Красавіцкі падарунак ад маэстра Фінберга

Культура

Жыхары Хойнікшчыны на працягу дзевяці гадоў кожную вясну слухаюць жывую музыку і гутараць з таленавітымі музыкамі і выканаўцамі.

Такая магчымасць была і на мінулым тыдні – адбылося чарговае свята беларускага мастацтва «Музычныя краявіды Хойніцкай зямлі» Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга.

Многія ўжо бывалі на такіх канцэртах і змаглі пераканацца ў тым, што калектыў не толькі звяртаецца да беларускай музычнай спадчыны і лепшых дасягненняў сусветнай музычнай класікі, але таксама актыўна прапагандуе музыку эстрадную. Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі вядомы як «аркестр жывога гуку», а яго кіраўнік – як «маэстра жывога гуку».

У райвыканкам, дзе адбылася традыцыйная прэс-канферэнцыя Міхаіл Фінберг завітаў у добрым настроі, дзяліўся ўласнымі ўспамінамі пра вядомых выканаўцаў і спевакоў, разважаў аб стане сучаснага музычнага мастацтва, ахвотна адказваў на пытанні. Маэстра падкрэсліў, што яму, як кіраўніку аркестра, вельмі прыемна, што на ўсе фестывальныя канцэрты, якія праводзяцца ў малых гарадах, прыходзіць шмат людзей, усе залы запоўненыя. Гэта значыць, што музычныя творы, якія мы «падымаем» з архіваў, «западаюць» у душы людзей. І таму мы ўжо не маем права спыніцца…

У Хойніках аркестр даў тры канцэрты. З праграмай, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і БССР Яўгена Глебава, выступіў струнны квартэт. Творчы праект «Старажытнасць і будучыня» прадставілі ансамблі флейтыстаў, кларнетыстаў і струнны квартэт. Запрасілі хайнічан і на канцэрт «Прымадонна», прымеркаваны да юбілею Алы Пугачовай. Прагучалі добра вядомыя песні «Осенний поцелуй», «Всё могут короли» і іншыя ў выкананні салістаў заслужанага калектыву – лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў: Наталлі Тамела, Валерыі Грыбусавай, Ягора Шаранкова, Алесі Дзержавец, Таццяны Глазуновай, Галіны Грамовіч, Руслана Мусвідаса, Аляксандра Салаўёва, Яўгенія Цымбаліста і Дзмітрыя Качароўскага.

Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *