велікаборцаў. Да прыкладу, калі ў раёне за 8 месяцаў бягучага года супрацоўнікамі міліцыі было канфіскавана 4160 літраў брагі, то 543 літры, а гэта чвэрць,  у жыхароў Велікаборскага сельсавета. Частыя сюды выезды праваахоўнікаў для ўціхамірвання, як правіла, выпіўшых людзей, сямейных скандалістаў.



Акрамя прафілактычнай работы па п’янству і алкагалізму, выступаючыя данеслі насельніцтву шмат іншай карыснай інфармацыі. Гаварылі пра неабходнасць рабіць  прышчэпку ад грыпу і аб рабоце выязных брыгад урачоў, пра выгоды  для пайшчыкаў пры набыцці тавараў у магазінах райспажыў-таварыства, аб сацыяльным абслугоўванні насельніцтва і працаўладкаванні маладых спецыялістаў.



У сваю чаргу сельскія жыхары скарысталіся магчымасцю задаць хвалюючыя пытанні. Многія скардзіліся на «каналізацыйную» праблему, якая не страчвае вастрыні нават пасля ўзнаўлення работы мясцовай КНС. Асабліва ад яе пакутуюць жыхары вуліц Юбілейная, Брагінская, Новая і Школьная.
Два гады назад жыхары вуліц Юбілейная, Школьная Маладзёжная,  чые дамы  знаходзяцца на балансе камунальнай службы, звярталіся з пісьмовай заявай у «Хойніцкі камунальнік» устанавіць ветравікі. Аднак праблема да гэтага часу не вырашана. Прасілі, каб завезлі ў магазіны райспражыўтаварыства моркву, цыбулю і буракі па таннейшай цане, пыталіся, чаму не прадаюць збожжа і няма касавага апарата ў нарыхтоўчым магазіне. Усе пытанні ўзяты на кантроль.
Людскія праблемы, як і хваробу, трэба «лячыць». Унікнуць ва ўсе нюансы, у тым ліку ў прычыны ўзнікнення праблем, можна толькі пры непасрэдным кантакце з вяскоўцамі, у адкрытай размове. Гэта і пацвярджаюць выезды ІПГ – сельскім жыхарам важна быць пачутымі.    


Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *