Супраць стыхіі – разам


DSC_0048Дома або ў рабочым кабінеце чалавеку ад бязлітаснай спякоты можна неяк выратавацца. А вось экасістэмы – палі, лясы, тарфянікі, кустарнікі, траву – кандыцыянерам не накрыеш. Максімальны 5-ы клас пажарнай небяспекі захоўваецца на гэтым тыдні ў чатырох раёнах Беларусі: Брагінскім, Акцябрскім, Хойніцкім і Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці.

Начальнік райааддзела на надзвычайных сітуацыях В.В. Сацура адзначыў, што за тры дні, з 2 па 5 жніўня на тэрыторыі раёна адбылося 6 узгаранняў торфянікаў на плошчы каля 9 гектараў . Прычына – праславуты чалавечы фактар, нават пры самай высокай спякоце пажары самі па сабе не здараюцца. Нягледзячы на тое, што ўведзена забарона на наведванне лясоў, не ўсе гэта прынялі да ведама. І ўжо чатыры жыхары горада за парушэнне рэжыму прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу 10 базавых велічынь.
DSC_01035 жніўня карэспандэнты «Хойніцкіх навін» накіраваліся ў эпіцэнтр узгарання ва ўрочышчы Казіныя Рогі каля былой вёскі Бераснёўка на плошчы паўтара гектара з мэтай даведацца, як арганізавана тут праца зводнага атрада – з ліку работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ДЛГУ «Хойніцкі лясгас», Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, прадпрыемства меліярацыйных сістэм – на тушэнні тарфянікаў. У распараджэнні атрада 20 адзінак спецыяльнай тэхнікі і больш 200 чалавек. Сіламі атрада ліквідаваны ўжо экапажары каля вёсак Глінішча, Каранёўка, Клівы.
…Ужо здалёк быў бачны дым ад пажару, а ў некалькіх сотнях метраў ад яго мірна знаходзіўся на пашы грамадскі статак. Пастухі і падказалі, як праехаць да месца, дзе сустрэў нас намеснік начальніка РАНС А.В. Шутаў, які каардынуе тут работу атрада. Інжынер па ахове і абароне лесу лясгаса І.У. Іваноў зазначыў, што калектыў іх пажарна-хімічнай станцыі ў саставе 10 чалавек змагаецца тут з агнём два дні, работы пачынаюць у 7.00 і заканчваюць пасля 21.00. Практычна без перапынкаў, спыняюцца толькі на час перакусу прыхопленымі з дому тармазкамі.
DSC_0030Мы ўвачавідкі ўпэўніліся, што тушыць тарфянік, які гарыць, нават на ранняй стадыі, брудная, мокрая і нецікавая работа. Тарфянік – гэта велізарная губка. Толькі гарачая. Каб яе патушыць, торф патрэбна проста прапітаць вадой і старанна перамяшаць жыжу, якая атрымалася. Вось уласна і ўсё. Праўда, даводзіцца гэта рабіць, гадзінамі стоячы ў той самай жыжы.
– Справу гэту ведаем, – гаварылі ва ўнісон байцы з ПХС лясгаса Ю.І. Ахрэмчык, В.С. Анісенка, вадзіцель пажарнай машыны, А.Д. Мазырэц, які, дарэчы, дапамагаў ва ўборцы збожжавых ААТ «Хойніцкі Аграсервіс». – І робім усё магчымае, каб лакалізаваць узгаранне, каб пажар не парушыў экасістэму. Бліжэйшая крыніца вады, як бачыце, размешчана побач, пад’езд да канала вольны, што дазваляе арганізоўваць бесперабойную падачу вады шасцю мотапомпамі. У такім жа рэжыме працуюць на тушэнні тарфянікаў прадстаўнікі запаведніка і ПМС.
Калі вярталіся ў рэдакцыю, па лясной дарозе размінуліся з трактарам МТЗ-82, які ішоў з райцэнтра рабіць падкопку канала, каб вада не заканчвалася.
У менталітэце хайнічан працаваць на важных работах разам. Як жыхары горада, прадстаўнікі розных калектываў, дапамаглі ва ўборцы ўраджаю, таксама разам працуюць яны і на ліквідацыі ўзгаранняў.
Работнікі РАНС заклікаюць жыхароў да сумлення і напамінаюць, што часта выкінуты з акна аўтамабіля або пры прагулцы пехатой акурак або асколак звычайнага шкла, які быццам прызма праламляе сонечныя праменні, і правакуюць узгаранне. Гарэнне торфу адбываецца кропкавымі ачагамі пад зямлёй. Такія пажары могуць ахопліваць вялікія плошчы, іх тушэнне патрабуе вялікай матэрыяльных выдаткаў і людскіх рэсурсаў.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *