Да Дня пажарнай службы Гістарычная даведка


Гісторыя стварэння Хойніцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сваімі каранямі ўходзіць у далёкае мінулае. Створаная на добраахвотных пачатках, хутка пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, пажарная каманда ў той час працавала па двух напрамках: папярэджванне і тушэнне пажараў.


Першыя звесткі аб яе стварэнні ў мястэчку Хойнікі маюцца ў Гомельскім абласным архіве. З даклада брандмайстра каманды Гузоўскага следуе, што 1 мая 1919 года ў мястэчку Хойнікі з санкцыі мясцовага валвыканкома арганізавана вольна-пажарнае таварыства па нармальнаму грамадскаму статуту. У маі 1920 года таварыства падверглася нападкам з боку польскіх улад. Праз год яно было рэарганізавана ў добраахвотную пажарную    каманду.

У канцы 1932 года ў г.п. Хойнікі існавала гарадская пажарная каманда. Структура яе была нечым падобна на цяперашнюю, прыярытэт аддаваўся баявой працы – тушэнню пажараў. На базе гаража Хойніцкай машынна-трактарнай станцыі таксама была створана добраахвотная пажарная каманда з ліку работнікаў МТС.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны гарадская пажарная каманда ў г.п. Хойнікі Палескай вобласці размяшчалася ў драўляным будынку па вул. Жыляка, 1.

У 1950 годзе штатная колькасць па апарату Хойніцкай гарадской пажарнай каманды складала 14 чалавек. У 1967 годзе арганізуецца прафесійная пажарная часць.

З кастрычніка 1965 года па красавік 1972-га прафесійную пажарную часць г. Хойнікі ўзначальваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Яфімавіч Пасюта.

З 1 ліпеня 1995 года ствараюцца асобныя пасты ваенізаванай пажарнай службы УВПС упраўлення унутраных спраў Гомельскага аблвыканкома ў сельскай мясцовасці – вёсках Вялікі Бор і Казялужжа, з лістапада таго ж года – у вёсках Веляцін і Глінішча.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.09.1998 года ваенізаваная пажарная служба выдзелена з саставу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і далучана да Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, загадам якога ад 31.05.2001 года ствараюцца раённыя (гарадскія) аддзелы па надзвычайных сітуацыях Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. Створаны ў тым ліку і Хойніцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

З 2003 года Хойніцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях узначальвае падпалкоўнік унутранай службы Аляксандр Мікалаевіч Протчанка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *