Памяць са сваіх абдымкаў не выпускае чорны красавік

Главное Общество

Гэта мерапрыемства не патрабуе шматлікіх слоў, яно напоўнена шчымлівымі пачуццямі і глыбокім болем, які дагэтуль адгукаецца ў сэрцах нашых жыхароў.

Са слязамi на вачах стаяць тыя, чыя радзiма засталася за шлагбаумам. Апусціўшы сумны погляд на зямлю, стаяць жыхары райцэнтра, долю якіх катастрофа таксама скруціла ў крук. Задумліва стаіць моладзь, якая толькі па кнігах і расказах ведае аб тым страшным красавіцкім дні. Усе яны прыйшлі сюды, да помніка Смутку, каб ушанаваць памяць тых, хто прыняў на сябе полымя і смертаноснае дыханне рэактара. Узгадаць жыццё да аварыі.

…Як і той вясной, свеціць сонца, зелянее трава, квітнеюць дрэвы. Прайшло трыццаць тры гады. Але час не стаіць на месцы, ён рухаецца, імчыцца, аддаляе нас ад тых незапамятных дзён. Раны на сэрцы нашай малой радзімы загойваюцца, але застаюцца рубцы – гэта памяць.

Хвіліна маўчання. Жывыя гукі духавога аркестра. Удзельнікі мітынгу «усыпаюць» помнік цюльпанамі, гваздзікамі, нарцысамі. З душэўнымі, праніклівымі словамі да прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Анатолій Уладзіміравіч Бандарэнка і былы кіраўнік раёна Мікалай Іванавіч Садчанка. Яны адзначылі, што пасля чарнобыльскай катастрофы мы здабылі зноў пуцяводную нітку, з ёй варта толькі наперад ісці – помніць і жыць. Шчасліва.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *