Простае шчасце людское

Год малой радзімы

Родная вёска… Якая яна? Самая прыгожая, самая жаданая і светлая.

Тут самае высокае неба і духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і зялёныя сенажаці. Родная вёска – гэта родны дом, карані, матуліна песня, шчырыя і спагадлівыя суседзі. Менавіта такой, самай дарагой сэрцу, для Марыі Кужэль з’яўляецца яе родная вёска Рабец.

У мінулы раз, калі я прыязджала сюды, лінуў моцны дождж. За хвіліну я змакрэла да ніткі. Тады Марыя Рыгораўна выратавала мяне з дажджавога палону, запрасіўшы ў дом. Таму цяпер мне захацелася завітаць у госці менавіта да яе, даведацца пра справы.

Жанчына як раз глядзела прагноз надвор’я па тэлевізару і зазначыла, што заўтра пацяплее. Але мне стала цяплей значна раней – ад цёплай, душэўнай гутаркі з ёй. На жаль, пайшоў з жыцця яе муж, але па-ранейшаму радуюць дзеці і ўнукі, якія прыязджаюць кожныя выхадныя. Яны любяць бываць у вёсцы – дапамагаюць, ды і проста адпачываюць душой у вясковай цішыні.

Ведаеце, зараз столькі навін, падзей, мітусні, шмат аб чым думаеш, хвалюешся, а тут пабыў некалькі хвілін у добрага чалавека і здабыў спакой. Менавіта вясковыя людзі прымушаюць мяне задумвацца аб галоўным. Вяртаючыся ў рэдакцыю, узгадала верш Максіма Танка «Шчасце»:

Простае шчасце людское,
Так, як і наша з табою,
Пэўна, складаецца з солі,
З хлеба, сабранага ў полі,
З поту, з дарожнага пылу,
З роднага небасхілу,
З дружбы, мацнейшай ад смерці,
З песні… І так мне здаецца:
Каб з чаго іншага скласці,
Дык ці было б яно шчасцем?

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *