У штатным рэжыме

Сельское хозяйство

У штатным рэжыме



Зіма паступова пераваліла за свой экватар, і хаця ноччу яшчэ патрэскваюць маразы, а ўдзень неба сыпле снежнай скрухай, думы працаўнікоў вёскі зараз сканцэнтраваны на будучай вясне. Якой яна будзе – хуткай на надыход цяпла або, наадварот, зацягнутай як летась – сёння не бяруцца прадказаць нават сіноптыкі.
Зразумела адно: да надыходу вясенняга цяпла і пачатку палявых работ трэба рыхтавацца зараней, каб яны не засталі працаўнікоў вёскі знянацку. Таму перад работнікамі інжынерных служб гаспадарак пастаўлена гранічна ясная і канкрэтная задача: уся сельскагаспадарчая тэхніка павінна быць гатова выйсці ў поле ўжо ў першыя дні сакавіка. З прыцэлам на гэтыя тэрміны і вядуцца зараз работы па рамонту і падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да будучых веснавых палявых работ.



Аб іх важнасці сведчыць той факт, што ход падрыхтоўкі тэхнікі ўсебакова аналізуецца на штотыднёвых суботніх відэаселектарных нарадах з удзелам саветніка старшыні Гомельскага аблвыканкама па пытаннях сельскай гаспадаркі А.Р. Акушкі.



Як складваюцца справы з падрыхтоўкай і рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах нашага раёна? З расказа начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.В. Калыхана вынікае, што асноўны ўпор сёння робіцца на падрыхтоўку той тэхнікі, якая вясной спатрэбіцца першай – трактараў (у першую чаргу энерганасычаных), глебаапрацоўчых машын і механізмаў, камбінаваных пасяўных агрэгатаў, сеялак, машын для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў, дыскавых боран, дыскатараў. У гаспадарках для кантролю ходу работ заведзены спецыяльныя папкі, у якіх сабрана ўся неабходная тэхнічная дакументацыя (графікі рамонтаў, загады па стварэнню рамонтных брыгад і звенняў, дэфектовачныя ведамасці і г.д.), працуюць спецыялізаваныя брыгады і звенні, у іх склад уваходзяць механізатары, за якімі замацавана тая ці іншая тэхніка, зваршчыкі і слесары. Распрацаваны і даведзены да людзей умовы аплаты працы занятых на рамонтных работах.



На відэаселектарных нарадах агучваецца на канкрэтную дату і працэнт адрамантаванай у раёнах вобласці тэхнікі. Што датычыць Хойніцкага, то тут лічбы гатоўнасці такія. Па стану на 16 студзеня агульная гатоўнасць трактараў складае 85%, энерганасычаных трактараў – 83 %, камбінаваных пасяўных агрэгатаў – 78%, глебаапрацоўчай тэхнікі – 77%, дыскавых боран і дыскатараў – 76%, кукурузных сеялак – 79%, раскідвальнікаў цвёрдых арганічных угнаенняў і машын для ўнясення мінеральных угнаенняў – па 80 %. 
Работы ў асноўным вядуцца ўласнымі сіламі, і толькі больш складаныя рамонты (напрыклад – рухавікі і каробкі перадач, іншыя вузлы і механізмы трактараў) выконваюцца за межамі раёна – на Гомельскім маторарамонтным заводзе, у Мазырскім і Светлагорскім «Аграсервісах». Так, у двух апошніх спецыялізаваных арганізацыях зараз раман-туюцца сеялкі збожжавых і кукурузы з сельгас-прадпрыемстваў «Судкова» і «Стралічава».



У цэлым жа падрыхтоўка тэхнікі ў гаспадарках раёна вядзецца ў звычайным, штатным, як прынята зараз казаць, рэжыме.



Віктар Назаранка. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *