Давярай, але правярай


Нормы і патрабаванні санітарнага заканадаўства выконваюцца далёка не ва ўсіх гандлёвых кропках горада і раёна, што і паказалі вынікі ліпеньскіх праверак, праведзеных работнікамі Хойніцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

У магазіне “Дзяжурны” райспажыўтаварыства не праводзяцца дэзінсекцыйныя мерапрыемствы супраць мух і не выконваецца графік правядзення санітарных дзён, а ў гандлёвай зале на час праверкі ў рэалізацыі знаходзіліся тавары са скончаным тэрмінам годнасці. Акрамя таго, двума работнікамі магазіна не пройдзена флюараграфічнае абследаванне.

Ад надакучлівых мух, якія вольна і смела адчуваюць сябе ў гандлёвай зале, даводзіцца адмахвацца пакупнікам і работнікам магазіна № 9 Гомельскага прадпрыемства рабочага забеспячэння, больш вядомага ў нашым горадзе пад назвай “Двайны”. Тут з халадзільнай вітрыны ў гандлёвай зале рэалізоўвалася мясная прадукцыя са скончаным тэрмінам годнасці, а рыба і морапрадукты захоўваліся не пры належным тэмпературным рэжыме. Работнікі магазіна не ў поўнай меры забяспечаны спецадзеннем, не ўсе яны прайшлі медыцынскі агляд, не ўпарадкавана захоўванне транспартнай тары. Таксама не захоўваецца графік правядзення санітарных дзён.

Прадукты са скончаным тэрмінам годнасці рэалізоўваліся ў магазінах “Зручны” і “Дарожны” райспажыўтаварыства, у магазіне “Гаспадынька” АСП “Камбінат грамадскага харчавання”.

Непарадкі выяўлены і ў магазіне ў цэнтральнай раённай бальніцы (належыць ён АСП “Камбінат грамадскага харчавання”). Тут адсутнічаюць умовы для мыцця рук прадаўца, суправаджальныя дакументы на кулінарную прадукцыю аформлены не ва ўстаноўленым парадку, не было адзнакі ў санітарнай кніжцы прадаўца аб праходжанні абавязковага навучання па праграме гігіенічнай падрыхтоўкі.    

Не ўсё ладна і на складах райспажыўтаварыства. Напрыклад, стан памяшкання і абсталявання склада № 1 не адпавядае дзеючым санітарна-тэхнічным і гігіенічным патрабаванням. Санітарныя дні тут наогул не прадугледжаны планам работы, а свежая садавіна захоўваецца не пры належным тэмпературна-вільготным рэжыме.

За парушэнні санітарнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 5 пасадавых асоб райспажыўтаварыства і загадчыца магазіна № 9 Гомельскага прадпрыемства рабочага забеспячэння. Па выніках праверак галоўным дзяржаўным санітарным урачом Хойніцкага раёна вынесена 4 пастановы аб прыпыненні эксплуатацыі гандлёвых  аб’ектаў – магазіна “Зручны” (для правядзення дэзінсекцыйных работ супраць мух), “Дзяжурны” і № 9 (абодва – на санітарны дзень), а таксама склада № 1 (на абмежаванне рэалізацыі садавіны з-за адсутнасці належных умоў яе захоўвання). Вынесена 6 пастаноў аб забароне рэалізацыі 29 кілаграмаў харчовых тавараў са скончаным тэрмінам годнасці.

У такім разе, калі ў вас, паважаныя чытачы, узніклі нейкія сумненні пры пакупцы харчовых тавараў, абавязкова патрабуйце ў прадаўца адпаведныя дакументы якасці на сумніўны прадукт: як кажуць, давярай – але правярай.


С. КРАЎЧАНКА,
в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Хойніцкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *