І мы там былі…

Культура

Сёння ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна адбыўся VI Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся».

Асабіста я на гэтым фестывалі пабывала ў другі раз. І, скажу вам, адрозненне капітальнае. Тое, што зрабілі арганізатары мерапрыемства падчас падрыхтоўкі, заслугоўвае павагі. Сапраўды, работы праведзена шмат, пляцоўкі цудоўныя, афармленне тэматычнае, а вежа, з якой адкрываецца від на месца правядзення свята, – асобная размова. Нават я са сваёй бояззю вышыні туды палезла, каб зрабіць для вас цудоўныя фотаздымкі.

Рады рамеснікаў і гандляроў, майстэрні, пляцоўкі раёнаў, дзе чаго толькі прадстаўлена не было, выставы, дзіцячыя атракцыёны. Што дарослыя, што дзеці знаходзілі сабе занятак па душы.

Хойнікшчына – шчодрая душа. Менавіта гэтымі словамі гасцінна сустракаў гасцей фестывалю падворак нашага раёна. Частавалі прысмакамі, запрашалі згуляць у бяспройгрышную латарэю, набыць лялькі і ўпрыгожванні, зробленыя ўласнаручна хойніцкімі майстрыхамі, атрымаць асалоду ад музыкальных кампазіцый.

Дарэчы, сёлетні фестываль быў прысвечаны Году малой радзімы і этнічнай міфалогіі. На адкрыцці ўраджэнцы беларускага Палесся – старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы, дырэктар ААТ «Спецжалезабетон» Васілій Басевіч, генеральны дырэктар РУП «ВА «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў – названыя «Ганаровымi палешукамi». Пераможцай конкурс «Міс «Палеская прыгажуня» стала Аляксандра Бобель, жыхарка Петрыкава.

Дарэчы, наш раён узнагароджаны Дыпломам за актыўны ўдзел у VI Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Не мяняем традыцый прадстаўляць Хойнікшчыну на мерапрыемствах рознага ўзроўню на выдатна.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *