Выводзіць навучэнцаў у майстры

Людзі і лёсы

Кожны, хто сёння працуе ў Хойніцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі, адказны за будучую рабочую змену. І асабліва шчаслівы ў сваім лёсе той выпускнік, якому сустрэўся настаўнік, які можа прынесці ў аўдыторыю захопленасць прадметам і, канешне ж, веды, якія спатрэбяцца ў далейшай прафесійнай дзейнасці.


Ліцэістам, якія асвойваюць спецыяльнасць  «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, устройства і эксплуатацыя аўтамабіляў», сапраўды пашанцавала. Бо вучыць іх незвычайна працаздольны выкладчык спецдысцыплін А.Р. Дыгун. У яго ёсць усё, што патрэбна педагогу: талент, душэўная цеплыня, цярпенне і невычарпальная энергія. Яго педагагічнае крэда – развіццё здольнасцей навучэнцаў, выхаванне любові і павагі да працы, фарміраванне навыкаў і ўменняў, дазваляючых  выпускнікам зрабіць першыя крокі ў самастойным працоўным жыцці.



У 1995 годзе Аляксандр Рыгоравіч закончыў Мазырскі педінстытут па спецыяльнасці «Агульнатэхнічныя дысцыпліны і праца», пасля служыў  у  інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, з лістапада 2008 года – на цяперашняй пасадзе.
На ўроках у А.Р. Дыгуна пануе асаблівая творчая атмасфера. Вучэбная майстэрня ліцэя застаецца творчай лабараторыяй і пасля ўрокаў. Выкладчык умела выкарыстоўвае і метады індывідуальнай работы з навучэнцамі, у прыватнасці, па падрыхтоўцы іх да алімпіяд па тэхнічнай працы. Яго ўрокі праходзяць на адным дыханні, таму што працуюць усе без выключэння навучэнцы, сярод якіх і адна прадстаўніца слабага полу – Васіліна Пугачова, якую выбралі  старастай групы. Ведаючы характары рабят, іх схільнасці, А.Р. Дыгун плануе чарговы ўрок, прадумвае кожнаму вучню індывідуальнае заданне, персанальныя пытанні. Яму важна, каб на ўроку працавалі ўсе, каб  было жаданне адказваць, разважаць. Навучэнцы не баяцца даць няправільны адказ, бо ведаюць, што не памыляецца той, хто нічога не робіць. Раўнадушных позіркаў на ўроках спецдысцыплін не сустрэнеш: навучэнцы аднолькава зацікаўлены ў спасціганні навыкаў па ўстройству аўтамабіляў і іх рамонту, па слесарна-рамонтнай справе, вывучаюць электратэхніку і матэрыялазнаўства.



Вось чаму, бываючы на вытворчай практыцы ў сельгаспрадпрыемствах раёна, навучэнцы працуюць нароўні з вопытнымі работнікамі – электразваршчыкамі, механізатарамі, замацоўваючы атрыманыя тэарэтычныя веды. Кіраўніцтва гаспадарак іх працай задаволена, аб чым паступаюць водгукі ў адміністрацыю ліцэя.
Можна сказаць, што прафесія для А.Р. Дыгуна перадалася ад яго бацькі па спадчыне: Рыгор Якаўлевіч Дыгун многа гадоў адпрацаваў у прафтэхадукацыі, на пенсію пайшоў з пасады намесніка дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце. Настаўнікам-гуманітарыем працуе жонка Аляксандра Рыгоравіча, Святлана Міхайлаўна выкладае беларускую мову і літаратуру ў Стралічаўскай сярэдняй школе. Сям’я Дыгун мае дзвюх дачок: Юлія зараз навучаецца ў Гомелі ў мастацкім каледжы, Вольга – вучаніца 8 класа гімназіі г. Хойнікі.



А.Р. Дыгун праводзіць вялікую прафарыентацыйную работу, часта выступае перад вучнямі школ нашага, а таксама Брагінскага  раёнаў.  Пазаўрочная дзейнасць арганізавана педагогам таксама эфектыўна, мае ярка выражаны выхаваўчы характар. Кабінет, у якім працуе Аляксандр Рыгоравіч, не ведае цішыні – тут пануе атмасфера творчасці, дыялогу і дыспуту. Тут адкрыта дзеляцца сваімі думкамі, абмяркоўваюць, спрачаюцца, радуюцца поспехам адзін аднаго.
Сярод калег  і бацькоў навучэнцаў А.Р. Дыгун карыстаецца заслужаным аўтарытэтам. Да яго можна заўсёды звярнуцца па пытаннях прафесійнага і асабістага характару. Аляксандр Рыгоравіч не спыняецца на дасягнутым, пастаянна знаходзіць час для самаадукацыі, павышэння сваёй прафесійнай кампетэнцыі. У сакавіку сёлета на раённым сходзе перадавікоў А.Р. Дыгуну прысвоена званне «Лепшы работнік прафтэхадукацыі» з занясеннем на раённую Дошку гонару.



 Клаўдзія БОСАК.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *