Спадарожніца ў жыцці — песня


Нехта з вялікіх аднойчы сказаў, што геніі нараджаюцца адзін раз у тысячу гадоў. Хто ведае, можа браты Мядзведзевы – трынаццацігадовы Сяргей і дзесяцігадовы Алег праз нейкі час прымусяць гаварыць аб сабе грамадскасць. Тым больш, што перадумовы для гэтага ёсць ужо зараз – яны валодаюць цудоўным вакалам, могуць увасабляцца ў сцэнічны вобраз, маюць станоўчыя водгукі прафесіяналаў.

А пакуль юнымі спевакамі захапляюцца хайнічане, аб чым сведчаць дружныя апладысменты пасля іх выступленняў.

– Рабяты, раскажыце, калі ласка, аб сваім шляху да музыкі.

Алег:
З шасцігадовага ўзросту наведваю вакальнае адзяленне музычнай школы. Гады вучобы былі напоўнены мэтанакіраванай творчай працай: даводзілася многа часу праводзіць на занятках і рэпетыцыях. Іх і можна лічыць маімі першымі крокамі да музыкі. З цягам часу пачаў удзельнічаць у школьных канцэртах і музычных конкурсах. І вось цяпер выступаю перад хайнічанамі на многіх раённых мерапрыемствах.

Сяргей: Атрымліваць музычную адукацыю мне, як і малодшаму брату, дапамагаюць настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў, дзе асвойваю навыкі ігры на акардэоне.  Займаюся пяць год.  Магчымасць паказаць свае здольнасці на вялікай публіцы мы з Алегам атрымалі пасля таго, як нас заўважылі работнікі ГЦКіС і запрасілі выступаць у канцэртных праграмах разам з імі. Спяваем у асноўным дуэтам, а таксама ў саставе вакальнага ансамбля “Светлячок”.

– Ці памятаеце свой дэбют? Якія ўражанні і пачуцці поўнілі душу?

Алег: Памятаю вельмі добра. Раён адзначаў “Дажынкі”. На пляцоўцы каля “Меліяратара” песнямі і танцамі герояў жніва ўшаноўвалі самадзейныя артысты, у лік якіх трапіў і я.  У маім выкананні прагучала песня “Антошка”. Перад выхадам на сцэну, зразумела, хваляваўся, але з першымі акордамі песні супакоіўся. Дэбют Сяргея адбыўся крыху пазней.

– Раскажыце аб вашых творчых здабытках.

Сяргей: Мы радуемся кожнай, нават самай маленькай перамозе. Таму граматы і дыпломы, якія атрымліваем на фестывалях і конкурсах, для нас вялікая каштоўнасць. Не так даўно наша скарбонка дасягненняў папоўнілася дыпломамі за актыўны ўдзел у культурна-масавых мерапрыемствах горада і раёна і за выступленне ў ХХІ Міжнароднай сацыяльна-творчай праграме “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”.

–  Ці не перашкаджае ваша захапленне вучобе?

Алег: Ніколькі. Я так планую свой час, каб усюды паспяваць. З задавальненнем вучуся ў гімназіі, пасля ўрокаў наведваю факультатывы. А ўвесь вольны час прысвячаю музыцы, кнігам і сяброўству.

Сяргей: Не, нават, наадварот. Лічу, што захапленне музыкай і стымулюе мяне. Занятасць вучыць цаніць і правільна размяркоўваць час. Стараюся сумяшчаць вучобу ў гімназіі і ў дзіцячай школе мастацтваў.

– Вы выконваеце цудоўную песню “З сябрамі”. А што для вас сяброўства, і што вы ў ім перш за ўсё цэніце?

Алег: Адкажу вам фразай з гэтай жа песні “з сябрамі бяда не бяда”. Лічу, што сапраўдны сябар павінен заўсёды быць гатовы прыйсці на дапамогу.

Сяргей: Мой дэвіз  “Не мей сто рублёў, а мей сто сяброў”. Упэўнены, што надзейнага сябра не заменяць ніякія грошы. У маім разуменні асноўныя складаючыя сяброўства – узаемадапамога і сумленнасць.   

 – Падзяліцеся сваімі марамі і планамі на будучыню.

Разам: Стаць артыстамі эстрады і пабываць за мяжой.


Гутарыла Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *