У полі зроку – якасць пітной вады

Власть

Якасць пітной вады – тэма, якая апошнім часам не сыходзіць з вуснаў жыхароў раёна. Людзі не могуць нават душ прыняць, не кажучы пра тое, каб проста гэтую ваду піць.

Не абмінулі гэтую тэму і на чарговым Дні дэпутата, які прайшоў у раёне. Падчас прыёму грамадзян па асабістых пытаннях і «прамой лініі» старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар толькі і паспявала запісваць адрасы з «празрыстай» вадой. Людзі абураліся і прасілі хоць нейкіх тлумачэнняў. І яны з’явіліся. Як паведаміў в.а. дырэктара КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Сяргей Бяздольны, у райцэнтры пачаліся работы па прамыванню сетак водазабеспячэння. Мерапрыемствы па прамыванню будуць праходзіць да таго часу, пакуль з кранаў хайнічан не пойдзе чыстая вада.

Галіна Бондар у чарговы раз папярэдзіла кіраўніцтва прадпрыемства: калі скарга абгрунтаваная і яе можна вырашыць, значыць, цяганіна недапушчальная. Людзі павінны адчуваць увагу, бачыць работу. Для гэтага варта часцей сустракацца з насельніцтвам, цікавіцца іх клопатамі. Вырашана штотыднёвы прыём грамадзян кіраўніцтвам «Камунальніка» праводзіць у будынку ЖЭУ па вул. Лермантава, 1. У першую чаргу зроблена гэта для зручнасці жыхароў, якім праблематычна дабірацца да вул. Чырвонаніўскай. Графік прыёму будзе размешчаны на старонках раённай газеты ў бліжэйшы час.

Акрамя якасці пітной вады, хайнічан хвалявалі пытанні стану дзіцячай пляцоўкі ў мікрараёне «Юбілейны», халодных батарэй у ацяпляльны перыяд, падтаплення дажджавой вадой падворка і інш. Дарэчы, яшчэ адна жанчына, якая не прадставілася, скардзілася па тэлефоне на вішнёвы сад суседзяў. Маўляў, ён замінае ёй з унучкай гуляць. Але старшыня райсавета дэпутатаў нагадала заяўніцы, што згодна з арт. 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», ананімныя звароты разгляду не падлягаюць.

Грунтоўнай была размова і з жыхарамі н.п. Куравое, куда завітала інфармацыйна-прапагандысцкая група райсавета дэпутатаў.

У сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Галіна Бондар адзначыла важнасць праявы ўвагі да ветэранаў вайны і вязняў канцлагераў, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш, распавяла пра падрыхтоўку раёна да святкавання Дня Незалежнасці і заклікала ўсіх прысутных да актыўнага ўдзелу ў акцыях і мерапрыемствах.

У сваім выступе старшыня райсавета закранула многія тэмы – сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, фарміраванне бюджэту, гандлёвае абслугоўванне ў раёне, пенсіі і сярэднія заробкі. Засяродзіла ўвагу на рабоце камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанню занятасці насельніцтва.

Прадстаўнікі ЦРБ і РАУС нагадалі меры засцярогі ў гарачае надвор’е і далі парады бацькам па прафілактыцы дзіцячага траўматызму ў летні перыяд.

– Больш увагі людзям: выслухаць, зразумець і даць аргументаваны адказ – гэта першачарговая задача, – падкрэсліла Галіна Бондар, падводзячы вынік праведзенага Дня дэпутата.

Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *