Надзежда Халько: «Паставіць мэту і да яе ісці»

Наши проекты Элегантный возраст

Пасля выхаду на пенсію жыццё чалавека змяняецца. І вельмі важна знайсці сябе, напоўніць будні цікавымі людзьмі, падзеямі, зносінамі, эмоцыямі.

У новым праекце «Хойніцкіх навін» – «Элегантны ўзрост» – пра хайнічан 60+, якім гэта ўдалося. Яны падзеляцца сваімі думкамі, вопытам здабыцця новых заняткаў і сэнсу жыцця. На ўласным прыкладзе дакажуць: праводзіць кожны дзень насычана можна і трэба ў любым узросце!

Можна быць маладым, але адчуваць сябе на 80 гадоў. А можна наадварот: у пенсійным узросце адчуваць сябе мінімум на 40, а часам і на 20 гадоў.

Гэта адносіцца да нашай творчай гераіні, 67-гадовай хайнічанкі Надзежды Халько, актыўнай, энергічнай, музыкальнай, айтышнай жанчыны. Аб усім па парадку.

«Галоўнае – паставіць мэту, а затым упарта да яе ісці. Нават калі цяжка, ніколі не патрэбна здавацца. Новы дзень – новыя веды і захапленні. І неверагодныя эмоцыі ў дадатак! Пенсійны ўзрост – гэта не прысуд, а цікавая галіна жыцця, дзе ўсё толькі пачынаецца. Бо дзеці ўладкаваны, унукі і праўнукі таксама шчаслівы, таму неабходна надаць увагу і сабе любімай. На заслужаным адпачынку патрэбна раскрывацца, займацца чымсьці карысным, а не пляткарыць на лаўках», – адзначае Надзежда Халько.

Дзе можна сустрэць нашу гераіню, як не ў раённым Доме культуры. Тут яна частая госця. Рэпетыцыі даюць аб сабе ведаць. Безумоўна, салістцы ансамбля «Песні над Палессем» нельга прапускаць вакальныя «трэніроўкі». Ды, шчыра кажучы, ёй і не хочацца так рабіць. Бо песня – тое, без чаго душа не можа абыйсціся, арганізм патрабуе музыкі штодня. А пажадана яе падаваць на сняданак, абед і вячэру. Як гавораць нашы людзі, выступаючы на сцэне, сумяшчае прыемнае з карысным. І гледачы апладзіруюць, і артысты задаволены вынікам сваёй творчасці.

«Ды з такім мастацкім кіраўніком ансамбля, як Руслан Чэкан, радасна праходзяць рэпетыцыі. Хваліць нас часта, аднак можна і не хваліць, бо яшчэ ёсць да чаго расці. Напрыклад, я не прафесійная спявачка, вопыта ў мяне пакуль мала. Аднак на сцэне не губляюся, калі словы забыла, то калектыў заўсёды «выцягне» кампазіцыю. Адны з маіх любімых песен «Звончыкі», «Деревенька моя», «Кадриль», «Карапет». Увогуле, у нас у рэпертуары каля 15 кампазіцый. Асабліва падабаецца мне выступаць у вёсках, атмасфера там сапраўды душэўная, хатняя», – расказвае Надзежда Халько. Дарэчы, у калектыве яе называюць камандзірам, таму што мае моцныя арганізатарскія магчымасці і кожнаму прыйдзе на дапамогу. Так, касцюмы калектыву жанчына пашыла сама, дзесьці месяц на гэты занятак спатрэбіўся.

Але таленты хайнічанкі на гэтым не закончыліся. Так, дзякуючы падтрымцы Еўрапейскай камісіі ў раёне рэалізаваўся міжнародны праект «Садзейнічанне дзейнасці мясцовых органаў улады г. Хойнікі». Надзежда Халько наведвала тэатральныя і камп’ютэрныя курсы. Адразу ж знайшла ім прымяненне ў буднічным жыцці – ўдала сыграла ролю свякрухі ў камедыйным спяктаклі «Эти загадочные мужчины», які паказалі ў Цэнтры культуры. Прычым у зале быў аншлаг, акцёры справіліся са сваімі ролямі, мяркуючы па водгукам хайнічан. «Мабыць мне лёгка было пераўвасобіцца ў ролю свякрухі на сцэне, бо я і так ёю з’яўляюся, адчувала сябе ў сваёй талерцы. Зразумела, што выкладвалася на ўсе сто працэнтаў, каб гледачы пранікліся», – зазначае жанчына.

Падцягнуць сябе ў плане інфармацыйных тэхналогій таксама было патрэбна. Зараз ужо намнога лепш справы ідуць у Надзежды Халько што з камп’ютарам, што з мабільным тэлефонам. Скажу вам, гэта жанчына зараз на адным узроўні з моладдзю. Фотаздымак лёгка можа адправіць знаёмым ці пракаментаваць чарговы пост, «палайкаць», у вайберы перапісваецца з сяброўкамі. У цэлым, інтэрнэт асвоіла. Напрыклад, менавіта яна адна з самых актыўных падпісчыкаў у нашай афіцыйнай групе ў Інстаграм, удзельнічае ў конкурсах і станавілася пераможцай. Вось не так даўно схадзіла на канцэрт беларускай  групы «Тяни-толкай».

На развітанне Надзежда сказала мне, што на гэтым не спыніцца, а плануе спасцігаць новыя вяршыні. Вось я і не сумняваюся, што так і будзе.

Кароткія звесткі пра Надзежду Халько

  • Працавала тэлефаністкай

  • Трое дзяцей, трое ўнукаў і двое праўнукаў

  • З мужам Васіліем 35 гадоў разам

  • Ката завуць Вася

  • Нарадзілася ў Тамбоўскай вобласці

  • Любіць перадачы пра жывёл

  • Каронная страва – манты

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара, Алены СМУСЯНОК і з асабістага архіву гераіні.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *