Чалавек высокага абавязку


Ёсць ў гісторыі нашай Хойнікшчыны імёны людзей, чый  пройдзены жыццёвы шлях і справы служаць прыкладам для будучых пакаленняў. У гэтай кагорце і Сцяпан Іванавіч Акуленка. Былы франтавік, ён большую частку свайго жыцця прысвяціў рабоце ў партыйных і савецкіх органах, пастаянна ўзначальваў участковую выбарчую камісію і з’яўляўся сакратаром раённай выбарчай камісіі. Адзін важны нюанс адрознівае чалавека, які добра выконвае абавязкі, і чалавека, які працуе з душой – апошні шчыры ў сваёй справе, аддаецца ёй спаўна, валодае сапраўдным дарам. Менавіта такімі якасцямі быў надзелены Сцяпан Іванавіч.



Нарадзіўся ён у самым прыгожым куточку нашага краю – вёсцы Тульгавічы – у простай сялянскай сям’і, рана  спазнаў сапраўдную цану заробленага ў поце хлеба. Як і яго хлопцы-равеснікі, не цураўся ніякай працы па сельскай гаспадарцы. Калі наступала лета, ўсе бегалі на паўнаводную Прыпяць, якая ў кіламетры ад вёскі, або на  бліжнюю Віць, якая, як кажуць, была за агародам, каб налавіць рыбы. Бо менавіта рыба выручала сялян у той паўгалодны час. У кожнай хаце быў човен, выдаўблены з цэльнага дрэва, якім і Сцяпан навучыўся кіраваць: траляваў скошанае на лугах сена, вудзіў рыбу. Тады кожная сям’я старалася пасадзіць як мага больш бульбы, дзеля гэтага распрацоўвалі хмызнякі. Землі былі не надта ўрадлівымі, ураджай атрымліваўся невялікі, але смачнейшай бульбы тульгаўчане не каштавалі. Сцяпан ведаў кожную сцяжынку ў лесе, меў свае грыбныя і ягадныя мясціны – дары лесу былі таксама добрай падмогай для сціплага сялянскага стала.



Бацька, Іван Васільевіч, ад прастуды памёр  яшчэ да вайны, таму сын быў самым галоўным памочнікам для маці, Кацярыны Данілаўны, можна сказаць, кармільцам сям’і. Але як цяжка не даводзілася, і малыя, і дарослыя не маглі не заўважаць прыгажосці навакольнага асяроддзя. На рацэ раслі непаўторныя жоўтыя гарлачыкі і белыя лілеі, а па балоце расхаджвалі гордыя буслы. Сцяпан асабліва любіў раніцай назіраць, як пляскалася рыба на паверхні вады, захапляўся спевам птушак, дзівіўся на працавітых баброў, якія майстравалі хаткі з лазы.



У той час самым паважаным чалавекам на вёсцы быў настаўнік, таму пасля заканчэння сямігодкі Сцяпан, старэйшы сын, вырашыў паступаць у Мазырскае педвучылішча. У 1941 годзе здаў апошні экзамен за першы курс. Як беспрасветная, цёмная ноч, пацягнуліся доўгія месяцы фашысцкай акупацыі. Пастаянна паўгалодныя, апранутыя ў лахмоцце, абутыя ў лапці… Чорныя абгарэўшыя трубы на месцы вёскі, зямля, узрытая ад бомб і снарадаў, на месцы квітнеючага сада – асмаленыя дрэвы… Лес, балота выратоўвалі людзей ад бяды, і толькі ўзаемадапамога  і ўзаемавыручка аднавяскоўцаў, якія дзяліліся апошнім кавалкам хлеба і драбінкай солі,  непатушанымі вугольчыкамі,  каб распаліць касцёр, дапамаглі перажыць страшэннае ліхалецце.
Але прыйшоў доўгачаканы час вызвалення, які для Сцяпана Іванавіча быў часам прызыву ў рады Чырвонай Арміі. Спачатку навучаўся на кароткатэрміновых курсах у Смаленску, а потым малады сяржант, камандзір стралковага аддзялення прымаў першае баявое хрышчэнне на Ленінградскім фронце. Вызначылася аддзяленне Акуленкі пад Талінам, у ходзе Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі, там жа і атрымаў першае раненне.
Вайна кідала салдата з адной бітвы ў другую, з аднаго месца ў другое. Прымаў удзел С.І. Акуленка ў разгроме немцаў на Сандамірскім плацдарме ў Польшчы. Вызваляў Сілезію, вязняў канцэнтрацыйнага лагера ў Асвенцыме.



Цяжкае раненне атрымаў ў ходзе Вісла-Одэрскай  стратэгічнай аперацыі.
Ніколі не забываў салдат тых цяжкіх баёў. Вораг прыціснуў атрад байцоў да ўскрайку берага. Як вырвацца з нямецкага акружэння? Падмогі чакаць няма адкуль. Камандзір аддзялення Акуленка разам з байцамі пад покрывам ночы спешна будаваў нейкае падабенства плыта, на што пайшлі кузаў «палутаркі» і колы. Але шчаслівая зорка свяціла не ўсім у тую ноч: Сцяпан Іванавіч атрымаў цяжкае раненне.
Пасля шпіталя – зноў франтавыя дарогі, Акуленка ў родным палку ў горадзе Нэйсе. Зусім блізка было да логава фашызму – Берліна, але атрымалі баявую задачу рухацца ў Чэхаславакію. Там і сустрэў Дзень Перамогі. Полк, у якім ён служыў, вёў яшчэ вызваленчыя баі.
Вайна    для  С.І. Акуленкі  закончылася ў 1947 годзе. Вярнуўся ў родную вёску і стаў працаваць сакратаром Тульгавіцкага сельсавета. З’яўляўся сакратаром і інструктарам райвыканкама, сакратаром партыйнай арганізацыі, дырэктарам Хойніцкай узбуйненай друкарні, інспектарам аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама. І на кожным участку, які яму быў даручаны, поўнасцю аддаваў сябе, свой вопыт.



Адзначу, што па роду журналісцкай работы  не раз даводзілася сустракацца са Сцяпанам Іванавічам Акуленкам. Энергічны, рухомы, камунікабельны, ён, здавалася, ніколі не стамляўся. Яго адзначала яшчэ адна важная рыса – тактоўнасць,  асабліва гэта відавочна было ў час  яго  кіраўніцтва друкарняй. Нават калі ў некага з рабочых і здараліся прамашкі, не дапускаў грубага разбору, аднак мог прымусіць працаваць так, як патрэбна.
На заслужаны адпачынак Сцяпан Іванавіч уходзіў з чыстым сумленнем. Але прыродная працавітасць, веды і багаты жыццёвы вопыт  не дазволілі яму быць у баку. Трымаў руку на пульсе жыцця, цікавіўся падзеямі ў краіне і за яе межамі з тэлебачання, выпісваў многа перыёдыкі. Ужо будучы на пенсіі, неаднаразова з’яўляўся сакратаром раённай выбарчай камісіі.



Да самага апошняга біцця свайго сэрца, якое спынілася ў 2007 годзе, Сцяпан Іванавіч Акуленка быў заўсёды сам сабою, меў свой пункт гледжання. Яго асабісты лёс быў непарыўна звязаны з Хойнікшчынай, з тымі землякамі, хто ваяваў з ненавісным ворагам за наш светлы сённяшні дзень, аднаўляў разбураную гаспадарку, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, стараўся, каб прыгажэў і развіваўся родны край. І як добра, што гэта адзначана на розных узроўнях.


АСАБІСТАЕ
Шчаслівым быў Сцяпан Іванавіч Акуленка ў сямейным жыцці, наконт гэтага яму можна было па-добраму пазайздросіць. Са сваёй жонкай у ладзе і згодзе пражылі амаль 60 гадоў, пазнаёміўся з Марыяй Карнееўнай у пасляваенны час, калі яна з’яўлялася сакратаром Кажушкаўскага сельсавета, жонка 31 год да выхаду на пенсію вяла справаводства ў СШ № 1 г. Хойнікі
Выхавалі старанных, сумленных дзяцей: дочкі Галіна і Ніна – педагогі па адукацыі, працавалі  кіраўнікамі  педагагічных калектываў – Судкоўскай сярэдняй школы і СШ № 1 г. Хойнікі. Сын Сяргей – кандыдат юрыдычных навук, жыве ў Мінску. Зямны працяг Акуленкі – 6 унукаў і 2 праўнукі 
УЗНАГАРОДЫ
Сцяпан Іванавіч Акуленка за ратныя подзвігі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, Ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За адвагу», «За абарону Ленінграда», «За вызваленне Варшавы».
Да баявых узнагарод дабавіліся працоўныя – медаль «За працоўную доблесць», Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета СССР, а таксама шматлікія  граматы і падзякі. Яго фотаздымак змяшчаўся на раённай Дошцы гонару.



Клаўдзія БОСАК.
Аўтар выказвае падзяку дочкам С.І. Акуленкі Ніне Сцяпанаўне Смусянок і Галіне Сцяпанаўне Малышэўскай за ўспаміны аб бацьку.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *