Аднойчы і на ўсё жыццё

Людзі і лёсы

Май – гэта той час, калі ўся навакольная прырода пачынае ажываць пасля зімовых халадоў не па днях, а па гадзінах. Пад пяшчотнымі промнямі сонца на вачах з’яўляецца зеляніна, расцвітаюць сады – непаўторная прыгажосць. І зусім не дзіўна, што ў адзін з такіх прыгожых дзён, 17 мая 1958 года, у Слабажанцы была створана сям’я Тагай.


Многае давялося перажыць маладым да гэтай значнай падзеі, бо абодва – і Міхаіл Яфімавіч, і Вера Пятроўна – яшчэ ў маленстве ва ўсёй «красе» даведаліся, што такое ваеннае ліхалецце, што значыць жыць на акупіраванай тэрыторыі. У абодвух бацькі ваявалі, Яфім Іванавіч Тагай, прыйшоўшы з фронту, памёр ад гангрэны нагі – наступстваў баявога ранення.


Сябраваць маладыя сталі яшчэ ў першым класе мясцовай сямігодкі, вырашылі ажаніцца, як толькі вучобу тут закончаць. Пра намер расказалі родным, з боку Міхаіла пярэчанняў не ўзнікла, а вось бацькі Веры былі катэгарычна супраць. Але Міхаіл не адступіўся і павёў каханую ў вёску Алексічы, дзе тады знаходзіўся  сельсавет, каб зарэгістраваць  шлюб. Следам – «парламенцёры» з родзічаў. І ўявіце такую карціну: дзядзька Міхаіла пагражае сакратару сельсавета фізічнай расправай, калі той не распіша маладых, а дзядзька Веры – таксама, толькі наадварот: маўляў, будзеш біты, калі распішаш. І ўсё ж прадстаўнік мясцовай улады выканаў волю  першага. Бацька Веры з такім зыходам спраў не згадзіўся, некалькі дзён дачку нават на парог сваёй хаты не пускаў. Але потым усе родзічы сабраліся разам абгаварыць, як справіць вяселле. Міхаіл і Вера вянчаліся ў царкве вёскі Малішаў, туды паехалі на калгасным самасвале. Усе сябры, на вачах якіх разгаралася полымя кахання маладажонаў, выказалі жаданне быць іх паверанымі на гулянцы ў Слабажанцы – на вяселлі было ажно 12 дружак!



Муж і жонка Тагай пяцьдзесят шосты год разам. Выхавалі  трох дачок і сына, якія вельмі любяць сваіх бацьку і маці, схіляюцца перад іх узаемнай адданасцю, працавітасцю, уменнем вырашаць разам, здавалася б, самыя складаныя праблемы. Трэба было бачыць, як гарэў пяшчотны агеньчык любві ў вачах сына Міхаіла, калі ён расказваў пра самых родных людзей:
– Бацькі заўсёды былі хлебасольнымі. У нас, колькі сябе памятаю, у доме многа дзяцей было – і сваіх, і чужых. Ды і з суседзямі сябравалі, былі разам у горы і радасці. Тата з мамай – вельмі працавітыя. Не ведаю нават, калі яны адпачывалі: прачынаючыся, бачылі іх ужо на нагах, засыналі – яны яшчэ і не збіраліся класціся.



Літаральна з-за вясельнага стала маладажоны пайшлі працаваць у калгасную брыгаду, пачалі будаваць  дом, які ўзвялі сваімі рукамі, наймалі толькі печніка. Усё іх жыццё да выхаду на пенсію звязана з сельскай гаспадаркай: Міхаіл Яфімавіч даглядаў коней, быў кладаўшчыком, 7 гадоў працаваў у ветлячэбніцы санітарам, Вера Пятроўна была цялятніцай. Увесь гэты час яны беражліва і трапяткі адносіліся адзін да аднаго і да сваіх дзяцей, затым да 8 унукаў, дачакаліся 8 праўнукаў. Ніякія цяжкасці і нягоды не змаглі патушыць той агеньчык дабрыні, шчырай адданасці, які загарэўся ў памятным для ўсёй сям’і 1958 годзе.
Дзяцінства ўжо дарослым дзецям успамінаецца забяспечаным за кошт таго, што бацькі трымалі вялікую гаспадарку, усе абавязкі па до-му былі размеркаваны сярод дзяцей, дзяўчаты займаліся праполкай агарода, убіралі ў доме, сын дапамагаў бацьку. Дзеці стараліся не падводзіць бацькоў, але ўсё роўна перажывалі, калі Міхаіл Яфімавіч прыходзіў на бацькоўскія сходы. І хаця асаблівых заўваг не чуў, аднак кожны раз паўтараў, што вучыцца трэба лепш. Напэўна, не дарэмна патрабаваў – кожны з дзяцей  вывучыўся, знайшоў сваё месца ў жыцці.  Старэйшая дачка Ганна працуе поварам  у гарадскім дзіцячым садзе «Васілёк», сярэдняя Ніна – ляснік Брагінскага ўчастка Палескага запаведніка, жыве ў Камарыне,  малодшая Марыя, бухгалтар па спецыяльнасці, жыве ў Хойніках. Побач з бацькамі ў Слабажанцы са сваёй сям’ёй сын Міхаіл, які зараз працуе вартаўніком Слабажанскай школы, дочкі стараюцца прыехаць, каб дапамагчы бацькам. Тыя ж, нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, працягваюць трымаць вялікую гаспадарку. Каровы, праўда, у ёй цяпер няма, але два коні і  два жарабяты ёсць – ніяк не можа Міхаіл Яфімавіч расстацца з гэтымі працавітымі жывёлінамі.



Справядліва гаворыцца, што шчаслівая тая сям’я, у якой дзеці разумеюць адзін аднаго, а бацькі з’яўляюцца прыкладам у жыцці. Збіраючыся ўсёй сям’ёй, ім ёсць што ўспомніць, ёсць чым падзяліцца. А для Міхаіла Яфімавіча і Веры Пятроўны Тагай – гэта самая вялікая радасць, калі побач дзеці і ўнукі, калі іх вочы блішчаць ад шчасця, і ў іх жыцці ўсё складваецца добра.



 Клаўдзія БОСАК.
Фота Наталлі ЧЭКАН.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *