Падарункі, словы падзякі, пытанні

Власть

Чарговы дзень дэпутата быў багаты на розныя эмоцыі.

У рамках акцыі да 75-годдзя Вялікай Перамогі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ала Смаляк і старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Ігнатавіча Шкурко і тылавіка Віктара Сямёнавіча Мамаева. Падарункі, словы падзякі за іх ваенныя і працоўныя подзвігі, пажаданні здароўя і бадзёрасці сталі прыемным бонусам да візіту.

Пытанні ад насельніцтва, пажаданні, звароты прымалі ў гэты дзень на «прамой лініі». Давялося ў гэты раз старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіне Бондар разбірацца і ва ўзаемаадносінах паміж суседзямі. Не першы год цягнецца гэтая сітуацыя, то заціхаючы, то разгараючыся зноў. На жаль, паразумення яшчэ не знайшлі. Але ж галоўнае, аб чым неабходна памятаць кожнаму чалавеку – гэта ўзаемная павага. Сапраўды, у сённяшні супярэчлівы час патрэбна быць лагоднымі адзін да аднаго, паважаць правы і свабоду іншых, цаніць тых, хто побач, і тое, што яны робяць. І звяртаць увагу на лепшае. Спрэчкі і злосць толькі негатыў нясуць. Паверце, кветкі пад вокнамі саджаюць не для таго, каб іх ламалі, а для таго, каб усе разам любаваліся іх прыгажосцю і радаваліся кожнаму пражытаму дню. І настрой сабе патрэбна ўзнімаць не спрэчкамі, а добрымі справамі.

Была ў гэты дзень і падзяка. Жыхары н.п. Храпкаў выказалі яе за вырашэнне раней пададзеных пытанняў.

Жыхары вул. Садовая райцэнтра паскардзіліся на недастатковае вулічнае асвятленне. Пытанне накіравана ў КЖУП «Хойніцкі камунальнік» для выпраўлення сітуацыі.

Таксама былі растлумачаны звароты, якія датычылі праводзімага на тэрыторыі раёна месячніка па навядзенні парадку на зямлі.

Прыём грамадзян старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар правяла ў Стралічаўскім сельвыканкаме. Сумесна са старшынёй сельвыканкама Валянцінай Бельскай і дырэктарам КСУП «Эксбаза «Стралічава» Уладзімірам Бондарам абмеркавалі пытанні добраўпарадкавання тэрыторый сельгаспрадпрыемства і сельсавета.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *