Навінка на рапсавым палетку

Сельское хозяйство

Па плану восеньскай сяўбы гаспадаркам раёна пад ураджай 2010 года неабходна пасеяць 3600 гектараў азімага рапсу. Пад гэтыя плошчы сельгаспрадпрыемствам патрэбна мець каля 30 тон насення. Уся гэтая колькасць насеннага матэрыялу на сённяшні дзень маецца ў КУП “Эксбаза “Стралічава”, якая і будзе забяспечваць ім астатнія гаспадаркі.

Асаблівасцю сёлетняй сяўбы азімага рапсу з’яўляецца той факт, што ў гэтым годзе гаспадаркам упершыню прапануецца новы суперэлітны сорт гэтай культуры – “Зорны”. У адрозненне ад мінулагодняга азімага рапсу сорту “Лідэр” навінка з’яўляецца больш зімовастойкім і больш ураджайным сортам. Аднак “Зорны” больш патрабавальны да ўрадлівасці глебы, таму і рыхтаваць яе патрэбна вельмі якасна за кошт больш стараннага ворыва.

Усё наяўнае насенне азімага рапсу ачышчана, а 12 яго тон па стану на 4 жніўня праверана і прызнана кандыцыйным. Думаецца, што па кандыцыйнасці не будзе праблем і з астатнімі 18 тонамі, якія цяпер знаходзяцца на праверцы.

Зараз пачаліся работы па пратручванню насення. Эксбаза “Стралічава” набыла ў ААТ “Гомельхімсервіс” неабходную колькасць пратручвальніка “Кінта дуо”, які эканамічна больш выгадны для апрацоўкі насення супраць хвароб раслін, чым прэпарат “Круйзер-рапс”, які выкарыстоўваўся ў мінулым годзе. Да таго ж, новы прэпарат і каштуе амаль у 7 разоў танней. Якаснаму пратручванню насення азімага рапсу павінна паспрыяць і новая дазіруючая сістэма, якая зманціравана на пратручвальнай машыне ў КУП “Эксбаза “Стралічава”. Зараз гэтая гаспадарка мае магчымасць забяспечваць насеннем азімага рапсу не толькі гаспадаркі раёна, але і за яго межамі.

Пры сяўбе азімага рапсу важна захоўваць норму высявання насення для таго, каб пазбегнуць загушчэння пасеваў – пры гэтым яны лепш перазімуюць. Адзначу таксама, што праз 2-3 дні пасля сяўбы неабходна правесці хімпраполку азімага рапсу, якая не дасць пустазеллю “забіць” культурныя расліны, а таксама не дазволіць яму загусціць пасевы. Пры гэтым эфектыўнымі будуць такія прэпараты, як “Буцізан-400”, “Султан” і “Трофі”, якіх у раёне маецца для апрацоўкі толькі 305 гектараў. Таксама непакоіць тое, што наогул адсутнічаюць прэпараты для правядзення хімпраполкі ў ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, агракамбінаце “Віць”, эксбазе “Стралічава” і КСУП “Велікаборскі”.

І ўсё ж галоўнымі задачамі гаспадарак на сённяшні дзень з’яўляюцца якасная падрыхтоўка глебы, а таксама ўнясенне неабходнай колькасці мінеральных угнаенняў.


А. ЧЭКАН,
начальнік інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін па Хойніцкаму раёну.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *