Бліц-апытанне: 5 пытанняў 5 маладым спецыялістам сельскай гаспадаркі

Сельское хозяйство

Штогод працоўныя калектывы сельгаспрадпрыемстваў раёна папаўняюцца «навабранцамі»: актыўнымі, ініцыятыўнымі, са свежым поглядам маладымі спецыялістамі.

Якія іх першыя крокі ў самастойную і працоўную дзейнасць – пра гэта мы запыталі ў прадстаўнікоў маладога папаўнення.

1. Чаму абралі менавіта гэтую прафесію?

2. Як прынялі ў калектыве?

3. Што падабаецца ў вашай працы, а што не?

4. На што патрацілі ці плануеце выдаткаваць першы заробак і «пад’ёмныя»?

5. Уявіце: вы – міністр сельскай гаспадаркі. Што б змянілася?

Антон ГОВАР, інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі КСУП «Аравічы»:

1. Пасля школы планаваў паступаць на настаўніка, а ў выніку атрымалася тое, што атрымалася (усміхаецца). Вучыўся ў Калінкавічах, на механіка. Чаму пераважыла менавіта гэта спецыяльнасць? Па-першае, хацеў адгародзіць сябе ад папяровай працы, ды і хварэю аўтамабілямі, тэхнікай. Таму, што так складваецца лёс, не засмучаны, бо жыву па прынцыпе: усміхніся жыццю – і яно ўсміхнецца табе!

2. Прынялі мяне добра. Я заўсёды магу разлічваць на падтрымку, параду і дапамогу як з боку адміністрацыі, так і з боку калектыва. І гэта прыемна. Я толькі пачынаю сваю прафесійную дзейнасць і, канешне, баюсь дзесьці памыліцца, бо многага не ведаю. Але мяне падтрымліваюць і накіроўваюць у правільнае русла.

3. Адназначна адказаць на пытанне: што падабаецца ў рабоце, а што – не, складана. Я пакуль прахожу адаптацыю і ўліваюся ў працоўнае жыццё. Для мяне ўсё новае – і гэта цікава.

4. Вельмі моцна стаў захапляцца матацыкламі, мару яго набыць. Машына ўжо ёсць, цяпер патрэбны «жалезны конь».

5. Ну і пытаннечка задалі! Нават і ўяўляць не буду. У мяне цяпер галава ідзе кругам ад розных папер – што ўжо казаць пра міністра? Галоўнае, каб міністр быў чалавекам ад зямлі, добра ведаў турботы і клопаты вяскоўцаў.

Андрэй ЛАБАДА, заатэхнік КСУП «Веляцін»:

1. Шчыра скажу, што гэта не мара з дзяцінства, а хутчэй збег абставінаў. Але я нарадзіўся ў вёсцы і добра ўяўляў, што такое сельская гаспадарка. Разумеў, адкуль малако трапляе ў крамы, і дзе мне давядзецца працаваць. Абраная прафесія няпростая, але цікавая. Скардзіцца на штосьці? Гэта не ў маіх правілах. Лічу, галоўнае – любіць працу. Увогуле, любая работа будзе цяжкая, калі яна не падабаецца.

2. У калектыве сустрэлі добра. Магчыма, мне прасцей таму, што я мясцовы. Наша гаспадарка ў жывёлагадоўлі даволі трывалая. Я працую на Пудакоўскім малочна-таварным комплексе. Умовы тут выдатныя: і для жывёлы, і для людзей. Мне патрэбна было выходзіць на працу з першага жніўня, але я не хацеў сядзець дома, таму прыступіў да справы ўжо ў сярэдзіне ліпеня. Мне прапанавалі жыллё, аднак я адмовіўся, бо жыву з бацькамі, як кажуць, дах над галавой ёсць, а магчыма, дом некаму больш патрэбны будзе.

3. Яшчэ вельмі мала працую, каб рабіць такія высновы. Але ў любой рабоце мне падабаецца вынік, безумоўна, калі ён станоўчы.

4. Усе грошы, канешне, траціць не буду. Частку заробку ўжо выдзеліў на абнаўленне гардэроба, яшчэ крыху пакінуў на паездку да сябра ў Рэчыцу.

5. Цікавае пытанне. Напэўна, трэба падымаць прэстыж сельскагаспадарчых прафесій, каб моладзь пасля вучобы вярталася на вёску, заставалася тут жыць. Але выдатна разумею, што гэта ў сённяшніх рэаліях вельмі складана.

Марына ГАРДЗЕЕНКА, ветурач КСУП «Эксбаза «Стралічава»:

1. Для мяне заўсёды было важна, каб мая будучая прафесія была цікавай, карыснай і добра аплачвалася. У дзяцінстве марыла стаць настаўніцай, але з часам зразумела, што гэта ўсё ж такі не маё. Я вельмі люблю жывёл, заўсёды імкнуся ім дапамагаць. У дзясятым класе вырашыла, што хачу лячыць жывёл і што ў будучыні я дакладна буду ветэрынарным урачом. Менавіта таму абрала гэтую прафесію. Гэта ўзважанае рашэнне, аб якім я не шкадую.

2. Было вельмі страшна прыходзіць на працу ў новы калектыў. Але мае апасенні былі марнымі. У дружным калектыве Стралічаўскага ДМБ, ды і наогул усёй гаспадаркі, мяне прынялі па-бацькоўску. Тут я адразу ж адчула падтрымку і клопат з боку кіраўніцтва і старэйшых калег. Сёння я ўжо камфортна адчуваю сябе.

3. Я яшчэ ў пачатку працоўнага шляху і мне складана адказаць на гэтае пытанне. Зразумела, бываюць і цяжкасці, і праблемы, як і ва ўсіх, але галоўнае – бачыць пазітыў, тое, што ўпрыгожвае жыццё, на што трэба арыентавацца, а на праблемах варта не засяроджвацца, а проста іх вырашаць.

4. «Пад’ёмныя» планую выдаткаваць на ўладкаванне жылля і атрыманне вадзіцельскіх правоў, а ў далейшым купіць машыну.

5. Калі б я была міністрам сельскай гаспадаркі, я б правяла апытанне сярод спецыялістаў галіны, узважыла ўсе «за» і «супраць», а ў далейшым прымала рашэнні.

Андрэй БАДУН, заатэхнік КСУП «Веляцін»:

1. Прызнаюся, што ніколі не думаў, што буду працаваць на ферме. Ёсць такая прымаўка: вучыцца не хочаш, то будзеш каровам хвасты круціць! Вось са мной так і атрымалася (усміхаецца). Закончыў аграрны каледж у Калінкавічах. Цяпер мне патрэбна адпрацаваць тры гады у гаспадарцы. Аднак гэта не значыць, што ў мяне адмоўнае стаўленне да абранай прафесіі. Я буду імкнуцца стаць добрым спецыялістам.

2. З калегамі пакуль, так бы мовіць, «прыціраемся». У мяне няпросты характар і я гэта ведаю. Плюс юнацкі максімалізм. Але я разумею, што з часам мае погляды будуць мяняцца. Гэты адрэзак часу – сапраўдны пачатак дарослага самастойнага жыцця. Ты ўжо не студэнт, аб якім клапоцяцца бацькі. Цяпер немагчыма пасаваць перад цяжкасцямі. Калектыў дапамагае мне набываць неабходны пералік працоўных навыкаў.

3. З аднаго боку работа падыходзіць мне па характары: ўвесь час рухаешся. У гэтай справе патрэбна ўвішнасць. Але не падабаецца графік работы.

4. Я жыву ў аграгарадку Судкова. Кожны дзень езджу на работу, на Веляцінскую ферму, на веласіпедзе. У адзін бок затрачваю паўтары гадзіны. У мяне ёсць мэта набыць уласны аўтамабіль, таму большую частку заробку планую адкладаць.

5. Цяжка сказаць, што б я змяніў… Напэўна, пастараўся б неяк нарміраваць рабочы дзень сельскіх працаўнікоў.

Канстанцін БОГУШ, загадчык мехдвара КСУП «Аравічы»:

1. Я лаеўчанін. Закончыў Буда-Кашалёўскі аграрны каледж. Да свайго прафесійнага выбару ішоў свядома. Любоў да тэхнікі ў мяне з дзяцінства. Праехацца на трактары ці камбайне было вялікім шчасцем для мяне. Гавару ад душы, што мне падабаецца работа з тэхнікай і гэта напружанасць, і гэты рух. Хаця, безумоўна, гэта ўсё не проста.

2. Спачатку, безумоўна, працаваць складана: ўсё ж практыка вельмі адрозніваецца ад тэорыі. Дзякуй старэйшым калегам – вучаць, падказваюць, дапамагаюць. Калектыў у нас на мехдвары дружны і зладжаны – сваіх у бядзе не кінуць. У гэтым я ўжо ўпэўніўся. Нездарма кажуць, што адзін у полі не воін. У гэтай гаспадарцы створана каманда вопытных тэхнічных спецыялістаў, вадзіцеляў, механізатараў. Ёсць каманда, узаемаразуменне – спадзяюся, што будзе і вынік.

3. Безумоўна, работа – гэта вялікая адказнасць. Пакуль негатыву я не знайшоў. А вось важкі плюс ёсць – нідзе столькі пазітыўнай энергетыкі не возьмеш, як на мехдвары. Мой працоўны шлях толькі пачынаецца – перада мной шырокая дарога, якая не заўсёды будзе прамой і гладкай. Будуць на ёй і павароты, будзе і каменне. Я гэта разумею, але так узнікае моцны ўнутраны стрыжань, які будзе весці наперад.

4. Гаспадарка мне прадаставіла домік у Барысаўшчыне, трэба пасяліць там утульнасць – на гэта і пойдзе частка грошай.

5. Не ведаю, але я перакананы, што многае залежыць не ад міністра. Ад усіх нас таксама. Дзяцінства ў вёсцы навучыла мяне цаніць прыгажосць як прыроды, так і ўласнага жыцця, і тых людзей, якія сустракаюцца на маім шляху.

Матэрыялы падрыхтавала Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *