Эфектыўнасць, стабільнасць, поспех


Многае зроблена сёлета на Палескім вытворчым участку ААТ «Малочныя прадукты»,  які мае гандлёвую марку (брэнд) «Палескія сыры», але яшчэ больш работы наперадзе, – лічыць начальнік участка Т.Д. Грамовіч. Сваё прафесійнае свята калектыў сустракае дастойна, людзі працуюць з добрым настроем штодзённа – для гэтага на прадпрыемстве створаны і працягваюць стварацца належныя ўмовы працы.



Далейшы рух наперад, адзначае Таццяна Дзмітрыеўна, немагчымы без мадэрнізацыі вытворчасці, актыўнай інвестыцыйнай дзейнасці. Яна расказала аб тым, што ўдалося зрабіць у плане перааснашчэння вытворчасці ў 2013 годзе.
Так, на прадпрыемстве была запушчана ў эксплуатацыю аўтаматызаваная лінія па вытворчасці і пасолу сыроў магутнасцю да 8 тон сыру ў суткі польскай кампаніі «Абрама», а таксама прадугледжана перспектыва для нарошчвання аб’ёмаў.
З’явіўся цэх па выпуску глазіраваных сыркоў, спачатку выпускаліся 2 віды гэтай прадукцыі, а цяпер – 7, да  15 тон у месяц.  У тварожным цэху ўстаноўлена балгарская лінія «Нікас», на якой выпрацоўваюцца мяккія сыры «Адыгейскі» 45% тлустасці, «Праметэй» 35% і «Сулугуні» 45%, таксама тварог вагавай тлустасцю ад 2 да 10%. Гэта прадукцыя  рэалізуецца праз гандлёвую сетку «Малочны карунак».



На заключнай стадыі  ўкараненне інвестыцыйнага праекта рэспубліканскай значнасці  – перапрацоўкі да 500 тон сыроваткі ў суткі:  ужо ўстаноўлена абсталяванне, пастаўленае славацкай кампаніяй «Вздухоторг»,  робіцца абвязка яго і ў снежні-студзені пачнуцца пусканаладачныя работы.
Адзін з доказаў якасці прадукцыі прадпрыемства – перамогі на шматлікіх конкурсах і выстаўках. У чэрвені з Першага сырнага фестывалю, які праходзіў у Мінску, прывезлі два Гран-пры: лепшымі ў сваіх намінацыях сталі сыры «Манастырэцкі» і «Галандскі новы»
Таксама многае зроблена сёлета і ў плане добраўпарадкавання. Непазнавальна ў лепшы бок змянілася аблічча адміністрацыйнага будынка,  з фантазіяй аформлена прылягаючая тэрыторыя, праведзены адпаведныя ўнутраныя работы. Зрабіць рабочае месца чыстым і прыгожым – імкненне ўсіх работнікаў, якія ў важную справу ўносяць свой уклад, нікога не трэба было прымушаць да гэтага.



Дасягнутыя поспехі – вынік зладжанай агульнай працы, дысцыпліны і адказнасці кожнага працуючага. Начальнік участка Т.Д. Грамовіч сардэчна віншуе падначалены калектыў з прафесійным святам і жадае новых здзяйсненняў, асабістага шчасця, здароўя і ўдачы.


 


Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *