Музычныя хвалі аркестра і дырыжор

Рэха падзеі

orkestr

Вось ужо чацвёрты год запар заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» на чале са знакамітым дырыжорам Міхаілам Якаўлевічам Фінбергам прыязджае ў Хойнікі. Свята беларускага мастацтва «Музычныя краявіды Хойніцкай зямлі» кожны раз прыцягвае ўвагу чароўнымі гукамі музычных інструментаў і звонкімі галасамі салістаў аркестра.

Сёлета праграма пачалася з прэс-канферэнцыі маэстра Фінберга, дзе ён падрабязна расказаў пра работу, якую праводзіць калектыў пад яго кіраўніцтвам. Па-першае, гэта знаёмства слухачоў са спадчынай кампазітараў-класікаў, лёс якіх так ці інакш звязаны з Беларуссю. Па-другое, музыканты папулярызуюць беларускую акадэмічную і эстрадную музыку ў рэгіёнах нашай краіны.

Вялікую падтрымку, як падзяліўся з прысутнымі на прэс-канферэнцыі М.Я. Фінберг, заўсёды аказвае ўлада раёна. Беларускі маэстра шчыра падзякаваў намесніку старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай і начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі В.І. Баранаву.

У Міхаіла Якаўлевіча запыталіся, як ён адносіцца да ўдзелу саліста свайго аркестра, спевака Юрыя Вашчука пад псеўданімам Тэа ў «Еўрабачанні-2014»? Дырыжор з гумарам адказаў: «Добра стаўлюся. Я нават падпісаў яму водпуск за свой рахунак». Цікавіліся прысутныя джазавай дзейнасцю аркестра. М.Я. Фінберг нагадаў пра штогадовы праект «Мінскі джаз» і запатрабаванасць свайго джазавага Біг-Бэнда.

Фестывальны рух, які вясной прыходзіць на Хойнікшчыну, таксама дзейнічае ў многіх гарадах Беларусі: Тураве, Любані, Нясвіжы, Чачэрску, Мсціслаўлі і г.д. Навуковая канцэпцыя праектаў аркестра распрацавана і рэалізуецца прафесарам, доктарам мастацтвазнаўства Вольгай Дадзіёмавай. Яна суправаджае ўсе выступленні музыкантаў маленькімі лекцыямі па гісторыі музыкі.

На працягу дня хайнічане змаглі выбраць канцэрт на свой густ. У актавай зале Хойніцкай дзіцячай школы мастацтваў выступаў струнны аркестр, у зале РДК слых радавала сапраўдная плеяда майстроў музыкі: ансамбля флейтыстаў, ансамбля трубачоў «Інтрада», ансамбля салістаў на драўляных духавых інструментах, ансамбля кларнетыстаў, струнных квартэта і аркестра.

Дырыжыраваў і вёў канцэрт «Музычныя сусветы. Песні. Лепшае» ў цэнтры культуры г. Хойнікі М.Я. Фінберг. У гэтым годзе праграма канцэрта прасякнута ваеннай тэматыкай. У гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі яна носіць назву «За нашу Перамогу!».

Гледачы, якім пашчасціла (менавіта так!) пабываць на мерапрыемстве ў цэнтры культуры г. Хойнікі, правялі пятнічны вечар у цудоўнай атмасферы лёгкасці і шчасця, якую стварылі непаўторныя выступленні салістаў аркестра – М. Скорыкава, Т. Глазуновай, Г. Грамовіч, Р. Мусвідаса, Д. Качароўскага, Прыма-Веры, А. Салаўёва, А. Старцавай, Н. Тамела і вакальнай групы.

Хваля музычнага багацця ўжо сышла, а незабыўны прысмак вытанчаных кампазіцый застанецца ў сэрцах хайнічан надоўга. Прыязджайце яшчэ, Маэстра!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *