Хойніцкая «невядомасць» аказалася цудоўным месцам…


Здаецца, не паспеў вокам міргнуць – а насычаныя студэнцкія гады ўжо праляцелі, пакінуўшы толькі яскравыя эпізоды ў памяці. Наперадзе – вырашэнне лёсу на бліжэйшыя гады – размеркаванне. Адны выпускнікі-бюджэтнікі ўспрымаюць яго як «трэба – значыць трэба», іншыя – як кабалу.  І вось расхваляваны малады чалавек стаіць перад камісіяй у чаканні вердыкту, спадзеючыся на добрае месца будучай работы. Вымаўляюць: «Андрэй Цыбульскі… размяркоўваецца… у Хойнікі». У гэты момант нараджаюцца змешаныя пачуцці. У галаве круціцца: «Што? Дзе? Як?» Але гэтыя пытанні ў Андрэя былі не негатыўнай рэакцыяй, а праявай шчырай цікавасці да горада, у якім давядзецца жыць і працаваць.



Каб даведацца больш пра Хойнікі, ён «палез» у Інтэрнэт. Але нават сусветнае павуцінне юнаку не вельмі пасадзейнічала, паколькі інфармацыя там была вельмі бедная. Атрымліваецца, трэба ехаць у невядомасць? Радавала хоць тое, што гэтая невядомасць знаходзілася ўсяго ў 100 км ад роднага горада Гомеля.
Такім чынам у мінулым годзе Андрэй Цыбульскі пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта трапіў у наш раён. Ехаў на першае месца працы з пазітыўнымі думкамі, хаця і настроіўся на магчымыя складанасці. Уражанні ад горада, нашай цэнтральнай раённай бальніцы былі цудоўныя.
Год праходзіў інтэрнатуру, а цяпер узначальвае Судкоўскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Работа яму вельмі падабаецца, ён сапраўды адчувае ўнутранае задавальненне.



Вядома, што доктар на вёсцы – асаблівы доктар. Сямейны, шырокага профілю, універсальны. У адной асобе і тэрапеўт, і педыятр, і хірург, і «хуткая дапамога»… Гэта адначасова вялікая адказнасць і напружаная праца. Але Андрэй выдатна спраўляецца.
Абаяльны, спрытны малады чалавек, граматны спецыяліст зачароўвае сваім уменнем ладзіць з людзьмі. Ён усё робіць з нейкай незвычайнай мяккасцю ў абыходжанні з пацыентамі, з ветлівасцю і міласэрнасцю да кожнага хворага. Таму ідуць судкаўчане і жыхары бліжэйшых вёсак да  свайго доктара па хваробе і проста пракансультавацца, пагутарыць. Бо, праўду кажуць, не толькі лекі могуць лячыць, але і добрыя словы.
У дзень Андрэй Міхайлавіч прымае ў кабінеце і аглядае на даму ў сярэднім 30-35 чалавек. Працоўныя будні распісаны амаль па хвілінах: захварэлую дзяўчынку ў Храпкаве трэба паглядзець, да адзінокай бабулі ў Казялужжа заехаць…
Магчыма, працаваць было б складаней, калі б не зладжаны калектыў амбулаторыі. А так у Андрэя Міхайлавіча ёсць надзейная падтрымка і апора, сваімі работнікамі ён нават больш чым проста задаволены.



Малады ўрач ужо больш за год працуе ў нашым раёне, і цяпер з упэўненасцю гаворыць, што яму пашанцавала з месцам размеркавання. Прыводзіць два асноўныя важкія аргументы: дастойная зарплата і прадастаўленае жыллё.
Многім яго сакурснікам ды проста знаёмым маладым медыкам, якія працуюць у іншых раёнах, прадаставілі інтэрнат ці максімум – пакойчык у службовай кватэры. Некаторым наогул даводзіцца здымаць жыллё. «Кватэрнае» ж пытанне ў Андрэя было вырашана адразу, як ён прыехаў на Хойнікшчыну. Спачатку малады чалавек жыў у новым шматкватэрным доме па вуліцы Савецкай райцэнтра, а цяпер – гаспадарыць у сацыяльнай кватэры па вуліцы Жукава, 5а. На працу ў аграгарадок Судкова дабіраецца з вадзіцелем на службовай машыне.
Што датычыць другога значнага аспекта для маладога спецыяліста – высокай заработнай платы – тут таксама не «прыдзярэшся». Калі ёсць жаданне працаваць – зможаш зарабляць добра. Зараз Андрэй збірае грошы на ўласны аўтамабіль, а летам плануе адпачыць у Італіі. Ён адзначае, што Хойнікшчына прывабная ў фінансавым плане для маладых медыкаў. 



Да таго ж, наша бальніца – нядрэнная практычная пляцоўка. Андрэй Міхайлавіч падкрэслівае вялікую падтрымку ва ўсіх пытаннях з боку кіраўніцтва ЦРБ і вопытных калег. Прыкладамі для пераймання ў маладога спецыяліста з’яўляюцца К.Б. Талаконнікаў, Т.У. Хаванская, С.В. Барысенка і А.А. Барысенка. Малады спецыяліст адзначае, што гэта ўрачы з вялікай літары, сапраўдныя прафесіяналы, у якіх ён кансультуецца, вучыцца.
У вольны ад работы час малады чалавек захапляецца спортам – ходзіць у трэнажорную залу фізкультурна-аздараўленчага клуба, што ў гарадскім парку. Акрамя таго, бавіць вольны час з сябрамі, дарэчы, ён вельмі камунікабельны. Мае цудоўнае пачуццё гумару, нездарма з’яўляўся капітанам каманды КВЗ ва ўніверсітэце. Любіць гуляць па гораду, лічыць Хойнікі вельмі прыгожымі і ўтульнымі. Разважаючы пад час вячэрніх прагулак, часта ловіць сябе на думцы: выдатна, што першы запіс у яго працоўнай кніжцы зроблены менавіта ў Хойніцкай ЦРБ.
Хойніцкая «невядомасць» аказалася цудоўным месцам…



Наталля ЧЭКАН.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *