Распачалі!

Сельское хозяйство

Пачалося жніво! Над палеткамі загучала яго песня – у шораху раслін, у рокаце камбайнавых рухавікоў, шматтонных грузавікоў, якія нястомна снуюць па полі. Прыгожая песня і непаўторны пах…

Яны – аграномы, камбайнеры, вадзіцелі – так чакалі гэтага выхаду ў поле і стартавалі, поўныя энтузіязму і з бляскам у вачах. Для іх гэта сапраўднае свята. Свята, якое адчуваюць душой і сэрцам. Гэта няпроста «высокія» словы. Мне пашчасціла ведаць усіх гэтых герояў палёў, і бачылі б вы, у якім прадчуванні і хваляванні яны знаходзяцца напярэдадні жніва і якую асалоду атрымліваюць, калі першы раз выходзяць у поле.

Аляксандр Кардаш

Андрэй Краўчанка

Васілій Кузьменка

Так, праца гэта складаная і манатонная, але хлебаробы апантаныя работай і жаданнем выканаць яе добра. Ведаеце, ёсць у гэтай манатоннай працы нешта філасофскае – у людзей зямлі іншыя, сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці…

Рыгор Сцішанок

Фёдар Ефіменка

Аляксандр Мастабай

На гэтым тыдні мы пабывалі ў трох гаспадарках раёна – КСУП «Веляцін», «Судкова» і «Імя І.П. Мележа». Прыязджаю на першае поле. «Давай наверх, пракачу з ветрыкам», – камбайнер гасцінна запрашае ў кабіну айчыннага камбайна. Так, пад гул матора пачынаецца наша гутарка. Адчуваю, што настрой у субяседніка выдатны. «Прыбраць хутка і без страт – вось і ўся матывацыя для мяне», – зазначае юнак. Кандыцыянер напаўняе кабіну прахалодай, а прыёмнік – музыкай. Справа добра спорыцца. Тым часам пад’язджае МАЗ на загрузку – няспынным патокам у вялікі кузаў льецца чорны рапсавы «вадаспад».

Дзмітрый Юшкевіч

Пры добрым надвор’і мерны ход работы на палях парушаецца толькі на абед і вячэру. Спякота для хлебаробаў і радасць, і выпрабаванне. Дарэчы, яны ўжо ўсе загарэлыя, і я на іх фоне прыкметна вылучаюся.

Добры пачатак жніва атрымаўся – на камбайне пакаталася, выдатным настроем зарадзілася, ды яшчэ і цукеркамі пачаставалі. Дарэчы, у раёне пачалі ўбіраць не толькі рапс, але ўжо і збожжавыя.

Безумоўна, жніво – гарачая пара не толькі для хлебаробаў, але і для старшыні райвыканкама Анатолія Бандарэнкі. Штодня ён аб’язджае гаспадаркі, аглядае палі, трымае на асабістым кантролі ўсе нюансы уборачнай кампаніі. Пры магчымасці размаўляе з камбайнерамі і вадзіцелямі, цікавіцца справамі і настроем.

Што ж, з пачаткам жніва, хлебаробы! Няхай тэхніка не падводзіць, добрага надвор’я і поўных засекаў!

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *