Рэагуюць адказныя асобы

Законнасць і парадак

Рэагуюць адказныя асобы



Паступілі адказы на пытанні, узнятыя ў ходзе сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы райсавета на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар у калектыве Хойніцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.



Побач з ліцэем у магазіне «Всё для Вас» і ў кафэ «Сузор’е» рэалізуюцца спіртныя напіткі. Ці адпавядае гэта патрабаванням заканадаўства аб тым, што гэта забаронена рабіць гандлёвым аб’ектам, якія размешчаны ад навучальных устаноў на адлегласці   менш 500 метраў?


Адказвае намеснік старшыні райвыканкама А.М. Іўкова:



У адпаведнасці з абзацам пятым падпункта 1.14 пункта 1 артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 2008 г. «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту» забараняецца рознічны гандаль алкагольнымі напіткамі непасрэдна ва ўстановах адукацыі, арганізацыях аховы здароўя, дзіцячых тэатральна-відовішчных і культурна-асветніцкіх установах.



У сувязі з тым, што магазін «Всё для Вас» ТДА «Хойнікі-Люкс» і кафэ «Сузор’е» Хойніцкага райспажыўтаварыства з’яўляюцца стацыянарнымі аб’ектамі, размешчанымі ў ізаляваных памяшканнях, маючых асобны ўваход і  адрасныя даныя, заканадаўствам не прадугледжана забарона на рэалізацыю алкагольных напіткаў указанымі аб’ектамі, у тым ліку на адлегласці менш 500 м ад навучальных устаноў.


Ці магчыма адкрыццё камерцыйнага аўтобуснага маршрута па шляху следавання вул. Катоўскага – вул. Малішаўская – ЦРБ – аўтастанцыя? Жыхары жадаюць, каб ажыццяўляўся ён 2 разы ў дзень.


Адказвае дырэктар філіяла № 14 ААТ «Гомельаблаўтатранс»А.Ф. Мішкавец:


– Згодна з пісьмом намесніка старшыні райвыканкама А.М. Іўковай ад 10.06.2011  № 03/1292 на падставе звароту жыхароў быў адкрыты рух па маршруту г. Хойнікі – вул. Малішаўская. На працягу двух месяцаў абслугоўвання гэтага маршрута праводзілася вывучэнне пасажырапатока, якое паказала, што  перавозілася да чатырох чалавек у дзень. У сувязі з эканамічнай немэтазгоднасцю ў верасні 2011 рух на вул.


Малішаўскую быў спынены на падставе ўзгаднення з райвыканкамам ад 08.09.2011 № 03/1971. Пасля гэтага быў арганізаваны заезд аўтобусамі прыгарадных зносін Хойнікі-Стралічава, Хойнікі-Звяняцкае на вул. Малішаўскую. Але ў сувязі з адсутнасцю пасажырапатока заезд і гэтых аўтобусаў быў спынены.
Арганізацыя дадатковых рэйсаў па гораду немагчыма з-за недахопу транспартных сродкаў у сувязі з далучэннем з 1 сакавіка 2013 года да нашага філіяла вытворчага ўчастка г.п. Брагін.


Да ўсяго вышэйсказанага дадам, што рух гарадскіх аўтобусаў па вул. Катоўскага немагчымы па прычыне неадпаведнасці дарожнага пакрыцця.
Нарматыў абслугоўвання насельніцтва на гарадскіх перавозках згодна з дзяржаўнымі стандартамі ў галіне транспарту выконваецца на 100%.



Ці ёсць магчымасць арганізаваць у паліклініцы цэнтральнай раённай бальніцы асобны прыём грудных дзяцей, якім неабходна толькі прышчэпка?


Адказвае галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы А.І. Федзянько:



– У педыятрычным аддзяленні цэнтральнай раённай паліклінікі для правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, у тым ліку вакцынацыі дзяцей, выдзелены два дні – аўторак і чацвер. Агляд дзяцей урачом-педыятрам ажыццяўляецца ў гэтыя дні на асобна выдзеленым прыёме з 10.00 да 12.00.
Адміністрацыяй цэнтральнай раённай бальніцы ўзмоцнены кантроль за работай педыятрычнай участковай службы.


Адказы апрацавала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *