Галоўнае – ісці ў нагу з часам


Менавіта гэтыя словы лічыць сваім дэвізам па жыцці наш зямляк Аляксей Мікалаевіч Сцепаненка, чыё жыццёвае крэда заснавана на трох кітах: працаваць добрасумленна, быць чэсным і ўмець цярпліва адносіцца да ўсяго, што прыпадносіць лёс. Ён заўсёды быў адданы справе, якой служыў, памятаючы аб тым, што поспех любога чалавека залежыць перш за ўсё ад яго самога, ад інтэнсіўнасці і арганізацыі яго прафесійнай дзейнасці, ад працавітасці і адказнасці за даручаны ўчастак работы.



Нарадзіўся А.М. Сцепаненка 20 чэрвеня 1949 года ў вёсцы Баршчоўка, якая з-за катастрофы на Чарнобыльскай АЭС даўно знікла з карты Беларусі. Пасля заканчэння васьмігодкі паступіў у Лоеўскае педагагічнае вучылішча, пачынаў працоўную дзейнасць настаўнікам Тульгавіцкай сярэдняй школы. Пасля года работы быў прызваны на службу ў армію, менавіта ў гэты час праявіліся арганізатарскія здольнасці юнака: спачатку ў Магілёве з’яўляўся курсантам, намеснікам камандзіра  вучэбнага ўзвода, сакратаром камітэта камсамола. Пасля пераводу ў Смаленск  служыў інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце. У гэтым жа горадзе ў час службы паступіў  ва ўніверсітэт марксізма-ленінізма, а пазней закончыў  Смаленскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства».



З 25 ліпеня 1973 года пачалася першая веха ў працоўнай біяграфіі А.М. Сцепаненкі, якая была звязана з працай у Хойніцкім  райкаме КПБ – інструктарам арганізацыйнага аддзела, загадчыкам аддзела прапаганды, другім сакратаром РК КПБ. Партыя, па сутнасці, была кропкай адліку пройдзенага жыццёвага шляху, яна дала магчымасць у юнацтве рэалізаваць мары, вызначыць сваё месца ў грамадстве і прайсці па цікавай жыццёвай дарозе.



Штабам усіх спраў і ініцыятыў у рабоце з насельніцтвам быў райкам партыі, усю работу на месцах арганізоўвалі сакратары пярвічных партыйных арганізацый. Згодна са Статутам штомесячна праводзіліся партыйныя сходы, пленумы райкама, справаздачна-выбарныя канферэнцыі, партыйная палітвучоба і г.д.
Па роду службовай дзейнасці А.М. Сцепаненка курыраваў пытанні народнай асветы, гандлю, медыцыны, будаўніцтва, сацыялістычнага спаборніцтва. У аснове ўсёй гэтай работы было галоўнае – арганізаваць людзей на высокапрадукцыйную працу. Ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі раёна былі свае маякі, за высокі гонар лічылася праца ў камсамольска-маладзёжных брыгадах, якія былі створаны ў райспажыўтаварыстве, калгасе «Кастрычнік», саўгасе «Перамога сацыялізма». Выхоўваліся, а потым вылучаліся на розныя ўчасткі вытворчасці  і сацыяльнай сферы граматныя, ініцыятыўныя людзі. Рэальна дзейнічала сістэма работы з кадрамі, рэзерв на іх вылучэнне. Канешне, як зазначае Аляксей Мікалаевіч, калі-нікалі не абыходзілася без фармалізму, залішняй заарганізаванасці, але гэта не дае прычыны ставіць пад сумненне правільнасць таго, што было зроблена яго пакаленнем.



Другім, найбольш цікавым этапам свайго жыцця А.М. Сцепаненка лічыць работу ў Жыткавічах Гомельскай вобласці на пасадзе старшыні райвыканкама, на якой  знаходзіўся з 1985 па 1999 год. За гэты час многае было зроблена. Так, удзельная вага прамысловасці ў эканоміцы склала 53% – чым не паказчык для раней поўнасцю сельскагаспадарчага раёна? Тэмп росту аб’ёмаў таварнай прадукцыі да ўзроўню 1990 года – 147%, наогул па тавараабароту раён займаў вядучае месца ў вобласці.
Будучы старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама А.М. Сцепаненку давялося арганізоўваць ліквідацыю наступстваў паводкаў ажно 5 разоў!
У раёне былі моцныя гаспадаркі, да таго ж і першы сакратар райкама КПБ быў з сельскагаспадарчай адукацыяй, і начальнік райсельгасхарчу, і сам  Аляксей Мікалаевіч меў у сваім багажы дыплом Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці «эканаміст-арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці». Але яму было даручана вывесці «ў людзі» сацыяльную сферу, бо Жыткавіцкі раён крытыкавалі ў гэтым плане.
Па аб’ёмах  асваення капіталаўкладанняў раён за гады працы А.М. Сцепаненкі быў практычна ў першай пяцёрцы ў вобласці, першымі  ў вобласці вырашылі і праблему пад’езда да 108 населеных пунктаў.
І між тым праз 14 гадоў працы старшынёй райвыканкама А.М. Сцепаненка нечакана падае ў адстаўку. Кіраўнік раёна вырашыў змяніць свой лёс, становіцца дэпутатам, практычна аднагалосна новым саставам дэпутацкага корпусу выбраны старшынёй Жыткавіцкага раённага Савета дэпутатаў. Гэта выклікала вялікі рэзананс у раёне.  Аляксей Мікалаевіч  расказаў, што да прыняцця гэтага рашэння падыходзіў некалькі разоў. Яму прапаноўвалі  высокія пасады ў вобласці і нават у Мінску, але ён вызначыўся інакш.



У красавіку 2000 года пачалася новая старонка ў працоўнай біяграфіі А.М. Сцепаненкі – у горадзе Мінску. Чатыры гады ён узначальваў даволі складаную і спецыфічную вытворчасць, з’яўляўся генеральным дырэктарам рэспубліканскага аб’яднання «Дзяржрыбгас», пры ім было наладжана супрацоўніцтва ў гэтай сферы з Расіяй, улічваючы тое, што Беларусь не мае выхаду да мора.
З 24 студзеня 2004 года да выхаду на пенсію  А.М. Сцепаненка працаваў у сакратарыяце Савета Рэспублікі, з 2007 года – начальнікам упраўлення, адказным сакратаром па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання.  Савет па ўзаемадзеянні сапраўды адбыўся, ён стаў патрэбным і запатрабаваным, адзначае Аляксей Мікалаевіч, гэта адчулі і прадстаўнічыя органы на месцах. Склалася практыка выязных пасяджэнняў, тэмы для абмеркавання, як правіла, прапануюць члены Савета і старшыні абласных Саветаў дэпутатаў. Арыентаваліся на тыя тэрыторыі, сельсаветы, у якіх ёсць праблемы, характэрныя ў асноўным для многіх рэгіёнаў. І на іх прыкладзе спрабавалі знайсці агульныя шляхі вырашэння.



З лютага  2013 года А.М. Сцепаненка знаходзіцца на пенсіі, жыве ў Жыткавічах. На фоне жыццёвага вопыту прыйшло разуменне, што чалавек – пясчынка ў сусвеце, і ўсё ж ёсць надзея пакінуць пасля сябе добры след. Два сляды, па меншай меры, маюць муж і жонка Сцепаненкі. Аляксей Мікалаевіч і Святлана Аляксееўна, якія звязалі свой лёс 42 гады назад будучы настаўнікамі Малажынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна, сваім дочкам Ірыне і Таццяне паспрабавалі  прывіць  прынцып гуманізму, а таксама гордасць за права нарадзіцца і жыць на зямлі з такім цудоўным іменем – Белая Русь, радуюцца першай унучцы Марыне. Па гэтым жа прынцыпе выхоўвалі сваіх трох сыноў і бацькі А.М. Сцепаненкі – Мікалай Цярэнцьевіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, працаваў інструктарам Камарынскага райкама КПБ, старшынёй калгаса «1 Мая» і старшынёй Радзінскага сельсавета, маці Соф’я Рыгораўна працавала акушэркай на Баршчоўскім ФАПе, дала жыццё многім дзецям.



Не так часта даводзіцца бываць А.М. Сцепаненку на Хойнікшчыне, апошні раз гэта было ў час святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе. І калі ішоў па гораду, то адчуваў гордасць за тыя мясціны, з якімі звязана частка асабістага жыцця. Вельмі часта ўспамінае ён сваіх паплечнікаў па працы Г. Карасевіча, Н. Малінец, Я. Нікіценку, В. Касабуцкую, В. Нямковіча, Г. Прызвана, Ф. Ахрэмчыка, Г. Хліманкова, І. Муравейнікава, А. Сакуна, В. Васькевіча, В. Баранава і іншых хайнічан, якія засталіся тут жыць і працаваць пасля катастрофы на ЧАЭС. Што датычыць сваіх землякоў-перасяленцаў, то кожны год А.М. Сцепаненка ў г. Мінску на гадавіну чарнобыльскай трагедыі арганізоўваў сустрэчы. Знаходзіў і знаходзіць час, каб сустрэцца з перасяленцамі, якія пражываюць на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна, дапамагчы ім парадай або ў вырашэнні асабістых пытанняў.



А.М. Сцепаненку выпала шчасце жыць і працаваць у цікавы час і мець дачыненне да падзей, якія адбываліся. Ён шчаслівы тым, што адчувае баланс паміж жыццёвымі памкненнямі і жыццёвымі рэаліямі. Любіць паўтараць, што жыццё становіцца цудоўным не тады, калі мы робім тое, што нам падабаецца, а тады, калі нам падабаецца тое, чым займаемся. Так ён  жыў і працаваў больш за 45 гадоў. І цяпер, на заслужаным адпачынку, знаходзіць прымяненне свайму актывізму і дзелавым якасцям.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *