Шукалі ў зоне адпачынку


У чацвер, 30 ліпеня, пры правядзенні чарговага рэйду па тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і прылеглай да 30-кіламетровай зоны тэрыторыі на працягу 6 гадзін не ўдалося выявіць ніводнага парушальніка. Бязлюднымі былі лясныя дарогі, вадаёмы, вуліцы адселеных вёсак. На месцы пахаваных вёсак Рудыя, Плоскае, Чахі засталіся бугры грунту над траншэямі і калодзежамі. Работнікі рэспубліканскага спецыялізаванага унітарнага прадпрыемства “Палессе” Дэпартамента Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь працавалі ў вёсках Губарэвічы і Мокіш  па зносу і пахаванню будынкаў, а ў в.Чырвонае Возера – кустоўя.

Ні аб тэмпах, ні аб якасці работ адказны ад “Палесся” паведаміць адмовіўся, растлумачыўшы гэта тым, што з нядаўняга часу без узгаднення з “вярхамі” нейкія каментарыі і звесткі даваць забаронена, акрамя таго, што работы вядуцца ў межах выдзеленых сродкаў згодна з дакументацыяй, час знаходжання людзей на аб’ектах строга рэгламентаваны, бо працуюць яны на землях, дзе шчыльнасць забруджвання складае больш за 15 кюры на кіламетр квадратны.

Трэба сказаць, што ў апошні час стала менш выяўляцца выпадкаў пранікнення грамадзян у зону радыеактыўнага забруджвання. Тлумачыцца гэта не бяздзейнасцю тых, хто павінен выяўляць парушальнікаў, а менавіта актывізацыяй іх работы, у тым ліку і  праз сродкі масавай інфармацыі. За апошнія тры месяцы ўсё ж выяўлены тры факты.

21 мая ў раёне выселенай і пахаванай вёскі Плоскае супрацоўнікамі аддзялення па ахове ПДРЭЗ, аддзела ўнутраных спраў райвыканкома затрыманы хайнічане Андрэй Міхайлавіч Коцур, Генадзій Мікалаевіч Каток і Пётр Міхайлавіч Кобрусеў, якія ў 16 гадзін на матацыкле рухаліся ў напрамку запаведніка. Неяк самавіта растлумачыць, чаму там аказаліся, яны так і не змаглі.Складзены адміністрацыйныя дакументы на парушальнікаў па арт. 16.3 ч. 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і перададзены ў Хойніцкі раённы суд. Рашэннем яго ад 25 мая 2009 года Коцур, Каток і Кобрусеў аштрафаваны на 350 тысяч  рублёў кожны.

25 ліпеня ў 9 гадзін раніцы ў час сумеснага рэйду  па воднай акваторыі зоны ПДРЭЗ і ракі Прыпяць спецыялістамі Адміністрацыі зон і базы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння  на возеры непадалёку ад вёскі Ломыш затрыманы Я.К. Раманенка. Яўгеній Канстанцінавіч прыехаў ажно з Мінска. Успомніў ён, як клявала добра на тым азярцы ў 1985 годзе, і вырашыў паўтарыць удалую рыбалку на лодцы. Аднак  акрамя выдаткаў за дарогу давядзецца яму па рашэнню суда Савецкага раёна г. Мінска, куды накіраваны адміністрацыйныя дакументы, заплаціць яшчэ і адчувальны штраф.

Тое ж датычыць і былых жыхароў вёсак Стралічава і Губарэвічы, якія цяпер жывуць у Гомелі, братоў-блізнят Юрыя і Сяргея Дашукоў і Андрэя Радзевіча. Яны вырашылі наладзіць пікнічок на бацькоўскай зямлі, а каб весялей было, прыхапілі па дарозе на Рэчыцкім перакрыжаванні Тамару Лагвінец, якая “галасавала” там, прыехаўшы з Калінкавіч. Матэрыялы на парушальнікаў перададзены ў Хойніцкі раённы суд, а на 16-гадовую Тамару – у камісію па справах непаўналетніх у Калінкавіцкі райвыканком, дзе яна знаходзіцца на ўліку.

…Думаецца, што кожнаму жыхару раёна добра вядома, што без дазволу пранікненне ў зону радыеактыўнага забруджвання строга забаронена. Аднак не лішнім будзе яшчэ раз напомніць, што гэта пагражае штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь. І што ў вясенне-летні перыяд трэба быць асабліва асцярожнымі з агнём, асабліва ў тых гаспадарках і населеных пунктах, якія мяжуюць з 30-кіламетровай зонай.


Я. КРАЎЧАНКА,
галоўны спецыяліст Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення па Хойніцкаму раёну.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *