Беларусь турыстычная: аграгарадок Александрыя, Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць

Беларусь турыстычная Наши проекты

Мне часта даводзіцца бываць на розных мерапрыемствах па рабоце, але гэтае свята наведвала не ў якасці журналіста, а як звычайны госць.

Пра Александрыю шмат чула, ды і напярэдадні па тэлевізары часта круцілі «зазываючыя» відэаролікі. У плане падарожжаў я чалавек лёгкі на ўздым, таму, як правіла, «адлегласць» ад «захацела» да «паехала» невялікая. А вось адлегласць ад Хойнік да Александрыі, ні многа ні мала, 330 кіламетраў. Паколькі мая паездка была спантаннай, адзіны транспарт, які змог бы мяне даставіць на свята своечасова, быў аўтамабіль. Але, наогул, можна дабірацца па чыгунцы. Дарэчы, сёлета дадатковыя цягнікі будуць рухацца праз Копысь з Магілёва, Оршы, Гомеля, Віцебска, Крычава і Полацка. Час руху падладжваюць пад мерапрыемства, улічваючы час пачатку і заканчэння культурнай праграмы. І гэта зручна.

Першае, на чым хачу зрабіць акцэнт – гэта месца. Гулянні традыцыйна праходзяць у маляўнічым месцы на беразе Дняпра, каля маста, які злучае не толькі два населеныя пункты – Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці – Магілёўскую і Віцебскую.

Заходзіш па гэтаму масту на свята – і адразу дзіву даешся! Столькі пляцовак, што спачатку здаецца, што іх нерэальна абысці і за тыдзень. Аматары народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вам тут абавязкова варта пабываць. Саламяныя кветкі, райскія птушкі, упрыгожанні з бісеру, скуры, шкла, карункавыя сурвэткі, абрусы, накідкі, сукенкі, дываны – чаго тут толькі няма!

Скамарохі, музыкі-вандроўнікі, цыркавыя і тэатральныя артысты ствараюць сапраўдную атмасферу казкі і чараўніцтва…

Усе рэгіёны краіны прадстаўляюць свае традыцыі, легенды, гісторыка-культурныя каштоўнасці, рамёствы, стравы. Галодным са свята вы дакладна не пойдзеце, бо там велізарная колькасць гандлёвых кропак – іх працягласць больш за кіламетр, акрамя таго, праводзяцца смачныя дэгустацыі. Я паспрабавала разнастайныя стравы беларускай, украінскай, рускай кухні.

Нагадаю, што «Беллегпрам» у гэтым годзе арганізуе модны паказ, а яшчэ тут пройдзе свята квасу.
Калейдаскоп купальскіх падзей насычаны. Гэта і народныя забавы – карагоды, скачкі праз вогнішча, пляценне вянкоў, пошук папараць-кветкi… Я імкнулася нічога не прапусціць, удзельнічала ва ўсім – атмасфера натхняе.

Ноч была бяссоннай і напоўненай матывамі з глыбокімі нацыянальнымі каранямі. Сюды з’язджаюцца тысячы гасцей, і многія з палаткамі для начлегу. Каб ведала, што тут разбіваецца цэлы лагер, таксама б яе прыхапіла. А так мяне чакаў начны пераезд.

За гады правядзення свята на сцэне ў Александрыі пабывалі многія замежныя і беларускія зоркі. Маштабным шоў на Купалле становіцца гала-канцэрт, які завяршаецца маляўнічым феерверкам.

Сёння адчыняецца дзясяты фестываль «Александрыя збірае сяброў» і, калі вы паспяшаецеся, то яшчэ паспееце правесці таямнічую ноч ва ўражваючым месцы.

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *