Бліц-апытанне хайнічан: а што для вас значыць Дзень Перамогі?

Общество

Хутка 9 Мая. Мы спыталі ў хайнічан: а што для вас значыць Дзень Перамогі?

Ігар Назарчук:
– Для мяне 9 мая – гэта, перш за ўсё, сімвал гераізму і неймавернай мужнасці народа, які абараніў мір на зямлі. Ганаруся воінамі, якія, не шкадуючы жыцця, бераглі незалежнасць нашай Радзімы. Дзень Перамогі – свята са слязамі на вачах. Памятаеце, так гучаць словы вядомай песні. Нам, моладзі, цяпер можна толькі ўявіць, што на самой справе адчувалі замучаныя жахамі вайны людзі, калі было абвешчана аб капітуляцыі фашысцкай Германіі. З задавальненнем гляджу ваенныя фільмы, напрыклад, «В бой идут одни «старики», «В июне 41-го», «А зори здесь тихие».

Любоў Міхед:
– Дзень Перамогі для мяне, бадай, самае галоўнае свята ў календары. Бо самае страшнае, што можа абрынуцца на чалавецтва, безумоўна, вайна. Яна разбурае ўсё, нікога не шкадуючы. Так, мой бацька загінуў там, абараняючы нашу Радзіму. Памяць пра вайну, на маю думку, важна перадаць нашым дзецям і ўнукам, прывіць ім пачуццё ўдзячнасці і павагі да подзвігу герояў. На жаль, не ўсе як мае быць адносяцца да Дня Перамогі. А дзякуючы Перамозе мы жывем у нашай краіне і маем магчымасць гадаваць дзяцей у мірным часе.

Арцём Максімовіч:
– Гэта дзень памяці, смутку і мірнага часу. Дзень Перамогі – падзяка тым людзям, якія заплацілі дарагую цану за мірнае неба над галавой, – сваё жыццё. Факты жорсткай і крывавай Вялікай Айчыннай вайны ўвайшлі ў гісторыю і ўкараніліся ў памяці на многія пакаленні наперад. Я заўсёды памятаю аб гэтым, бо воіны подзвігамі забяспечылі нам светлае будучае. Дзякуючы ім можна не баяцца заўтрашняга дня. Я не магу не святкаваць Дзень Перамогі, бо гэта значная падзея не толькі для нашай краіны, але і асабіста для мяне.

Вікторыя Буркоўская:
– Не абыйшла бокам вайна і нашу сям’ю. Мой прадзед пайшоў на вайну і не вярнуўся. Таму, Перамога – вялікі подзвіг і слава нашага народа. Схіляюся перад памяццю тых, хто, вядучы барацьбу з ворагам, не дажыў да яго разгрому. Бязмерна дзякую ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якіх з кожным годам, на жаль, становіцца ўсё менш. Прыемна, што кіраўніцтва раёна, грамадскія аб’яднанні, навучэнцы школ і ліцэя заўсёды з клопатам ставяцца да нашых ветэранаў. Таксама я заўсёды наведваю мерапрыемствы, прымеркаваныя да 9 мая.

Апытвала Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *